Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадавіна папяровых пагадненьняў


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Сяргей Дубавец, Валер Карбалевіч, Ян Максімюк.

Ці магчымае ўсеагульнае ўрэгуляваньне ўкраінскага крызысу на падставе Менскіх пагадненьняў?


Карбалевіч: Споўніўся год Менскім пагадненьням. 11 лютага 2015 году ў Менску кіраўнікі дзяржаў «нармандзкай чацьвёркі» падпісалі пагадненьні аб ўрэгуляваньні ўкраінскага крызысу. Іх рэалізацыя павінна была завяршыцца яшчэ ў канцы мінулага году. Прайшоў год, якія вынікі?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Якраз учора, у гадавіну гэтых падзей у Менску, прайшла міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная гэтай тэме з удзелам экспэртаў з Расеі, Украіны, Францыі, Нямеччыны. Яны канстатавалі, што вынікі рэалізацыі пагадненьняў, мякка кажучы, не бліскучыя.

З аднаго боку, усе кажуць, што альтэрнатывы Менскаму працэсу сёньня няма. У выніку рэалізацыі Менскіх пагадненьняў узровень ваеннага супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны істотна зьнізіўся. Міру стала больш.

З другога боку, праз год фактычна толькі адзін з трынаццаці пунктаў пагадненьняў поўнасьцю выкананы. Гэта пункт аб стварэньні перамоўнай пляцоўкі, якая існуе і працуе ў Менску. Усе астатнія альбо зусім ня выкананыя, альбо толькі часткова. Да таго ж колькасьць абстрэлаў апошнім часам павялічваецца.

З самага пачатку было зразумела, што Менскія пагадненьні невыканальныя. На іх аснове дасягнуць усёабдымнага палітычнага ўрэгуляваньня ўкраінскага крызысу немагчыма. Толькі адзін прыклад. Як можна правесьці выбары на тэрыторыі ДНР і ЛНР па ўкраінскаму заканадаўству без кантролю Ўкраіны за гэтымі рэгіёнамі? Проста год таму ўсе лідэры, якія сабраліся ў Менску, былі зацікаўлены, каб нешта падпісаць, каб ня страціць твар.

Што рэальна можна было зрабіць, дык гэта замарозіць канфлікт паводле мадэлі Прыднястроўя ці Нагорнага Карабаху. Каля не ўдаецца адразу вырашыць канфлікт, трэба яго адкласьці, галоўнае, каб перасталі страляць. Але нават гэтага не ўдалося, бо бакі працягваюць страляць. І дасягнуць поўнага палітычнага ўрэгуляваньня сёньня нерэальна.

Ян Максімюк
Ян Максімюк

Максімюк: Менскія пагадненьні хоць ня вырашылі ўсяго, але, можна сказаць, лепш слабы мір, чым моцная вайна. Адной з першых умоваў было паўсюднае спыненьне агню. Падпісана гэта было 14-га лютага, і ён спыніўся, хаця перастрэлка трывала цягам усяго году. Потым было вывядзеньне цяжкога ўзбраеньня і стварэньне буфэрнай зоны з кожнага боку фронту. Таксама збольшага была выкананая і ўмова вызваленьня закладнікаў. Была выкананая, хоць і са скрыгатам, умова аб доступе міжнародных назіральнікаў і аказаньні гуманітарнай дапамогі. Было адразу відавочна, што ўкраінцам цягам году ня ўдасца аднавіць украінскі сувэрэнітэт над сэпаратысцкімі рэгіёнамі і кантроль над украінскай мяжой. Немагчыма было задаволіць сэпаратыстаў, якія дамагліся статусу аўтаноміі ці фэдэралізацыі, пэўнымі зьменамі ў законе Ўкраіны аб дэцэнтралізацыі. Здаецца, такі закон Украіна прыняла, але не прынялі людзі, якія кантралююць так званыя «народныя рэспублікі».

Я таксама ня веру, што Менскія пагадненьні давядуць да поўнага паразуменьня паміж бакамі, але яны за мінулы год выразна далі ўкраінцам усьвядоміць, што ў гэтым канфлікце можна разьлічваць толькі на сябе. І яны таксама ўсьвядомілі, што ім трэба мець сваю ўласную баяздольную армію, якая фактычна была разваленая яшчэ 2 гады, калі адбывалася анэксія Крыму. Зараз гэтая армія ёсьць. Гэты канфлікт хутчэй за ўсё будзе замарожаны паводле мадэлі Прыднястроўя і можа працягвацца дзесяцігодзьдзямі.

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Дубавец: У мяне такое ўражаньне, што гэтыя Менскія перамовы мелі ўскоснае дачыненьне да самой Украіны. Учора міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сказаў, што Менскія пагадненьні былі выключна своечасовымі, дазволілі ўратаваць сотні, а можа і тысячы жыцьцяў. Працягну — а можа і не ўратаваць. Адным словам, суцэльная гіпатэтыка і ніякага яснага выніку тут няма. Менскія пагадненьні былі вельмі ўдалай спэкуляцыяй афіцыйнага Менску для прыцягненьня ў Менск кіраўнікоў Нямеччыны і Францыі, якія датуль лічылі Лукашэнку нерукапаціскальным, а тут раптам яны зьяўляюцца, а ён падае ім гарбату. І мы бачым, што Беларусь зноў не ізгой у сьвеце, да нас прыяжджаюць! Гэта спэкуляцыя дазволіла зьняць тую вялікую палітычную напругу, якая існавала з часу выбараў 2010-га году. Гэта, на маю думку, асноўны вынік Менскага перамоўнага працэсу, у якім Украіна была хіба што тэмай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG