9 лютага на дарозе Глушкевічы — Мілошавічы мазырскія памежнікі ў памежнай зоне спынілі аўтамабіль Opel, якім кіраваў 38-гадовы жыхар Баранавічаў. У іншамарцы той перавозіў больш за 440 папугаяў. Паводле інфармацыі прэс-службы Памежнага камітэту, там былі амадзіны, хвалістыя папугаі, неразлучнікі, карэлы, разэлы.
Магчыма, тавар перамяшчаўся ў Беларусь незаконна. У дачыненьні да перавозчыка птушак распачата праверка.
Прэс-афіцэр Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка паведаміў Свабодзе:
«Аўтамабіль быў спынены ў памежнай зоне. У кардонных каробках знаходзілася больш за 400 птушак. Дакумэнтаў на папугаяў у яго не было, хоць яны павінны быць на кожную птушку асобна, нават не на партыю. У такіх выпадках мы перадаём жывы тавар вэтэрынарным службам па месцы затрыманьня — папугаяў перадалі ў Лельчыцкую вэтэрынарную службу. Цяпер птушкі павінны прайсьці абавязковы вэтэрынарны кантроль.
Можна сказаць, што памежнікі ўратавалі частку папугайчыкаў, бо перавозілі іх, мякка кажучы, негуманна — пры такой перавозцы звычайна гіне да траціны птушак.
Можна сказаць, што памежнікі ўратавалі частку папугайчыкаў, бо перавозілі іх, мякка кажучы, негуманна — пры такой перавозцы звычайна гіне да траціны птушак.
Паводле нашых зьвестак, птушкамі ўжо зацікавілася Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
Перавозчыка пакуль адпусьцілі, ён паабяцаў прадставіць дакумэнты на птушак. Але ён усё роўна будзе несьці адказнасьць за парушэньне памежнага, мытнага і вэтэрынарнага заканадаўства».
Галоўны вэтэрынарны ўрач Лельчыцкай вэтэрынарнай службы Канстанцін Кудласевіч запэўніў карэспандэнтку Свабоды:
«Не хвалюйцеся, птушкі ўсе жывыя, здаровыя, накормленыя. Днямі вырашыцца іх лёс. Больш ніякіх камэнтароў».
Дзе цяпер знаходзяцца папугаі, дакладна не вядома. Паводле інфармацыі адной крыніцы — у Жодзіне ў адмысловым цэнтры. Паводле іншай крыніцы, птушкі на пэўны час перададзеныя перавозчыку, які паабяцаў карміць і даглядаць папугаяў і ў хуткім часе прадставіць дакумэнты на птушак.
Начальнік аддзелу біялягічнай разнастайнасьці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ксенія Панцялей паведаміла Свабодзе, што з тых відаў, якія пералічаныя ў прэс-рэлізе Памежнага камітэту, від папугая «разэла» падпадае пад дзеяньне СІТЭС — Канвэнцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флёры, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня.
За лёс усіх птушак можаце не перажываць, іх ня зьнішчаць.
«Паводле гэтай канвэнцыі, краіны бяруць на сябе кантроль за перамяшчэньнем гэтых відаў жывёл і расьлін. У папугаяў віду разэла павінны быць сэртыфікаты на перамяшчэньне, бо яны ўключаныя ў гэты пералік.
Я не магу казаць пра ўсіх птушак, можа, там ёсьць і іншыя, якія ўключаныя ў пералік СІТЭС, бо мы іх ня бачылі і ня ведаем, хто вызначаў гэтыя віды, а па фатаграфіях Памежнага камітэту цяжка гэта вызначыць. Але будзем трымаць сытуацыю пад кантролем. Ужо зьвязаліся зь Дзяржпамежкамітэтам, чакаем дакумэнты і ад вэтэрынарных службаў. Функцыя нашага міністэрства — даць рэкамэндацыі, куды гэтых рэдкіх папугаяў лепш разьмясьціць, і мы будзем рэкамэндаваць у Менскі заапарк.
У любым выпадку, за лёс усіх птушак можаце не перажываць, іх ня зьнішчаць», — запэўніла Ксенія Панцялей зь Мінпрыроды.
Згодна зь беларускім заканадаўствам, жывыя жывёлы праходзяць мытнае і вэтэрынарнае афармленьне ў паскораным рэжыме. Бліжэйшым часам жывёлы павінны прайсьці абавязковы вэтэрынарны кантроль толькі ў дзяржаўных вэтэрынарных установах. У выпадку выяўленьня якіх-небудзь хваробаў птушкі павінны быць зьмешчаны на каранцін, а пры выяўленьні асабліва небясьпечных выпадкаў могуць быць зьнішчаныя.
У студзені 2008 году ў Беларусі падобны інцыдэнт скончыўся спальваньнем птушак. Тады невядомы перавозіў на ровары 277 папугаяў у сумках, а ўбачыўшы памежнікаў, кінуў сумкі і ўцёк. Вэтэрынарная служба Берасьцейскай мытні птушак утылізавала — з-за пагрозы птушынага грыпу. Птушак спачатку ўсыпілі, а потым спалілі.
Таму грамадзкасьць занепакоеная лёсам папугаяў. «Зялёная сетка», «Ахова птушак Беларусі» ды іншыя экалягічныя арганізацыі распаўсюдзілі зварот:
Валянтэры гатовыя ўзяць удзел у далейшым лёсе жывёл і прапануюць аддаць птушак у дзіцячыя дамы або іншыя адукацыйныя ўстановы, батанічныя сады ці нават заапаркі.
«Грамадзкасьць, актывісты зоаабарончых і экалягічных арганізацыяў заклікаюць вэтэрынарныя і мытныя службы гуманна паставіцца да птушак, якія трапілі ў бяду, правесьці іх вэтэрынарны агляд з прыцягненьнем кампэтэнтных у хваробах птушак спэцыялістаў. Просім дзяржаўныя органы дзейнічаць без залішняй перастрахоўкі і захаваць жыцьцё максымальна магчымай колькасьці птушак.
Некалькі актывістаў гатовыя аказаць валянтэрскую дапамогу ў кармленьні і доглядзе птушак на месцы і просяць даць ім такую магчымасьць.
Таксама валянтэры гатовыя ўзяць удзел у далейшым лёсе жывёл і прапануюць аддаць птушак у дзіцячыя дамы або іншыя адукацыйныя ўстановы, батанічныя сады ці нават заапаркі».