Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз запусьціў штотыднёвы «агляд дэзынфармацыі» па-расейску


Афіцыйны сайт Эўразьвязу займеў расейскамоўную вэрсію з адмысловымі рубрыкамі для расейскага чытача.

Сайт Europa.eu, афіцыйны сайт Эўрапейскага зьвязу, атрымаў расейскамоўную вэрсію. Раней у Эўропе таксама выказвалася жаданьне стварыць расейскамоўны тэлеканал і расейскамоўнае інфармагенцтва.
Паводле афіцыйнага паведамленьня пра запуск сайту, Эўразьвязу «стратэгічна важна зрабіць так, каб яго палітыка была пачутая і зразумелая тымі, хто чытае па-расейску». Ён нацэлены ня толькі на ўласна расейцаў, але і на расейскамоўных жыхароў Эўразьвязу і краінаў «Усходняга партнэрства».

Разам з расейскамоўнымі навінамі і дакумэнтамі аўтары сайту абяцаюць публікаваць штотыднёвы «агляд дэзынфармацыі» са спасылкамі на расейскія навіны і навіны розных краінаў Эўропы на розных мовах і кароткімі камэнтарамі-абвяржэньнямі.

Так, у першым аглядзе за студзень згадваюцца такія псэўданавіны:

  • Армянскія экспэрты бачаць сувязь паміж распаўсюджаньнем вірусу H1N1 і вострых рэспіраторных захворваньняў у Армэніі зь дзейнасьцю лябараторыі Рычарда Лугара ў Грузіі. Раней там распрацоўвалася біялягічная зброя і небясьпечныя экспэрымэнты ставіліся на людзях і жывёлах, — Sputnik. Доказы не прыводзіліся, — камэнтуе Эўразьвяз.
  • Уцякач штурхнуў пад цягнік 20-гадовую жанчыну, — 5-tv. ru. Гэты чалавек не ўцякачч, — Эўразьвяз са спасылкай на stopfake.org.
  • Непадалёк ад Харкава існуе сакрэтная лябараторыя, дзе ўкраінцы пры падтрымцы амэрыканцаў распрацоўваюць вірусныя інфэкцыі. Нядаўна там адбылася ўцечка вірусаў, што тлумачыць апошні ўсплёск рэспіраторных захворваньняў, — ДНР-online. Доказы не прыводзяцца, — Эўразьвяз са спасылкай на «Українську правду».
  • Вялікабрытанія пагражае «Ісламскай дзяржаве» ядзернай бомбай, — ac24.cz і іншыя чэскія сайты. Адмірал Уіл нічога не казаў пра выкарыстаньне ядзернай зброі, — Эўразьвяз са спасылкай на Express.
  • Лёндан напаўняе сьвет чуткамі пра тое, што Расея нібыта бамбіць мірнае насельніцтва Сырыі, яны ўскладаюць на Расею адказнасьць за зьбіты «Боінг» MH17, ня прыводзячы ніякіх доказаў, — Дзьмітры Кісялёў у праграме «Вести недели». Ёсьць доказы таго, што расейцы бамбяць мірнае насельніцтва Сырыі і таго, што прарасейскія сілы зьбілі «Боінг», доказаў таго, што «Лёндан распаўсюджвае чуткі», няма, — Эўразьвяз са спасылкамі на The Guardian і сайт «Нідэрляндзкая рада бясьпекі».
  • 13-гадовая дзяўчынка з расейскай сям’і была скрадзеная і згвалтаваная ў Нямеччыне, — «Воскресное время» на расейскім «Первом канале». Паўтор ужо абвергнутай непраўдзівай інфармацыі; бэрлінская паліцыя неаднаразова завярала, што дзяўчынка не была ні скрадзеная, ні згвалтаваная, — Эўразьвяз.

Агулам прыводзяцца 42 тэкставыя і відэаматэрыялы, сярод аўтараў — Lifenews, Sputnik, RT, «Известия», «Комсомольская правда», Pravda.ru і іншыя папулярныя ў Расеі сайты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG