Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі пасьля пратэсту таксістаў затрымалі двух мэнэджэраў кампаніі Uber


Як паведамляе брытанскае выданьне Guardian са спасылкай на прадстаўніцу пракуратуры Парыжу, іх затрымалі для допыту наконт «незаконнай дзейнасьці» кампаніі.

У мінулую пятніцу міністар унутраных спраў Францыі Бэрнар Казнэў заявіў, што сэрвіс UberPop павінен быць зачынены, а аўтамабілі — канфіскаваныя, калі яны працягнуць перавозіць пасажыраў. З аналягічнай заявай выступіў прэзыдэнт краіны Франсуа Алянд. Паводле яго, сэрвіс Uber павінен быць прызнаны незаконным і расфармаваны.

На мінулым тыдні ў Францыі мясцовыя таксісты пачалі актыўна пратэставаць супраць неліцэнзаваных паслугаў прыватных кіроўцаў. Гаворка ідзе ў першую чаргу аб мабільным дадатку Uber. Не падабаецца таксістам і служба VTC («турыстычны транспарт з шафёрам»), паколькі кіроўцы VTC, у адрозьненьні ад таксістаў, не абавязаныя купляць дарагія ліцэнзіі.

Кампанія Uber была створаная ў 2009 годзе, яе штаб-кватэра разьмешчаная ў Сан-Францыска. Паслугі Uber даступныя ў дзясятках гарадоў па ўсім сьвеце. Дадатак Uber дазваляе знайсьці прыватных кіроўцаў з дапамогай GPS і аплаціць іх паслугі крэдытнай карткай. Кампанія атрымлівае ад кіроўцаў камісію ў памеры 20% ад кожнага выкліку.

Паводле дадзеных кампаніі, у Францыі каля мільёна «сталых карыстальнікаў» Uber, каля 400 тысяч зь іх загрузілі мабільны дадатак UberPOP. Паездка з кіроўцам, зарэгістраваным у Uber, прыкметна таньней за паслугі таксістаў. Аднак прыватныя кіроўцы ня плацяць ані падаткаў, ані адлічэньняў у касу сацыяльнага страхаваньня. Яны таксама не праходзяць курс на 250 гадзінаў навучаньня для атрыманьня статусу прафэсійнага кіроўцы VTC.

З кастрычніка 2014 году ў Францыі дзейнічае закон, які забараняе кіроўцам, не зарэгiстраваным ў якасьці таксістаў ці «шафёраў турыстычнага транспарту», прапаноўваць платныя транспартныя паслугі, аднак таксісты лічаць дадзеныя меры недастатковымі. Кампанія Uber падала два пазовы супраць Францыі з патрабаваньнем адмяніць гэты закон.

Ад 1 студзеня 2015 году кампанія Uber прыпыніла сваю дзейнасьць у Гішпаніі пасьля таго, як мадрыдзкі суд заявіў, што яе кіроўцы ня маюць неабходнага дазволу для перавозкі пасажыраў і ствараюць нядобрасумленную канкурэнцыю. Акрамя таго, дзейнасьць сэрвісу часткова абмежаваная ў Італіі і Нідэрляндах.

У сакавіку сёлета кампанія Uber абвясьціла, што мае намер адкрыць філіял у Беларусі. Аднак праз пэўны час на сайце Uber зьніклі ўсе аб’явы аб пошуку супрацоўнікаў для менскага прадстаўніцтва. Як растлумачылі TUT. BY ў прэсавай службе Uber, кампанія была вымушаная выдаліць сьпіс вакансіяў з-за велізарнай колькасьці водгукаў. У Uber падкрэсьлілі, што яны зацікаўленыя ў прыходзе на беларускі рынак таксі-службаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG