6 лютага маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі павіншавалі аднапартыйцы яе сына.
У мястэчка Васілевічы Рэчыцкага раёну прыехалі з Гомеля сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Кацора і Васіль Палякоў. Хаця на календары зімовы месяц люты, надвор’е ў гэты дзень было цёплым, і гаспадыня сама выйшла з кіёчкам да весьнічак сустракаць гасьцей. Гамельчукі ўручылі Ўльляне Рыгораўне чырвоныя ружы з пажаданьнем доўгіх гадоў жыцьця і добрага самаадчуваньня.
Уладзімер Кацора зазначыў, што, на жаль, яны з калегам не прывезьлі Ульяне Захаранцы нейкіх новых зьвестак пра зьніклага сына, але выказаў надзею, што яна будзе мацавацца й дачакаецца таго часу, калі стане вядомая ўся праўда пра лёс і Юрыя Захаранкі, і Віктара Ганчара, і ўсіх іншых зьніклых людзей.
«Расьсьледаваньне справы Юрыя Захаранкі працягваецца таму, што ў Беларусі ёсьць неабыякавыя людзі, якія не забываюць пра зьніклых, дамагаюцца, каб праўда пра іх зьнікненьне была абнародавана. Каб не было такіх людзей, то ўлады, пэўна, даўно б закрылі гэтую справу, паколькі мінула ўжо звыш пятнаццаці гадоў. Да зьнікненьня Юрыя Зараханкі ды іншых палітыкаў, я ўпэўнены, мае дачыненьне вярхоўная ўлада. І пакуль гэтая ўлада застаецца, то людзі, якія праўду ведаюць, яе ня скажуць, і адпаведныя дакумэнты ня могуць быць раскрыты», — кажа Ўладзімер Кацора.
Ульляна Рыгораўна і яе пляменьніца Люба апавялі, што ледзь ня кожныя тры месяцы ім прыходзіць паведамленьне са Сьледчага камітэта аб тым, што расьсьледаваньне зьнікненьня Юрыя Захаранкі падоўжана. Пайшоў сямнаццаты год, а вынікаў пакуль няма.
Маці зьніклага генэрала ўсьцешана цяпер толькі адным: ёй рэгулярна тэлефануюць зь Нямеччыны ўнучкі, дочкі Юрыя, а таксама яго жонка Вольга. Яны зьехалі ў Нямеччыну, баючыся за сваё жыцьцё. Унучка Алена тэлефанавала і сёньня — віншавала і даслала да дня народзінаў пасылку з тамтэйшымі цукеркамі й каўбасамі.
Дапамагла сям’я сына Ўльляне Рыгораўне й фінансамі, калі трэба было рамантаваць дом. А сродкі на падвядзеньне прыроднага газу ў дом дапамагала зьбіраць Аб’яднаная грамадзянская партыя.
Як заўсёды, Ульляна Захаранка з пляменьніцай запрасілі гасьцей за сьвяточны стол. Ёсьць у гаспадыні і свая фірмовая страва — блінчыкі з тварагом, ад якіх ніколі ніхто не адмаўляўся. Яны былі на стале й сёньня.