Чаму ў Менск на наступным тыдні едуць прадстаўнічыя заходнія дыпляматы?
Пра што сьведчаць апошнія выказваньні беларускіх чыноўнікаў наконт неабходнасьці кантраляваць СМІ?
Ці пачнецца новая гандлёвая вайна паміж Беларусьсю і Расеяй на фоне заяваў Масквы пра шкоднасьць беларускага сыру?
Чаму ў Менск на наступным тыдні едуць прадстаўнічыя заходнія дыпляматы?
Глод: Дыпляматы высокага рангу адразу з трох эўрапейскіх краін наведаюць Беларусь 9 — 10 лютага. Аўстрыю ў Менску прадставіць генэральны сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Міхаэль Лінхарт, Вялікую Брытанію — генэральны дырэктар МЗС па палітычных пытаньнях сэр Сайман Гас, Нямеччыну — палітычны дырэктар МЗС Андрэас Міхаэліс. Калі пераводзіць гэтыя пасады на беларускія рэаліі, то яны адпавядаюць пасадзе намесьніка міністра.
Пра важнасьць гэтых візытаў найперш для беларускага боку сьведчыць такі факт — усіх трох замежных дыпляматаў будзе прымаць ня толькі намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, якая курыруе эўрапейскі кірунак, але і асабіста міністар Уладзімер Макей.
Тое, што дыпляматы з трох краін Эўразьвязу адначасова наведаюць Менск, не выпадкова, хоць сэр Гас першапачаткова зьбіраўся быць тут яшчэ ў сьнежні. Але тады візыт гэты не адбыўся і быў перанесены. Далей жа адкладаць яго няма куды. Бо 15 лютага ў Брусэлі адбудзецца паседжаньне Рады Эўразьвязу па замежных справах. Кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў краін ЭЗ будуць вырашаць, што далей рабіць з санкцыямі супраць беларускіх чыноўнікаў. 29 лютага заканчваецца тэрмін чатырохмесячнага іх прыпыненьня. Таму Брусэлю трэба вырашаць, што рабіць далей.
Цыганкоў: Я так разумею, можна зрабіць выснову, што гэтыя візыты якраз ёсьць спробай выведкі — каб даведацца, на што гатовы пайсьці афіцыйны Менск узамен на адмену санкцый і намацаць яго пазыцыю.
Глод: Так, гэта абсалютна дакладна, паколькі гэтыя дыпляматы вернуцца ў свае краіны і канешне зробяць справаздачу перад сваімі міністрамі, бо менавіта міністрам вырашаць, якое прымаць рашэньне. Яны прыедуць, каб пачуць ад Менску нейкія запэўніваньні, напрыклад, аб мараторыі на сьмяротнае пакараньне. Ужо колькі разоў Эўропа ставіла гэтае пытаньне перад Беларусьсю — дагэтуль яно не вырашанае.
Хачу нагадаць, што санкцыі Эўразьвязу прыпыненыя адносна 171 фізычнай асобы і 10 юрыдычных. Сярод іх, напрыклад, асабіста Аляксандар Лукашэнка, ягоныя сыны — Віктар і Дзьмітры, старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая публічна скарысталася гэтай магчымасьцю — пабыла ў Італіі, у Францыі, куды яна не магла дагэтуль шмат гадоў трапіць. Пад санкцыямі застаюцца толькі чатыры чалавекі: гэта Навумаў, Сівакоў, Шэйман і Паўлючэнка. Чаму менавіта яны? Таму, што Эўрапейскі Зьвяз лічыць, што менавіта яны датычныя да зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў.
Карбалевіч: Я б хацеў зьвярнуць увагу на ўзмацненьне інтэнсіўнасьці кантактаў паміж Беларусьсю і эўрапейскімі палітыкамі. Міністры прыяжджалі ў Менск, намесьнік міністра Купчына пэрыядычна наведвае Брусэль, нядаўна Менск наведвала кіраўніцтва АБСЭ. І вось новыя візыты. Гэта важныя краіны, якія будуць тут прадстаўленыя на ўзроўні намесьнікаў міністраў. Гэта Нямеччына, якая сёньня зьяўляецца галоўнай краінай у Эўрапейскім Зьвязе, Вялікая Брытанія, Аўстрыя, якая толькі нядаўна адчыніла амбасаду ў Беларусі. Я зьвярнуў увагу, як па беларускіх тэлеканалах паказвалі інтэрвію з новым амбасадарам і з радасьцю казалі, што ў краінах Балтыі Аўстрыя закрывае свае амбасады, а ў Беларусі адкрывае.
Сапраўды, думаю, Эўропа чакае ад беларускага кіраўніцтва нейкіх хаця б сымбалічных крокаў, якія б дазволілі Эўрапейскаму Зьвязу зрабіць адпаведныя крокі насустрач. То бок альбо мараторый на больш працяглы тэрмін, на год, альбо зусім санкцыі ліквідаваць. Я ведаю, што ў эўрапейскіх дыпляматаў такія настроі ёсьць. Чаго будуць патрабаваць ад афіцыйнага Менску? Думаю, што акрамя мараторыю на сьмяротнае пакараньне будуць патрабаваць больш лібэральнага правядзеньня парлямэнцкіх выбараў. А беларускі бок верагодна пойдзе на цалкам сымбалічныя крокі, таму што, зразумела, свабодных выбараў улады праводзіць не зьбіраюцца. Пра тое, што сымбалічныя жэсты будуць зробленыя, можна меркаваць па тым тоне, зь якім міністар замежных спраў Уладзімер Макей прымаў дырэктара БДІПЧ АБСЭ.
Новае стаўленьне Эўразьвязу да Беларусі зьвязанае з рознымі чыньнікамі. Тут і геапалітычная сытуацыя, канфлікт паміж Расеяй і Эўрапейскім Зьвязам, і праблемы ў самім Эўразьвязе — то бок Эўропе цяпер не да Беларусі, ну і ўрэшце пазыцыя Беларусі па ўкраінскім пытаньні спрыяе размарожваньню адносін.
Цыганкоў: Калі паглядзець на гэтую тэму ў філязофскім сэнсе — адносна Беларусі даўно існуе такі ківач: ад санкцый да пэўнай лібэралізацыі. Прынцып санкцыяў апошні раз быў прыняты пасьля падзеяў 2010 году, разгону Плошчы і жорсткага пакараньня яе ўдзельнікаў. Цяпер за 5 гадоў і пасьля пэўных геапалітычных зьменаў эўрапейцы зноў прыходзяць да высновы, што сыстэма санкцый не працуе, ці, ва ўсялякім разе, на гэтым этапе вычарпала сябе, і зноў вяртаюцца да пацяпленьня адносін, тым больш, што афіцыйны Менск з задавальненьнем робіць крокі насустрач.
Калі казаць, якое рашэньне ўсё ж будзе прынятае 15 лютага міністрамі эўрапейскіх краін, то лягічней за ўсё было б працягнуць замарозку санкцый, а ні ў якім разе іх не адмяняць. І працягнуць да канца году, то бок да заканчэньня парлямэнцкіх выбараў. Бо ў дадзены момант адмена санкцыяў разьвязала б Менску рукі, дала б карт-блянш, да таго ж незразумела, як бы той гэтым скарыстаўся.
Чаму чыноўнікі зноў кажуць пра неабходнасьць кантраляваць СМІ?
Карбалевіч: На калегіі Міністэрства Інфармацыі беларускія чыноўнікі выказалі заклапочанасьць сытуацыяй на інфармацыйнай прасторы і інфармацыйным рынку Беларусі. Міністар інфармацыі Лілія Ананіч заявіла, што электронныя сродкі масавай інфармацыі зьяўляюцца сёньня ня толькі камунікатыўным сродкам, але і галоўным інструмэнтам узьдзеяньня на грамадзтва. Яна запатрабавала супрацьдзеяньня дэструктыўнаму ўплыву на грамадзкую думку. Таксама заклікала акцэнтаваць увагу аўдыторыі на дасягненьні Беларусі па розных кірунках. Яе падтрымала віцэ-прэм’ер Беларусі Натальля Качанава. То бок задача мэдыям ставіцца ня столькі інфармаваць грамадзтва, колькі займацца прапагандай — гэта, калі перавесьці на звычайную мову.
Іх падтрымаў і рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч. Хачу нагадаць, што на «Клюбе рэдактараў» — гэта такая перадача на БТ у нядзелю — ён заявіў, што tut.by не зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі, таму Павел Дабравольскі не зьяўляецца журналістам і таму, як можна зразумець такую лёгіку, яго можна было біць. Таксама Павел Якубовіч заявіў, што інтэрнэт трэба зьвярнуць на службу грамадзтву і што будзе няправільна, калі яны не ўдасканаляць закон аб сродках масавай інфармацыі.
Цыганкоў: Як вы лічыце, сэрыя гэтых выказваньняў — гэта сымбалічная рыторыка або можна меркаваць, што за ёй стаіць падрыхтоўка нейкіх канкрэтных рашэньняў?
Карбалевіч: Найперш за гэтым стаіць лёгіка мысьленьня гэтых чыноўнікаў. Калі найвышэйшыя чыноўнікі Беларусі выказваюцца пра інтэрнэт, то яны бачаць яго не як велізарны сродак прагрэсу чалавека, а як пагрозу. Лукашэнка, калі кажа пра інтэрнэт, то не інакш, як «памыйка». Здаецца, нічога новага, дваццаць гадоў так яны казалі, але ў сьвеце сёньня новая інфармацыйная сытуацыя. Большасьць беларусаў карыстаецца інтэрнэтам. І як можна змагацца з такім акіянам? Па другое, чыноўнікі канешне ж выконваюць пэўны рытуал — бо пра што яшчэ казаць на калегіі, як не пра тое, каб дзяржаўныя мэдыі больш уплывалі на грамадзкія настроі? Ну і як больш ускладніць працу незалежных мэдыяў, як больш прыцягваць да адказнасьці — гэта вечная праблема, пра яе думаюць, увесь час выказваюцца. Наколькі гэта пяройдзе ў практычную плоскасьць — пакуль сказаць цяжка.
Глод: Гісторыя сучаснай беларускай журналістыкі з таго часу, як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, паказвае, калі абвастраецца сытуацыя вакол незалежных мэдыяў. Звычайна ёсьць два фактары, якія даюць штуршок для працэсу абвастрэньня. Першы — калі пачынаюць крытыкаваць найвышэйшых асобаў. Тут можна згадаць самы пачатак барацьбы прэзыдэнта Лукашэнкі з журналістыкай — добра вядомыя «белыя плямы», калі Сяргей Антончык у сваім дакладзе закрануў вельмі набліжаных асобаў да Лукашэнкі. А другі — калі робіцца дрэнным эканамічнае становішча.
Калегіі міністэрства інфармацыі праводзяцца дастаткова часта. Найперш, па выніках году, а пасьля раз-два на квартал. І тое, што гэтая калегія прыняла такі востры выгляд — зьвязана з тым, што робіцца цяпер у беларускай эканоміцы. Незадаволенасьць такім станам прарываецца: вы паглядзіце, як зьмяніліся адказы апытаньняў апошнім часам. Калі раней людзі казалі, што справы больш-менш, трэба больш працаваць — паўтаралі тое, што кажа Лукашэнка, то цяпер танальнасьць зусім іншая. Яны кажуць — хай чыноўнікі пажывуць на нашы грошы. Якое абурэньне вызвала тая самая Качанава, перад ёй — Тозік!
І вось цяпер дзяржаўныя мэдыі абсалютна ня маюць якойсьці станоўчай праграмы, якая магла б абгрунтаваць, што ў Беларусі ўсё добра і будзе лепей. Таму ім застаецца казаць — давайце не дамо слова тым, хто заяўляе, што будзе дрэнна і яшчэ горш.
Цыганкоў: Так, такія выказваньні — гэта рытарычныя фігуры. Трэба было яшчэ раз падкрэсьліць перад сваім начальствам, ну і перад грамадзтвам, маўляў, мы застаемся на сваіх пазыцыях, ніякага іншага стаўленьня, больш лібэральнага, ня будзе, і недзяржаўная прэса зьяўляецца для нас калі ня ворагам, то апанэнтам. Папярэджаньні, перасьлед незалежных журналістаў працягваюцца, асабліва ў рэгіёнах. Чыноўнікі такім чынам даслалі мэсыдж — ня думайце, што будзе па-іншаму.
Сапраўды, дзяржаўныя СМІ ігнаруюць эканамічны крызіс, у лепшым выпадку апісваюць яго як «ня ўсё так кепска». Няма ніякай крытыкі эканамічных рашэньняў улады. Ёсьць два падыходы — альбо ігнараваньне, альбо прыгладжваньне.
Глод: У апошнія дні зьявілася яшчэ і трэцяя тэндэнцыя — сьпісаць усё на сусьветны крызіс. Хоць крызіс найперш у тых краінах, якія былі зьвязаныя з нафтай — Расеі, Вэнэсуэле, Азербайджане.
Цыганкоў: Так, мэтады дзяржаўных СМІ засталіся тымі самымі. У некаторых людзей узьніклі спадзевы, што на фоне крызісу будуць паслабленьні да незалежных сродкаў масавай інфармацыі, прэсы, якая апісвае ўсе зьявы жыцьця. Але заявы чыноўнікаў сьцьвярджаюць, што ўсё застанецца так, як і раней.
Ці пачнецца новая гандлёвая вайна паміж Беларусьсю і Расеяй на фоне заяваў Масквы пра шкоднасьць беларускага сыру?
Цыганкоў: 4 лютага Рассяльгаснагляд заявіў, што беларускія сыры могуць выклікаць ракавыя захворваньні, таксама яны асабліва небясьпечныя пры захворваньнях сардэчна-судзіннай і страўнікава-кішачнай сыстэмаў. Прычына палягае ў істотным перавышэньні дазволенай масавай долі кансэрванту Е251 у беларускіх сырах шэрагу прадпрыемстваў.
У прыватнасьці гаворка ідзе пра прадукцыю Камянецкага сыраробнага заводу, бярэзінскага філіялу ААТ «Здравушка-мілк», браслаўскага філіялу Глыбоцкага малочна-кансэрвавага камбінату і капыльскага філіялу Слуцкага сыраробнага камбінату.
«Маецца на ўвазе, што ў нашай прадукцыі знайшлі перавышэньне нітратаў звыш дапушчальнай нормы. Але ў каўбасе дапушчальная норма, напрыклад, у 5 разоў большая, чым у сыры», — адзначыў дырэктар бярэзінскага філіялу «Здравушка-мілк», тлумачачы сутнасьць прэтэнзіяў расейскага боку.
Таксама былі прэтэнзіі з боку Расеі да беларускага мяса — нібыта знайшлі ў беларускай сьвініне ДНК курыцы. Зьявіліся прэтэнзіі да гарэлкі — што называецца, замахнуліся на сьвятое. Таксама нагадаю гісторыю з бэнзінам, калі Беларусь адмовілася пастаўляць надалей у Расею бэнзін, бо ў гэтым няма эканамічнай мэтазгоднасьці.
Ці можна сказаць, што гэта нейкія адгалоскі новай гандлёвай вайны?
Я думаю, так. Рэч у тым, што ў момант крызісу (а Расея і Беларусь відавочна знаходзяцца ў крызісе) абвастраецца эканамічны эгаізм. Адбываецца адміраньне тых эканамічных сувязяў, якія маюць ня толькі эканамічную, але і палітычную абгрунтаванасьць. Не сакрэт, што многія беларускія эканамічныя сувязі з Расеяй маюць і такія падставы. Людзі ў крызіс адмаўляюцца ад таго, без чаго могуць пражыць. Магчыма, многія беларускія тавары і цэлыя гандлёвыя накірункі ў Расеі могуць стаць ахвярай такога падыходу.
Глод: Трэба глядзець з эканамічнага падмурку, а ён такі: і Расея, і Беларусь укладаюць у сельскую гаспадарку вялікія грошы. Сюды я б яшчэ дадаў Казахстан, бо гэты крызіс закрануў ня толькі Беларусь і Расею, але і ўжо падбіраецца да Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Датацыі розныя па сваіх памерах. На адной з прэсавых канфэрэнцый амбасадар Сурыкаў казаў, што сельская гаспадарка ў згаданых краінах ня будзе разьвівацца інтэнсіўна да той пары, пакуль не адмовіцца ад датацыяў назаўжды (праўда, Сурыкаў праз зубы гэта казаў, бо сам былы губэрнатар і ведае, што ў Расеі гэта немагчыма), альбо пакуль укладаньні ў сельскую гаспадарку ў трох краінах ня будуць аднолькавыя.
А Беларусь укладае проста астранамічныя грошы ў сельскую гаспадарку. Я падняў свой матэрыял за 30 кастрычніка 2015 году. У гэты дзень было супольнае паседжаньне Палаты Прадстаўнікоў і Верхняй палаты — Савету Рэспублікі. Тады Міхаіл Мясьніковіч назваў лічбу, якая вельмі ўразіла ўсіх. Ён сказаў, што за апошнюю пяцігодку ў аграрны комплекс Беларусі ўкладзена 43,8 мільярда даляраў. Гэта больш за 8 мільярдаў штогод. Эканаміст Злотнікаў, калі яго пытаюць пра сельскую гаспадарку, мае адзін традыцыйны адказ: калі б гэтыя мільярды не ўкладаць, а проста купіць ежы за мяжой, то што б сёньня елі беларусы? Кожны беларус еў бы чорную ікру, намазваючы яе на амэрыканскі хлеб з новазэляндзкім маслам.
Цыганкоў: Часта мы бачым, калі ў краме ёсьць беларускія і замежныя памідоры, беларускія заўсёды даражэйшыя.
Глод: Так, дык вось чаму Расея так хвалюецца і вядзе такія войны? Не таму, што сапраўды беларускія прадукты няякасныя. Яны могуць быць той самай якасьці, што і расейскія, але ў Расеі яны таньнейшыя, і таму, што беларуская дзяржава ўкладае больш грошай, чым расейская. Калі расейцы бачаць, што яны не вытрымліваюць канкурэнцыі, тады і ўступае цяжкая артылерыя.
Карбалевіч: Я думаю, што да вайны справа ня дойдзе, але гандлёвы канфлікт разьвіваецца. Але ў беларуска-расейскіх дачыненьнях канфлікты — не выключэньне, а норма. Не магу выключаць, што зь якасьцю ў беларускіх тавараў ёсьць праблемы. Дзіўна тое, што ўжо існуе Эўразійскі эканамічны саюз, але дасюль няма агульнага рэглямэнту. Ці ён ёсьць, але не выконваецца, таму бакі пераправяраюць прадукцыю на якасьць?
Я думаю, што маштаб канфлікту рэзка павялічыўся, калі празь Беларусь пачала ісьці кантрабанда харчаваньня з Эўропы. Тут узьнікае большая праблема. Калі адзін з чальцоў мытнага зьвязу ўводзіць эксклюзіўны гандлёвы рэжым зь нейкай трэцяй краінай, узьнікае пытаньне, што гэта за мытны зьвяз? А Расея менавіта так і робіць. Спачатку яна ўвяла эмбарга супраць харчаваньня з Эўразьвязу, потым супраць Турэччыны, а цяпер супраць Украіны. І абсалютна зразумела, што паколькі паміж Расеяй і Беларусьсю няма мяжы, то кантрабанда проста непазьбежная, па-іншаму быць ня можа. Ясна, гэта не падабаецца Расеі, і яна таму прыдумляе штучныя праблемы, каб неяк пакараць Беларусь. Пакуль гэтая сытуацыя будзе захоўвацца, канфлікты непазьбежныя.