Былы прэзыдэнт Грузіі, цяперашні старшыня Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Міхаіл Саакашвілі ў інтэрвію часопісу «Большой» назваў беларусаў народам, «народжаным для свабоды», і распавёў, за што ўдзячны Аляксандру Лукашэнку.
«У Беларусі вялікая гістарычная спадчына. У першую чаргу гэта выдатны народ: разумны, вельмі адукаваны, вельмі ветлівы. З усіх постсавецкіх народаў беларусы — асаблівыя. Па ўзроўні зносін і па ўзроўні разьвіцьця гэта лепшыя эўрапейцы з усёй постсавецкай прасторы. Вы вельмі прыемныя. Я гэта кажу са свайго досьведу зносін, проста я дрэннага беларуса не сустракаў. Таму лічу: у беларусаў велізарная, ашаламляльная пэрспэктыва. Калі я жыў у Амэрыцы, назіраў, як многія постсавецкія грамадзяне прыяжджаюць і ўладкоўваюцца дворнікамі, бэбісытэрамі, афіцыянтамі і далей не ідуць. Беларусы прыяжджаюць — і праз год-два становяцца элітай гэтага грамадзтва. Яны працуюць у IT, буйных інжынэрных кампаніях — адным словам, становяцца белымі каўнерыкамі. Іх узровень дазваляе ім хутка катапультавацца.
Яшчэ калі я сядзеў дзесьці ў Батумі за сталом, адразу адзначаў для сябе: калі чалавек гаворыць па-расейску, але ветліва сябе паводзіць, мякка ўсьміхаецца — гэта беларус», — сказаў ён.
Паводле ягоных слоў, беларусы — народ, народжаны для свабоды.
«Не сумнявайцеся, бо любыя цяжкасьці ў дадзеным выпадку часовыя. Я значна больш аптымістычна стаўлюся да будучыні Беларусі, чым Расеі», — дадаў ён.
Саакашвілі заявіў, што для Грузіі вельмі важна, што Аляксандар Лукашэнка не прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію.
«Пры ўсім націску на яго Лукашэнка сказаў пэўнае „не“. У мяне ёсьць свой спэцыфічны досьвед, і для мяне пытаньне аб прызнаньні было галоўным пытаньнем. Са свабодай яно зьвязанае самым непасрэдным чынам, таму што гэта наш сумесны досьвед барацьбы з імпэрыяй», — лічыць экс-прэзыдэнт Грузіі.
«Гісторыя будзе ацэньваць усіх нас па-рознаму, але такія рэчы ў гісторыі застаюцца. Таго, што ён (Лукашэнка. — РС) зрабіў для Грузіі, я ніколі не забуду. Пуцін дагэтуль упэўнены, што Лукашэнка дамовіўся з амэрыканцамі. Нічога падобнага не было. Амэрыканцы мне тады сказалі — бессэнсоўна гаварыць зь ім.
Ёсьць у кожным беларусе, у тым ліку ў вашым прэзыдэнце, які традыцыйна лічыцца антызаходнім, гэты стрыжань», — лічыць Саакашвілі.
Цалкам інтэрвію чытайце на сайце bolshoi.by.