Парэшткі 511 дзяцей, жанчын і мужчын, вязьняў мясцовай перасыльнай турмы ў Львове, знайшлі выпадкова — на тэрыторыі аднаго з садовых каапэратываў на ўскрайку гораду. Два гады таму ўладальнік аднаго ўчастку вырашыў будаваць дом. Выкапаў яму пад падмурак і ўжо зьбіраўся заліваць бэтон, але экскаватар зачапіў чалавечыя косьці.
Ўвесь участак пад пасёлкам аказаўся месцам масавага пахаваньня. У кожнай з вялікіх скрынь пашукавікі знайшлі парэшткі адразу некалькіх чалавек — і дарослых, і дзяцей. Удалося вызначыць, што сярод целаў ёсьць манашкі і сьвятар. Колькасьць дзіцячых шкілетаў таксама ўразіла: 67 немаўлят.
Гісторыкі мяркуюць, што пахаваньні на могілках былі зробленыя пасьля 1944 году, калі ў горад прыйшла савецкая армія. Першае, што зрабіла новая ўлада — стварыла ў горадзе перасыльным турму на тэрыторыі, дзе раней нацысты арганізавалі габрэйскае гета. Адразу за плотам турмы была чыгунка, якой прывозілі асуджаных з усёй Заходняй Украіны. Спачатку — ваеннапалонных, потым — палітычных.
Менавіта памерлых вязьняў «перасылкі», лічаць гісторыкі, хавалі на засакрэчаных могілках. Амаль сем дзясяткаў дзіцячых целаў яны тлумачаць штучнымі родамі, якія ў турэмным шпіталі стымулявалі ў цяжарных жанчын перад доўгай дарогай. Але дакумэнтальнай інфармацыі пра турму і яе вязьняў пакуль знайсьці не ўдалося.