Крымінальныя справы былых топ-мэнэджэраў хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Уладзімера Беражкова і Максіма Суботкіна перададзеныя для азнаямленьня ў пракуратуру перад накіраваньнем у суд. Тым часам Уладзімер Беражкоў і Максім Суботкін кампэнсавалі нанесеныя страты на суму больш як 3 мільярды рублёў і зьвярнуліся з хадайніцтвам аб вызваленьні іх ад крымінальнай адказнасьці. Пра гэта паведамілі ў Сьледчым камітэце Беларусі.
Паводле сьледчых, хакейным функцыянэрам былі выстаўленыя канчатковыя абвінавачаньні. Былы гендырэктар «Дынама-Менск» Максім Суботкін абвінавачаны ў злоўжываньні ўладай і перавышэньні ўлады з нанясеньнем стратаў у вялікім памеры, а былы генэральны мэнэджэр хакейнага клюбу абвінавачаны ў злоўжываньні ўладай і крадзяжы праз злоўжываньні. Ці прызналі абвінавачаныя сваю віну? Колькі грошай кампэнсаваў Уладзімер Беражкоў, а колькі Максім Суботкін?
Знаёмы Ўладзімера Беражкова Мікалай Н., які зь ім лістуецца, мяркуе, што той прызнаў віну ў пэўных дзеяньнях, але ня з мэтай узбагачэньня.
«І раней нам было вядома, што Ўладзімер не прызнае сябе вінаватым — у тым сэнсе, што ня браў ён сабе грошай, пра якія кажа сьледзтва. Мяркую, гэта і засталося. Але прызнаў, відаць, што дзейнічаў у абыход закону, каб выконваць свае абавязкі перад хакеістамі. Ведаю, што ў памер стратаў, якія ён нанёс паводле сьледзтва, дадалі падаткі, бо тыя грошы з карткі, якія ён здымаў, афармляліся як заробак. Такім чынам, больш за мільярд яму інкрымінавалі і яшчэ падаткі, і ён усё сплаціў.
Калі Беражкоў і Суботкін падалі хадайніцтвы аб вызваленьні іх ад крымінальнай адказнасьці, гэта значыць, што яны спадзяюцца на пэўнае рашэньне зьверху.
Але колькі з агульных 3 мільярдаў сплаціў Беражкоў, а колькі Суботкін — ня ведаю. У судзе гэта стане вядома, хоць лепш бы да суду не дайшло. Калі Беражкоў і Суботкін падалі хадайніцтвы аб вызваленьні іх ад крымінальнай адказнасьці, гэта значыць, што яны спадзяюцца на пэўнае рашэньне зьверху. Цяпер, пасьля зьменаў у Крымінальны кодэкс, паводле 88 артыкула такое магчыма, калі ты супрацоўнічаў са сьледзтвам і кампэнсаваў страты. Яны гэта ўсё зрабілі.
Яшчэ трэба ўлічваць складанае становішча клюба ў турніры КХЛ. Тут таксама, можна спадзявацца, прычыны, чаму варта спыніць крымінальны перасьлед. Ранейшы тэрмін утрыманьня Беражкова пад вартай дзейнічае да 13 лютага. Мяркую, да таго часу павінна быць станоўчае рашэньне адносна ягонага хадайніцтва. Альбо, калі ня будзе такога рашэньня, дык справа пойдзе ў суд».
Паводле крыніцы, Уладзімера Беражкова на «Валадарцы» ў студзені зьмясьцілі ў іншую камэру, на ўмовы ўтрыманьня ён ня скардзіцца.