Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар «Прессбола»: Адзначаць юбілей газэты з фаервэркамі і фанфарамі сёньня не выпадае


25-гадовы юбілей адзначае адно з самых папулярных выданьняў Беларусі — газэта «Прессбол». Аднак сёлетняе сьвяткаваньне азмрочанае арыштам Уладзімера Беражкова, які без малога два дзясяткі гадоў узначальваў рэдакцыю.

Першы нумар спартовай газэты «Прессбол» трапіў у рукі чытачоў 16 студзеня 1991 году, падпісаў яго ў тыраж адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар Аляксандар Барысевіч. Сёньня прызнаецца, што асабіста ў яго фізычнай і маральнай моцы, каб раскручваць новую для мэдыйнага рынку справу, хапіла толькі на пяць гадоў, і не хавае захапленьня ад таго, як пасьпяхова ўсё паставіў на паток ягоны наступнік — Уладзімер Беражкоў:

Асноўнае зрабіў, канечне, Валодзя Беражкоў. Нават не ўяўляю, як ён гэты тэрмін вытрымаў, бо трэба мець ня толькі здароўе і мужнасьць, а ўвогуле нешта асаблівае ў душы, каб з усім справіцца.

«Я пяць першых гадоў задаў рух, асноўнае зрабіў, канечне, Валодзя Беражкоў. Нават не ўяўляю, як ён гэты тэрмін вытрымаў, бо трэба мець ня толькі здароўе і мужнасьць, а ўвогуле нешта асаблівае ў душы, каб з усім справіцца. Выключны малайчына, што цягнуў гэта на сабе 20 гадоў. Я, напэўна, памёр бы гады праз тры, каб працягваў. Быў такі Аляксей Раковіч, намесьнік дэкана журфаку. Ішоў прыкладна чацьвёрты год майго кіраўніцтва газэтай. Ён прыйшоў, паглядзеў мне ў вочы і выдаў: „Саша, ты з такімі тэмпамі хутка памрэш“. Сказаў, проста пабачыўшы, у якім фізычным і эмацыйным стане я быў. І я таксама, гледзячы на сябе ў люстэрка, разумеў: хутка наступіць канец. Цяжкая, проста ненармальная праца. Потым два гады я проста радаваўся, што сышоў, быў у захапленьні ад таго, што, аказваецца, ёсьць іншае жыцьцё. Аж скуголіў ад радасьці».

Уладзімер Беражкоў заступіў на рэдактарскую пасаду ў 1995 годзе і кіраваў калектывам да красавіка 2014-га. Вакантнае месца ля руля «Прессбола» заняў Сяргей Кайко — аднагалосна рашэньнем сходу заснавальнікаў ААТ «Прессбол-91».

Уладзімер Беражкоў
Уладзімер Беражкоў

Сам Беражкоў зьмяніў род дзейнасьці, увайшоўшы ў назіральную раду хакейнага клюбу «Дынама» (Менск). У свой час ён сур’ёзна займаўся хакеем, але зрабіць кар’еру перашкодзілі траўмы. Тым ня меней захапленьне нікуды ня зьнікла, і цягам васьмі гадоў Беражкоў быў віцэ-прэзыдэнтам Беларускай фэдэрацыі хакею. Пасьля таго як менскае «Дынама» прапісалася ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе, «Прессбол» стаў зацятым крытыкам непрафэсійнай стратэгіі дынамаўскага мэнэджмэнту, што ледзь не завяршылася судовым працэсам. З чарговай пэртурбацыяй у кіраўніцтве «Дынама» Беражкова ня толькі «амніставалі», а запрасілі рэалізаваць уласную канцэпцыю разьвіцьця каманды, скіраваную найперш на празрыстасьць дынамаўскага бюджэту. Неўзабаве яго ўключылі ў праўленьне Кантынэнтальнай хакейнай лігі.

Летась у жніўні тысячы спартовых адмыслоўцаў і заўзятараў сталі сьведкамі таго, як на аднаго з самых аўтарытэтных спартовых журналістаў і мэнэджэраў завялі крымінальную справу... за злоўжываньне службовым становішчам. Як кажа Сяргей Кайко, менавіта з гэтай прычыны знакавы юбілей вырашана не адзначаць, замест гэтага прэсболаўцы згулялі таварыскі гандбольны матч:

Пэўна, гэта першы юбілей „Прессбола“, які адбываецца на фоне такой вось нядобрай сытуацыі.

«Пэўна, гэта першы юбілей „Прессбола“, які адбываецца на фоне такой вось нядобрай сытуацыі. Таму, з улікам абставінаў, якія азмрочваюць сьвята і якія мы ня можам выкінуць з галавы, добра падумалі і прыйшлі да высновы, што трэба ў гэты дзень быць у спорце, у гульні, у барацьбе, не хавацца. Вырашылі згуляць у гандбол. Згулялі са зборнай журналістаў — перамаглі, бо было важна менавіта перамагчы. Уласна кажучы, гэта галоўнае на той дзень».

Карэспандэнт: «Іншымі словамі, першы юбілей без фанфараў і фаервэркаў?».

«Так, адзначаць юбілей „Прессбола“ з фаервэркамі сёньня не выпадае. Застаецца толькі спадзявацца, што ўсё вернецца ў сваё рэчышча і наступным разам ужо нічога ня будзе стрымліваць. Усё ж зразумела: Беражкоў — адзін з заснавальнікаў газэты, амаль 20 гадоў яе ўзначальваў. Таму, у прынцыпе, гулялі ў суботу ў тым ліку і за Пятровіча. Сяброўская, таварыская сустрэча — тым ня меней вельмі хацелі перамагчы. Дзеля яго».

Для шэрагу пачаткоўцаў «Прессбол» стаў сапраўдным трамплінам у будучае жыцьцё. Мікалай Карповіч адпрацаваў у газэце шэсьць гадоў і канстатуе, што менавіта Ўладзімер Беражкоў ды прэсболаўскія вэтэраны заклалі ў яго сутнасьць прафэсіі спартовага журналіста. Цяпер Мікалай — намесьнік кіраўнічага дырэктара расейскай Вышэйшай хакейнай лігі:

Магу толькі верыць, што хутка ён вернецца ў сям’ю, у тым ліку ў вялікую і дружную сям’ю „Прессбола“...

«25 гадоў адзначае галоўны спартовы рупар Беларусі — „Прессбол“. Раней гэта было проста любімае выданьне, аўтары якога ў той ці іншай ступені фармавалі асабістае стаўленьне да працэсаў у індустрыі спорту. Цяпер „ПБ“ для мяне — гэта яго супрацоўнікі, былыя і цяперашнія, побач зь якімі плянаваліся і вярсталіся нумары, вычытваліся і затрымліваліся да здачы, пісаліся ў апошні момант матэрыялы. І ўсё добра ў гэтай даце, акрамя аднаго: у мой першы прэсболаўскі юбілей — у студзені 2006-га — галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў „аформіў“ бакал віна і сказаў: „Калян, усё будзе, галоўнае — заставайся верны сабе“. Сёньня я яму шмат што сказаў бы ў адказ, але з пэўных прычынаў не магу. Магу толькі верыць, што хутка ён вернецца ў сям’ю, у тым ліку ў вялікую і дружную сям’ю „Прессбола“...»

У Расеі працуе і іншы экс-прэсболавец Мікалай Цынкевіч. Сёньня ён задзейнічаны ў сыстэме баскетбольнага клюбу ЦСКА і шкадуе, што не атрымалася быць з калегамі ў дзень нараджэньня газэты:

Як горка, што цяпер яму даводзіцца праходзіць праз такое...

«Менавіта тут, нечакана для сябе, родных і сяброў, я стаў спартовым журналістам, кінуўшы дзеля гэтага асьпірантуру дый увогуле матэматыку. І ніводнага разу не пашкадаваў. У газэту мяне прывёў Яўген Чэжэгаў, сапраўдным сяброўствам падтрымаў Вова Бычэк, вучыў Сяргей Новікаў. У мяне паверыў Уладзімер Беражкоў, які прыслухоўваўся да „нахабных“ выступаў навічка на плянэрках і ў выніку камандзіраваў на дзьве Алімпіяды. Як горка, што цяпер яму даводзіцца праходзіць праз такое... Побач былі цудоўныя Аляксандар Дабрыян, Уладзімер Пірог, Сяргей Кайко, Лена Стрэх, Дзьмітры Беленькі, Сяргей Дашкевіч, Барыс Тасман, Сьвета Парамыгіна, Косьця Лабандзіеўскі, Саня Стадуб і ўсе-ўсе-ўсе. І хай я ня ў Менску, але ўсё роўна з вамі, сябры. Жыве „Прессбол“!»

Сёньня «Прессбол» трапляе да чытачоў дзякуючы намаганьням 25 прафэсійных і высокакваліфікаваных журналістаў. І хоць новыя тэхналёгіі — перадусім інтэрнэт — ускладнілі існаваньне папяровых выданьняў і пра ранейшыя наклады застаецца толькі ўспамінаць, газэта па-ранейшаму застаецца асноўнай крыніцай інфармацыі для заўзятараў і спартовых функцыянэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG