Былыя топ-мэнэджэры хакейнага клюбу «Дынама-Мінск» Уладзімер Беражкоў і Максім Суботкін, якіх падазраюць у прысабечваньні грошай клюбу праз службовыя злоўжываньні, у менскім СІЗА пачалі знаёміцца з матэрыяламі аб’яднанай крымінальнай справы.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў знаёмы Ўладзімера Беражкова. Некалькі месяцаў ён ліставаўся з хакейным чыноўнікам пасьля арышту таго ў жніўні, але апошнім часам перапіска спынілася.
Некаторыя лічаць, што не хапала доказнай базы на Ўладзімера, таму і аб’ядналі. І для сьледзтва гэтак зручней, бо тады магчыма разглядаць злачынства як зробленае ў групе асобаў, а гэта большая адказнасьць.
«Ведаю, што ён чытае справу, тыдзень таму сваякі казалі, што ледзь не палову ўжо прачытаў. Але ж справы аб’ядналі, ягоную і справу Максіма Суботкіна. Чаму? Некаторыя лічаць, што не хапала доказнай базы на Ўладзімера, таму і аб’ядналі. І для сьледзтва гэтак зручней, бо тады магчыма разглядаць злачынства як зробленае ў групе асобаў, а гэта большая адказнасьць. Таму чытаюць усе тамы, з абедзьвюх спраў. А Суботкін, паводле зьвестак, вельмі павольна чытае, перапісвае кожны том. Тамоў у справе шмат, больш за 20, нібыта ажно 22».
Былому выканаўцу абавязкаў генэральнага дырэктара клюбу Ўладзімеру Беражкову адразу пасьля арышту ў жніўні 2015 году інкрымінавалі нанясеньне стратаў клюбу ў 45 мільёнаў рублёў, а пазьней павялічылі памер нібыта нанесеных стратаў да мільярда рублёў. У канцы 2015 году старэйшы сын Уладзімера Беражкова Мікіта казаў журналістам, што ягоны бацька не прызнае сябе вінаватым, а сьледзтва чыніць на яго псыхалягічны ціск.
Паводле крыніцы, зь якой карэспандэнт Свабоды размаўляў, на гэты момант Уладзімер Беражкоў пакрыў страты ў памеры, які вызначыла сьледзтва, — мільярд рублёў. Паводле крыніцы, Беражкоў мусіў зьняць з асабістага рахунку грошы, атрыманыя раней ад продажу ўласнай кватэры. Гэта, аднак, не дапамагло Беражкову выйсьці на волю пад падпіску аб нявыезьдзе. Меру стрыманьня для яго сьледзтва пакінула бязь зьмены — пад вартай. Па зьвестках сваякоў Максіма Суботкіна, той таксама пагадзіўся кампэнсаваць вызначаныя сьледзтвам страты, але таксама не атрымаў вызваленьня з-пад варты.
Былога гендырэктара «Дынама-Мінск» Максіма Суботкіна арыштавалі ў ліпені 2015 году паводле абвінавачаньня ў злоўжываньні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. Паводле праваахоўнікаў, Максім Суботкін заснаваў прадпрыемства «Маркетынг ХК „Дынама“», у якім штомесяц атрымліваў заробак 45 мільёнаў рублёў, а да таго ж незаконна атрымаў праз гэтае прадпрыемства 400 мільёнаў рублёў.
Што вядома пра настрой і здароўе Ўладзімера Беражкова ў СІЗА?
«Калі тыдзень таму зь ім сустракаліся малодшы сын з бабуляй, дык выглядаў бадзёра і на здароўе ня скардзіўся. Ва ўсякім разе, гэтак імкнуўся паказаць, што ўсё нармальна. А як там на самой справе? Можа, ён мабілізаваўся, каб выглядаць добра і не засмуціць сына, не засмуціць сваю маці. А насамрэч — хто ведае».
У Сьледчым камітэце Беларусі пацьвердзілі, што справы Ўладзімера Беражкова і Максіма Суботкіна аб’яднаныя ў адну вытворчасьць і што цяпер абвінавачаныя знаёмяцца з матэрыяламі, якія сьледчыя падрыхтавалі для накіраваньня ў суд.