Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрабаваньні сэпаратыстаў — па-за межамі блёку бясьпекі, — Бясьсьмертны


Прадстаўнік Украіны ў працоўнай падгрупе па палітычных пытаньнях Трохбаковай кантактнай групы, былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што крызіс перамоваў будзе цягнуцца да таго часу, пакуль бакі не пачнуць выконваць пункты менскіх дамоўленасьцяў, зьвязаныя зь бясьпекай.

Што да патрабаваньняў прадстаўнікоў Расеі, «ДНР» і «ЛНР» даць квоты акупаваным тэрыторыям у Вярхоўнай Радзе, амніставаць усіх арыштаваных баевікоў і даць поўную самастойнасьць «рэгіёну Данбас», то дыплямат перакананы — іх разгляд можа адбыцца толькі пасьля поўнага спыненьня агню.

Апошняе пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы адбылося 27 студзеня, яму папярэднічала праца ўсіх 4 працоўных падгрупаў — па палітычных, эканамічных, гуманітарных пытаньнях і пытаньнях бясьпекі. Ніякіх дамоўленасьцяў зноў дасягнуць не ўдалося, прычым па танальнасьці выказваньняў удзельнікаў перамоваў, у тым ліку прадстаўніка АБСЭ Марціна Сайдзіка, можна меркаваць, што перамовы, якія 2 тыдні таму паказвалі мінімальны прагрэс, пакуль зайшлі ў тупік.

«Казаць пра тупік перамоваў — значыць браць на сябе зашмат адказнасьці. Але тое, што там складаная сытуацыя, — гэта відавочна», — сказаў Свабодзе Раман Бясьсьмертны. — Калі прааналізаваць сытуацыю, то на сёньня ўвесь блёк бясьпекавых пытаньняў, зьвязаных з выкананьнем першага і другога пратаколаў — спыненьне агню, адвядзеньне войскаў і цяжкага ўзбраеньня ад лініі разьмежаваньня — ня выкананы. А тое, што нібыта выконваецца, выконваецца вельмі кепска, зь вялікімі парушэньнямі. Ёсьць вялікія пытаньні па допуску да аб’ектаў захоўваньня тэхнікі прадстаўнікоў АБСЭ, па маніторынгу тэрыторыяў. Зразумела, што бясьпекавы складнік, які так кепска выконваецца, адразу дае нэгатыўныя імпульсы на дыялёгі па ўсіх групах — эканамічнай, гуманітарнай і асабліва палітычнай».

Дыплямат лічыць, што перад тым як спадзявацца на пазытыўныя зьмяненьні ў палітычнай падгрупе, трэба выканаць умовы бясьпекі — прыпыніць страляніну і дысцыплінавана выконваць пратаколы.

«Тады можна будзе гаварыць пра нейкую пазытыўную дынаміку. Тое, што гэта магчыма, прадэманстраваў верасень і кастрычнік, калі колькасьць абстрэлаў была мінімальная. Цяпер сытуацыя выглядае так: на лініі разьмежаваньня ў Луганскай вобласьці сытуацыя больш-менш стабільная, але ў Данецкай вобласьці пра стабільнасьць гаварыць не выпадае — там ідуць баі.

Комплекс захадаў прадугледжвае першаснае выкананьне пытаньняў бясьпекі. Палітычныя пытаньні — пасьля. Таму патрабаваньні Расеі і прадстаўнікоў „ДНР“ і „ЛНР“ унесьці зьмены ў Канстытуцыю, даць квоты ў Вярхоўнай Радзе і іншыя — па-за межамі комплексу бясьпекі. А на сёньня ключавая праблема — разьвязаньне бясьпекавага фактару».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG