Адміністрацыя капыльскай школы № 2 папрасіла 10-клясьніка прыбраць герб «Пагоня», бел-чырвона-белы сьцяг і карыкатуры на Лукашэнку, якія той разьмясьціў на сваёй старонцы «Ўкантакце».
Хлопец лічыць, што яму пагражаюць і што яго сям’ю могуць паставіць на ўлік як такую, што знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы.
Алег Занкевіч — вучань 10-й клясы сярэдняй школы № 2 горада Капыля. Будучы непаўналетнім, ён лічыць, што старонка «Ўкантакце» — адзіны для яго спосаб выяўленьня грамадзянскай пазыцыі.
«На сваёй старонцы „Ўкантакце“ я выклаў выяву герба „Пагоня“, бел-чырвона-белага сьцяга, а таксама фатаздымкі мітынгу БНФ. Таксама былі карыкатуры на Аляксандра Рыгоравіча. Але на ўсіх выявах былі пазнакі, зь якога сайта яны ўзятыя, я фактычна перадрукаваў інфармацыю, якая і так ёсьць у інтэрнэце. Таму я лічу, што ў юрыдычным сэнсе ўсе прэтэнзіі да зьместу гэтых выяваў павінны быць накіраваныя на гэтыя сайты».
Непрыемнасьці ў Алега пачаліся пасьля таго, як выкладчыца ангельскай мовы Тацяна Мароз заўважыла на яго старонцы герб «Пагоню»:
«Яна проста на ўроку стала на мяне сварыцца і загадала прыбраць герб. Я адказаў, што я нічога не парушаю і што гэта маё права — ставіць на старонку тое, што я хачу. На гэта яна сказала, што калі я не супакоюся, то пайду ўсьлед за сваёй бабуляй. Бабуля мая з 2000 па 2003 была актывісткай апазыцыі, але ў яе пачаліся праблемы, і яна была вымушаная зьехаць за мяжу».
Алег Занкевіч кажа, што адміністрацыя школы цісьне на яго, што пагражаюць паставіць сям’ю на ўлік як такую, што знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы:
«Дырэктар казаў, што я нікуды не паступлю, што ў мяне будуць праблемы. Калі мяне выклікалі да дырэктара, то на паседжаньні большасьць маўчала, нават была спалоханая, ніхто не выступаў. „Гналі хвалю“ толькі дырэктар і выкладчыца ангельскай мовы. На паседжаньні прысутнічаў супрацоўнік міліцыі, які казаў, што я нібыта парушыў нейкі закон. Калі я папрасіў назваць канкрэтны артыкул, які я парушыў, усе маўчалі. У чымсьці абвінавачваюць, але ніякай канкрэтыкі не даюць. Яшчэ Тацяна Мароз казала, што ў мяне ёсьць уплывовы сябра зь Нямеччыны і што я хаджу на мітынгі БНФ, а пасьля хвалюся гэтым. Я лічу, што хлусіць — гэта няварта выкладчыка».
Хлопец ня ведае, што будзе адбывацца далей, але клясны кіраўнік яго папярэдзіў, што дырэктар зрабіў запыт характарыстыкі.
«Таксама дырэктар сказаў, што будзе кансультавацца зь юрыстамі што да фатаздымкаў мітынгаў БНФ, якія разьмешчаныя на маёй старонцы. Я думаю, што нешта рыхтуецца супраць мяне».
Алег Занкевіч адзначыў, што наконт вучобы да яго не павінна быць прэтэнзіяў:
«Я вучуся дастаткова добра. Адзінае, у мяне не атрымліваецца ангельская мова. Але па гісторыі толькі дзявяткі. Біялёгія, фізыка, хімія — усё гэта добра ідзе».
Дырэктар школы Дзьмітры Рамановіч бачыць сытуацыю па-іншаму, кажа, што вучня папрасілі прыбраць карыкатуры на прэзыдэнта Беларусі, якія той перадрукаваў з розных рэсурсаў, у тым ліку з сайта udf.by:
«На яго старонцы разьмешчаная інфармацыя, якая абражае годнасьць іншага чалавека. Я папрасіў Алега прыбраць гэтую інфармацыю. Да „Пагоні“ я стаўлюся абсалютна раўнадушна і адэкватна. Я лічу яе гістарычным фактам. На мяне „Пагоня“ ня дзейнічае як чырвоная ануча на быка. А тое, што ён на сваёй старонцы абразіў іншага чалавека, гэта кепска, я папрасіў гэта прыбраць. Таксама я папрасіў не рабіць рассылку розных відэаролікаў настаўнікам нашай школы».
У школе сапраўды было праведзена паседжаньне з удзелам вучня-«апазыцыянэра». Але дырэктар адмаўляе, што там гучалі словы пра «сацыяльна небясьпечны» статус сям’і навучэнца:
«Ёсьць крытэры пастаноўкі сацыяльна небясьпечнага становішча. Я як дырэктар добра іх ведаю. Пакуль што Алег не падпадае пад ніводзін зь іх. Пра СНС казала яго маці — маўляў, паставяць, не паставяць. На што я канкрэтна адказаў — ваш выпадак не адносіцца да сацыяльна небясьпечнага становішча. Але маё патрабаваньне будзе нязьменным — законнае яно ці незаконнае — прыбраць абразу са старонкі. Яшчэ раз скажу, што да „Пагоні“ і бел-чырвона-белага сьцяга я стаўлюся як да гістарычных фактаў. І за іх разьмяшчэньне яму нічога не было. Гэта гісторыя. Алег у нас удзельнічаў у раённай алімпіядзе па гісторыі, таму ён ведае гэтыя гістарычныя факты. Мы ня супраць, каб нашы вучні вывучалі гісторыю — і падчас урокаў, і падчас дадатковых заняткаў».
Алег Занкевіч спачатку быў выдаліў сваю старонку «Ўкантакце», але неўзабаве аднавіў. На ёй застаюцца карыкатуры на Аляксандра Лукашэнку, а таксама выявы беларускіх нацыянальных герба і сьцяга. Таксама хлопец актыўна перапошчвае навіны незалежных СМІ пра эканамічны стан Беларусі, рост цэнаў, ціск на студэнтаў.