Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрка: «Выжываем толькі за кошт таго, што муж у 75 гадоў яшчэ працуе»


Тыдзень таму Савет міністраў Беларусі адмяніў дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на шэраг харчовых тавараў і паслуг — на хлеб, мяса, яйкі, малочныя прадукты, дзіцячае харчаваньне, прафэсійныя і абавязковыя мэдычныя агляды.

Наконт харчоў тлумачэньне наступнае:

«З улікам прадстаўленага шырокага асартымэнту прадукцыі рознага цэнавага сэгмэнту на рынку і канкурэнцыі сярод вытворцаў цяпер адсутнічае неабходнасьць у цэнавым рэгуляваньні шэрагу харчовых тавараў (хлеб, мяса, яйка курынае, малочныя прадукты, дзіцячае харчаваньне) на пастаяннай аснове», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы.

Раней урад краіны адмяніў рэгуляваньне цэнаў на рыбу, масла, алей, муку, цукар, соль, макарону і крупы. Такім чынам, фактычна на ўсе самыя неабходныя прадукты цэны адпушчаныя.

Ці зьмяніліся за гэты тыдзень кошты на харчы?

Карэспандэнтка Свабоды Іна Студзінская пыталася ў пэнсіянэраў, ці заўважылі яны рост коштаў.

— Натуральна, заўважылі. На малако, на малочныя вырабы, на хлеб. На што яшчэ? Я бяру заўсёды алей аліўкавы і сланечнікавы, таксама яны істотна падаражэлі...

— Проста зараз урад адпусьціў кошты на сацыяльна значныя тавары: на малако, мяса, і народ апасаецца, што ўсё папаўзе ўверх...

— Ну, мяса яшчэ быццам бы не папаўзло, пакуль цэны трымаюцца. Але ялавічына вельмі дарагая, а сьвініна нам, пэнсіянэрам, ужо проціпаказаная (сьмяецца).

— А пэнсіі растуць?

— Не! Вось пэнсіямі я вельмі незадаволеная. Паколькі стаж вялікі напрацавала, а пэнсія мізэрная. Узгадваю, нават у цяжкіх 1990-х гадах па 3–4 разы на год пэнсіі павышалі. А цяпер раз на год, і на такую маленькую суму, калі павышаецца. Выжываем толькі за кошт таго, што муж яшчэ працуе, хоць яму ўжо 75 гадоў. Працуе, таму што хочацца больш-менш жыць як людзі.

— Я бачу, што вы выйшлі з крамы з поўнымі торбамі. Зараз урад адпусьціў цэны на сацыяльна значныя прадукты: малако, мяса. Ці заўважаеце вы, што кошты папаўзьлі ўверх?

— Я купляю такое, на што цэны не павышаюцца. Я пэнсіянэрка, у мяне карта «Асоба», таму я хаджу атаварвацца па серадах, калі зьніжкі для пэнсіянэраў. Я пакуль не заўважыла росту на тое, што купляю, гэта па-першае. Па-другое, каб я купляла штосьці адно, я б, магчыма, і сачыла за цэнамі, а калі купляеш шмат чаго, на касе не пасьпяваеш заўважаць гэтыя капейкі. Пэнсіі ў нас невялікія, таму купляем толькі самае неабходнае, на што дазваляюць нашы грошы.

— Ці заўважылі вы рост коштаў апошнім часам?

— Канечне, заўважыла. Перад выбарамі грэчка каштавала 10 тысяч, цяпер амаль 20 тысяч, алей — 18 тысяч, цяпер — пад 30. Істотна яйкі падаражэлі. Трэба бегаць па крамах, каб знайсьці таньнейшыя. Бачыла ўжо чэргі пэнсіянэраў на Камароўцы, якія стаяць па таньнейшы хлеб і малако. Пра далікатэсы забыліся наагул мы. Хочацца падзякаваць уладзе, што давялі людзей да галечы. За будучыню дзяцей і ўнукаў баімся: як яны будуць выжываць пры такіх малых заробках і беспрацоўі — ня ведаю. Вялікі дзякуй!

Але беларускія пэнсіянэры неяк прыстасоўваюцца: ведаюць, у якія дні дзе зьніжкі, дазнаюцца, дзе якія акцыі, бегаюць па крамах, шукаюць, дзе што таньнейшае. Да прыкладу, у «Гіпа» па серадах зьніжкі амаль на ўсе тавары 7%. Таму з раніцы за мясам стаяла даволі доўгая чарга з пажылых людзей.

Яшчэ адна пэнсіянэрка падзялілася сваімі ўражаньнямі і досьведам:

«Я раней пасьмейвалася зь цётачак сталага веку, таму што яны ўсё бегалі па савецкай звычцы, шукалі, дзе таньней, дзе смачней. А цяпер адчуваецца рост цэнаў, і я сама стала ў навакольлі сваім шукаць, дзе што таньнейшае. Знайшла адну маленькую крамку, кажуць, яна прыватная, два браты яе трымаюць, называецца яна „Вікторыя“, і там яйкі па 15 з паловай тысяч (паўсюль ужо па 18–20 тысяч). Гэта ж проста падарунак. Цяперашнім часам бяжыш у краму, купляеш толькі хлеб, малако, яйкі, можа, якую макароніну, „Геркулес“, ніякага мяса, падыходзіш да касы — і 100 тысяч. А 100 тысяч — гэта ўсё ж такі немалыя грошы пры нашых заробках».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG