Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапіс беларускамоўных: Гэта «камін-аўт», ніякіх лічбаў ня будзе


Беларускамоўны чыгуначнік, будаўнік, архітэктар, журналіст, лекар, дальнабойшчык, сьвятар, археоляг, актор, барыста, загадчык аддзелу, студэнт, навуковец, сьпявак, музыка, мэнэджэр праектаў... У сацыяльных сетках працягваюць зьяўляцца плякаты з партрэтамі людзей, якія наважыліся ўзяць удзел у праекце «Перапіс беларускамоўнага насельніцтва», зладжаным курсамі беларускай мовы «Мова нанова».

Створана ўжо ня менш як 665 плякатаў, ідэя якіх пераклікаецца зь нядаўна створанай Менгарвыканкамам сэрыяй плякатаў з партрэтамі звычайных менчукоў, а таксама іх аналягамі, якія стваралі блогеры.

«Мы вырашылі выкарыстаць папулярную ідэю. Мы гэтага не хаваем, гэта відавочна. Таму гэта і нельга назваць крадзяжом ці плагіятам. Пабачыўшы плякаты зь людзьмі, якія нешта робяць для Менску, мы вырашылі зрабіць нешта падобнае ў нашым ракурсе — у ракурсе курсаў беларускай мовы», — кажа Свабодзе каардынатар курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка.

Мэта «перапісу» — змаганьне са стэрэатыпам, што беларуская мова — толькі для філёлягаў, гісторыкаў і мастакоў:

«Практыка паказала, што на курсы прыходзяць людзі і з зусім іншых сфэраў — тэхнічных, негуманітарных. Ідэя плякатаў — паказаць, што беларускамоўныя людзі ёсьць ва ўсіх гарадах Беларусі і ва ўсіх прафэсійных сфэрах. Я спадзяюся, што гэтыя плякаты натхняць кагосьці, стануць штуршком для пераходу на беларускую мову. Мы ня проста гаворым, што ў Беларусі ёсьць шмат беларускамоўных людзей, але і даём такім людзям магчымасьць прадставіць сябе, паказаць свой фатаздымак».

Глеб Лабадзенка адзначыў, што «перапіс» вельмі ўмоўны — ніхто нікога падлічваць ня будзе:

«Мы ня будзем падлічваць колькасьць беларускамоўных людзей. Ня ў гэтым сэнс гэтай ініцыятывы. Таму слова „перапіс“ тут даволі ўмоўнае. Ні да якіх лічбаў мы прывязвацца ня будзем. І калі на сайт загрузіцца тысяча ці тры тысячы плякатаў, гэта ня будзе азначаць, што ў Беларусі такая колькасьць беларускамоўных. Гэта будзе значыць, што такая колькасьць людзей зрабіла „камінг-аўт“ і заявіла пра сваю беларускамоўнасьць».

​\«Нават калі вы „толькі трошку беларускамоўны“, „толькі зь сябрамі“ ці „толькі ў сьне“ — запаўняйце форму! Магчыма, ваш прыклад натхніць некага іншага!», — гаворыцца на сайце.

Глеб Лабадзенка тлумачыць, што значыць быць беларускамоўным:

«Беларускамоўны чалавек — ня той, які гаворыць па-беларуску круглыя суткі, а той, які можа гаварыць па-беларуску ў прынцыпе. На жаль, цяпер у Беларусі ня ўсе могуць гэтым пахваліцца. І калі людзі, якія прыходзяць на курсы „Мова Нанова“, робяцца хаця б часткова беларускамоўнымі, — гэта ўжо вялікі крок наперад. Я лічу, што калі чалавек хаця б часткова карыстаецца беларускай мовай, — гэта ўжо нагода паставіць яго ў прыклад іншым».

Стварыць свой плякат можна на старонцы перапісу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG