Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе пацьверджана алібі Надзеі Саўчанкі


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Былы баец 80-й аэрамабільнай брыгады Ўзброеных сілаў Украіны Іван Руснак, які выступіў у панядзелак у судзе па справе Надзеі Саўчанкі ў якасьці сьведкі абароны, пацьвердзіў алібі ўкраінскай ваеннаслужачай, на якім настойваюць адвакаты — што яна трапіла ў палон на некалькі гадзінаў раней за артылерыйскі абстрэл, падчас якога загінулі журналісты Ігар Карнялюк і Антон Валошын.

Паводле словаў былога вайскоўца, ён удзельнічаў у баях з сэпаратыстамі самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі 17 чэрвеня 2014 году. БТР, усярэдзіне якога знаходзіўся Руснак, быў падбіты і загарэўся. Разам зь іншымі байцамі, частка зь якіх сур’ёзна пацярпела, ён эвакуяваўся з падпаленай бронемашыны, адступіў у зялёныя насаджэньні ўздоўж дарогі і арганізаваў кругавую абарону, каб абараніць параненых. Пасьля тут іх знайшла Саўчанка, якая ішла ад месца баявога сутыкненьня ў бок Луганска, каб правесьці выведку і паспрабаваць знайсьці тых украінскіх вайскоўцаў, якія выжылі.

«Толькі заляглі каля Стукалавай бэлькі, і Надзя выйшла на нас. Я першы яе ўбачыў. Яна ішла да нас прама па «зялёнцы», — распавёў Іван Руснак.

Саўчанка ішла да падбітага БТР, які дыміўся наперадзе.

«Надзея нам крыкнула: „Не страляйце, я свая!“. Я ўбачыў у яе шаўрон ў выглядзе ўкраінскага сьцяга. На ёй была замежная ваенная форма, берцы і на галаве зялёная хустка. Я нават падумаў, што гэта мужчына спачатку, у нас мужыкі такія хусткі носяць».

Паводле словаў сьведкі, акрамя разгрузкі і аўтамата ў Саўчанкі нічога не было, у тым ліку заплечніка, рацыі і бінокля, якія ў справе фігуруюць у якасьці рэчыўных доказаў абвінавачваньня.

«Надзея аказала нам першую дапамогу, перавязала параненых, зрабіла ўкол абязбольвальнага, сказала мне не вымаць аскепак з шыі аднаго з пацярпелых, інакш ён сьцячэ крывёю, — распавёў сьведка ў адказ на пытаньні адвакатаў. — Пасьля гэтага выйшла на трасу, каб патэлефанаваць і папрасіць дапамогі. Тым часам зь «зялёнкі» на другім баку дарогі ў яе стралялі і паранілі ў руку. Яна паўзком вярнулася, перавязала сябе. Сказала: «Чакайце тут, зараз за вамі прыедуць», пасьля чаго пайшла наперад, каб знайсьці іншых параненых і дапамагчы ім.

Адказваючы на пытаньні пракурора, Руснак адзначыў, што сустрэча з Саўчанкай адбылася прыкладна а 9.30 раніцы, а ўжо празь 10 хвілінаў яна накіравалася ў бок гарэлага БТР, дзе была ўзятая ў палон байцамі батальёна «Зара», якім кіраваў цяперашні кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Ігар Платніцкі. Такім чынам, Руснак пацьвердзіў вэрсію абароны Саўчанкі пра тое, што ўкраінская лётчыца трапіла ў палон на некалькі гадзінаў раней за артылерыйскі абстрэл, падчас якога загінулі журналісты Ігар Карнялюк і Антон Валошын, і, адпаведна, не магла яго карэктаваць.

Пасяджэньне з удзелам былога ўкраінскага вайскоўца праходзіла ў напружанай абстаноўцы. Суд тры разы запар не дазволіў паказаць сьведку відэа ўзяцьця ў палон Надзеі Саўчанкі, якое здымаў адзін з апалчэнцаў — Ягор Рускі, а за абураныя рэплікі з залі суда ледзь не была выдаленая сястра падсуднай Вера Саўчанка. У выніку адвакат Марк Фейгін папрасіў суд садзейнічаць у тым, каб сьведка «бясьпечна вярнуўся дадому, ва Ўкраіну».

«Хіба ў вас ёсьць падставы для боязі?» — зьдзівіўся судзьдзя.

«Слухайце, мяне наогул скралі і незаконна даставілі ў Расею», — заявіла ў адказ Саўчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG