Сусьветныя цэны на нафту ў панядзелак, 11 студзеня, дэманструюць нэгатыўную дынаміку, застаючыся паблізу ўзроўню мінімальных паказчыкаў за больш чым 10 гадоў — каля 33 даляраў за барэль.
Адмыслоўцы зьвязваюць падзеньне цаны на нафту найперш з асьцярогамі інвэстараў што да стану эканомікі Кітая. Калі яе стан пагоршыцца, гэта можа ўзмацніць ціск на цэны, бо прапанова на сусьветных нафтавых рынках стане празьмернаю.
Чаму на фоне падзеньня сусьветнай цаны на нафту ў Беларусі не таньнее бэнзін? Якім чынам кошт паліва ў Беларусі зьвязаны з цэнамі закупаў расейскай нафты? Пра гэта Радыё Свабода паразмаўляла з эканамістамі.
«Тое, што падзеньне кошту нафты не адлюстроўваецца на цэнах у Беларусі, выклікана „любоўю“ беларускай улады да свайго народу. Цяпер такія ўмовы, калі ва ўсім сьвеце бэнзін таньнее, бо падае цана на нафту. Адначасова становіцца таньнейшым і газ, бо формула газу вылічваецца ў адпаведнасьці з коштамі нафты. У адпаведнасьці з эканамічнымі законамі ў Беларусі павінен таньнець бэнзін і павінен зьмяншацца кошт камунальных паслуг — станавіцца таньнейшым ацяпленьне. Але ў Беларусі насуперак эканамічным тэндэнцыям кошты могуць толькі павышацца. Чаму? Таму што ўлада хоча ўтрымаць сваё месца. А для гэтага патрэбныя грошы на выплаты заробкаў для бюджэтнікаў, пэнсіяў, сацыяльных выплатаў, на пабудову новых лядовых палацаў, на аплату паездак чыноўнікаў у Маскву на сустрэчы па Саюзнай дзяржаве», — лічыць эканаміст Леанід Заіка.
Экспэрт дадае, што тая розьніца, якая атрымліваецца паміж рэальным коштам паліва і тым, які плаціць насельніцтва, ідзе на мэты, зьвязаныя з утрыманьнем улады:
«Такім чынам, у Беларусі рынак не прымушае ўлады дзейнічаць рацыянальна, яны працягваюць дзейнічаць у сваіх эгаістычных мэтах».
Беларуская эканоміка, хутчэй за ўсё, не зазнае ніякага эфэкту ў сувязі з падзеньнем кошту нафты, лічыць эканаміст Барыс Жаліба. Прынамсі, зьніжэньня цаны нафтапрадуктаў, у першую чаргу бэнзіну, чакаць ня варта, перакананы ён:
«Цана нафты на расейска-беларускім рынку не залежыць ад сусьветнага кошту. Таму што ў нас вельмі моцна лабіруюцца інтарэсы нафтаперапрацоўшчыкаў. Да таго ж невядома, ці вагаецца нейкім чынам для іх кошт расейскай нафты, калі адбываецца яе патаньненьне на сусьветным рынку. Нашы нафтаперапрацоўшчыкі застрахаваліся і будуць трымаць кошт бэнзіну прывязаным да курсу даляра, і цана расейскай нафты на міжнародным рынку тут ня мае для іх значэньня».
Эканаміст Яраслаў Раманчук зьвяртае ўвагу на тое, што цяпер склаліся спрыяльныя ўмовы для пераарыентацыі беларускай эканомікі на рынкавы лад. Але, лічыць экспэрт, беларускія ўлады наўрад ці будуць гэта рабіць:
«Мы шмат гадоў атрымлівалі нафту з Расеі за палову ад сусьветнай цаны. Гэта была інтэграцыйная датацыя, у выніку кошт для Беларусі быў адзін з самых нізкіх у Эўропе. Але сёньня ёсьць усе падставы для таго, каб пазбавіцца ад перакрыжаванага субсыдыяваньня і выйсьці на рынкавы лад цэнаў на энэрганосьбіты. На жаль, з боку ўраду ці Міністэрства энэргетыкі мы ня бачым ніякіх захадаў у гэтым кірунку. У ЗША цана за літар паліва самай высокай якасьці — менш за палову даляра. Ёсьць усе падставы меркаваць, што і ў Беларусі павінна быць так».
У канцэрне «Белнафтахім» адмовіліся адказваць на пытаньне пра сувязь сусьветных коштаў нафты і цаны бэнзіну ў Беларусі. На сёньня ў Беларусі паліва маркі АІ-92 каштуе 11 100 рублёў, АІ-95 — 11 900 рублёў.