Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы сьмяротны прысуд 2016 г. У Вілейцы асуджаны мужчына, якога меліся пакараць сьмерцю яшчэ ў савецкія часы

абноўлена

У судзе Вілейскага раёна 5 студзеня вынесены сьмяротны прысуд жыхару Вілейкі, абвінавачанага ў забойстве сваёй сужыцелькі, перадае Край.бай Такі прысуд вынесьлі на выязным пасяджэньні суда Менскай вобласьці.

Паводле Край.бай, абвінавачаны ужо быў аднойчы асуджаны за забойства ў савецкія часы. Тады яму вынесьлі сьмяротны прысуд, але пасьля скаргі асуджанага ў Вярхоўны суд, растрэл быў зьменены на пазбаўленьне волі.

Таксама ў біяграфіі абвінавачанага ёсьць эпізод, калі ён зьбіў чалавека, што прывяло да сьмерці пацярпелага.

Гэтым разам справа разглядалася па другой частцы артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасьцю». Яна прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў або пажыцьцёвае зьняволеньне, або сьмяротнае пакараньне.

Дзяржаўнае абвінавачаньне ў судзе падтрымліваў супрацоўнік пракуратуры Менскай вобласьці. Ён прасіў суд вынесці абвінавачванаму вышэйшую меру пакараньня.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу й можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.

___________________________________

Паводле Беларускага Хэльсынскага камітэту, штогод у Беларусі выносіцца ад 2 да 9 сьмяротных прысудаў. Усяго з 1990 года ў краіне было вынесена больш за 400 сьмяротных прысудаў.

Таксама ў Беларусі захоўваецца практыка, калі цела расстралянага не выдаецца сям’і для пахаваньня, а аб месцы яго пахаваньня не паведамляецца.

Падобная практыка яшчэ ў 2003 прызнана Камітэтам па правах чалавека ААН бесчалавечнай ў адносінах да сваякоў пакараных. Камітэт патрабаваў ад краіны ліквідаваць парушэньні, аднак Беларусь праігнаравала свае абавязацельствы.

Беларусь — адзіная краіна Эўропы й СНД, дзе захавалася сьмяротнае пакараньне. Яно было вернута пасьля рэфэрэндуму ў 1996 годзе. Краіны Эўрапейскай Рады й Камітэт па правах чалавека ААН неднаразова заклікалі ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG