Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Фінляндыі рыхтаваліся такія самыя масавыя напады, як у Кёльне, заявіла паліцыя


Чыгуначны вакзал у Хэльсынкі
Чыгуначны вакзал у Хэльсынкі

У Фінляндыі на Новы год маглі адбыцца крымінальныя інцыдэнты, аналягічныя тым, што здарыліся ў нямецкім Кёльне. Пра гэта паведамляе расейская служба фінскай публічнай тэлерадыёкампаніі Yle са спасылкай на заяву паліцыі.

Паводле дадзеных праваахоўнікаў, у навагоднюю ноч у Хэльсынкі сабраліся да адной тысячы ірацкіх уцекачоў. Каля 23:00 паводле мясцовага часу яны прыйшлі на чыгуначны вакзал і, як лічыць паліцыя, выношвалі такія самыя пляны, як і ўдзельнікі беспарадкаў у Кёльне, дзе ў навагоднюю ноч каля тысячы маладых мужчын учынялі напады на жанчын.

«Паліцыя прымусіла некалькі дзясяткаў мігрантаў пакінуць месца збору, некалькі чалавек былі затрыманыя яшчэ ў пачатку вечара», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

У паліцыю былі пададзены тры заявы аб нападзе на жанчын. Па словах намесьніка начальніка паліцыі Хэльсынкі Ілка Коскімякі, паліцыі ўдалося прадухіліць больш сур’ёзныя падзеі дзякуючы прафіляктычнай рабоце, узмацненьню кантролю і апэратыўнаму ўмяшаньню.

Раней у чацьвер міністар унутраных спраў Фінляндыі Пэтэры Орпа паведаміў, што ў краіне на Новы год плянаваліся злачынныя дзеяньні з удзелам уцекачоў, падобныя да тых, што адбыліся ў Кёльне.

Паводле яго, да гэтых плянаў мелі дачыненьне затрыманыя паліцыяй 31 сьнежня ў цэнтры прыёму ўцекачоў у горадзе Кірканумі шасьцёра іракцаў. У паліцыі паведамілі, што арыштаваныя падазраюцца ў падбухторваньні да ўчыненьня злачынства і іх затрыманьне было праведзена зь меркаваньняў «падтрыманьня грамадзкага парадку і бясьпекі». Аднак раней не гаварылася пра тое, пра якога роду злачынствы магла ісьці гаворка.

У Кёльне ў навагоднюю ноч каля тысячы маладых людзей «арабскай і паўночнаафрыканскай зьнешнасьці», падзяліўшыся на групы, нападалі на жанчын. У паліцыю ўжо паступіла больш за 100 заяваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG