Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масоўка Каляднага турніру: Нас кінулі ў рэзэрв, каб затыкаць дзіркі на трыбунах


7 студзеня ў Менску завяршаецца Калядны міжнародны турнір аматараў хакею. Упершыню за 12 гадоў здарыўся сюрпрыз: у фінале беларускія вэтэраны на чале з Аляксандрам Лукашэнкам сустрэнуцца не з расейцамі, а з камандай Фінляндыі.

Усе папярэднія «лядовыя пабоішчы» былі пазбаўленыя нават намёку на інтрыгу: 11 разоў запар у вырашальным паядынку за прыз прэзыдэнта гулялі зборныя Беларусі і Расеі. У васьмі выпадках кубак свайго ж імя даставаўся капітану беларусаў Лукашэнку, тройчы ён ад’яжджаў у Маскву. Сёлета расейцы выглядалі блякла і да фіналу не дайшлі, вакантнае месца занялі фіны.

Зрэшты, пра відовішчнасьць матчаў з удзелам сьпісаных у наклад хакеістаў ды састарэлых аматараў можна казаць хіба што зь вялікай нацяжкай. Назіральнікаў больш цікавіць, якім чынам арганізатарам удаецца забясьпечваць нязьменны аншляг на трыбунах? Калі меркаваць па запаўняльнасьці «Чыжоўка-Арэны», пэнсіянэрскі хакейны турнір — самая чаканая спартовая падзея году ў Беларусі, бо нават куды больш рангавыя прафэсійныя спаборніцтвы рэдка зьбіраюць поўныя стадыёны.

Завесу «ашаламляльнай» папулярнасьці Каляднага турніру, які зьбірае тысячы заўзятараў нават пасярод працоўнага дня, прыадчыняе малады настаўнік адной зь менскіх гімназій Анатоль М. Па яго словах, з вышэйшых інстанцыяў рассылаюцца «мабілізацыйныя сьпісы» з указаньнем колькасьці «рэкрутаў», якую мусіць арганізаваць школьная адміністрацыя:

«У настаўніцкай вісяць сьпісы, хто і ў які дзень мусіць пайсьці на хакей. Вакацыі, натуральна, пад увагу не бяруцца. Так, на матч а 13-й гадзіне дня гімназія павінна была забясьпечыць яўку 30 чалавек. Зразумела, не адна наша школа, аналягічныя заданьні атрымліваюць усе ўстановы адукацыі гораду! Пры гэтым фармуецца каманда „падстрахоўкі“. Калі я ўжо сыходзіў з працы, мяне спынілі і паставілі перад фактам: заўтра раніцай можна не ісьці ў школу, але абавязкова трэба прыехаць а 17-й гадзіне на „Чыжоўка-Арэну“. Сказалі, што пасадзяць у нейкую „падсобку“, дзе будзем у „рэзэрве“. То бок, калі на трыбунах апынуцца вольныя месцы, нас з гэтага рэзэрву паклічуць і заткнуць „дзіркі“. Іншымі словамі, задача — зрабіць выгляд, што ў нас усе пагалоўна цікавяцца хакеем, нават аматарскім».

Як у кулюарах расказваюць супрацоўнікі «Чыжоўка-Арэны», «шманаць» будынак пачалі задоўга да турніру. Прадстаўнікі службы аховы прэзыдэнта штодня наведваліся з інспэкцыяй, правяралі кожны закуток, увесь час прымушалі нешта перарабляць і пераабсталёўваць, каб не дапусьціць патэнцыйнай небясьпекі для хакеіста № 1.

Мой суразмоўца кажа, што матчы з удзелам беларускай каманды на чале з Лукашэнкам — найвялікшае няшчасьце для масоўкі: прыходзіць на матч трэба за дзьве гадзіны да пачатку і калець на марозе ў чаканьні дагляду:

Сам факт таго, што бюджэтныя арганізацыі прымушаюць дэлегаваць „заўзятараў“ — тычыцца гэта ня толькі школаў, але і розных установаў, заводаў — абуральны.

«Сам факт таго, што бюджэтныя арганізацыі прымушаюць дэлегаваць „заўзятараў“ — тычыцца гэта ня толькі школаў, але і розных установаў, заводаў — абуральны. Настаўнікі, якія хадзілі ў папярэднія дні, скардзіліся, што былі вымушаныя падоўгу стаяць на марозе, бо падчас гульні Лукашэнкі ўводзіліся падвышаныя меры бясьпекі. У выніку нехта захварэў, нехта вызваліўся зь вечаровых гульняў толькі а палове на 11-ю, а на заўтра а 8-й ужо трэба быць на працы. Таму няма настаўнікаў, якія станоўча да гэтага ставяцца ці добраахвотна выклікаюцца — маўляў, дайце квіток, пайду на хакей. Такіх настрояў я ня чуў і ня бачыў. Што тычыцца маіх маладых калегаў — у нас некалькі чалавек, якія, як і я, прыйшлі першы год выкладаць пасьля ўнівэрсытэту — усе з гэтага толькі жартуюць і зьдзекуюцца. Прынамсі ніхто займацца „мабілізацыяй“ ня хоча».

Мэтады дагляду таксама не адрозьніваюцца вялікай павагай да гледача. 12-гадовая школьніца Аляксандра расказала, як у падлетка зь яе клясу ахоўнікі знайшлі ў заплечніку дэзадарант, учыніўшы допыт, каго ён зьбіраўся «абясшкодзіць». А потым пад дружны рогат прымусілі выпырснуць на сябе ўвесь балёнчык — маўляў, цяпер ты «бясьпечны і водарны».

Выкладчык-пачаткоўца Анатоль М. лічыць, што, як і ў выпадку з выбарамі, адміністрацыйнай прынудзілаўкай можна забясьпечыць высокую яўку на трыбуны. Але наўрад ці ўдасца сілком прышчапіць усенародную любоў да хакею:

«Некалькі разоў мне ўдавалася ўхіліцца ад „ганаровага абавязку“, але некаторым „пашанцавала“ пазаўзець па два-тры разы. Прыкладам, дзяўчына, якая вучылася са мной ва ўнівэрсытэце і цяпер таксама адпрацоўвае, езьдзіла ўчора, а сёньня яе таксама папрасілі паўдзельнічаць у масоўцы».

Карэспандэнт: «Атрымліваецца, каб ня штучная масоўка, трыбуны былі б пустыя?»

Усе нармальныя людзі павінны працаваць, а не хадзіць на хакейныя гульні, якія пачынаюцца роўненька ў сярэдзіне дня.

«Я ня ведаю, хто туды ўвогуле добраахвотна ходзіць, да таго ж, гэта быў працоўны час. Усе нармальныя людзі павінны працаваць, а не хадзіць на хакейныя гульні, якія пачынаюцца роўненька ў сярэдзіне дня. У прынцыпе бачна няўзброеным вокам: дзе стаяць групамі — гэта акурат сагнаныя са школаў і прадпрыемстваў. Хто ідзе па два-тры чалавекі, мабыць, маюць нейкі інтарэс. Бо я катэгарычна не казаў бы, што да хакею ў краіне цікавасьці няма. У мяне некалькі знаёмых, якія літаральна хворыя на хакей і з задавальненьнем на яго ходзяць. Праўда, гэта матчы крыху іншага ўзроўню — алімпійскія гульні, чэмпіянаты сьвету, КХЛ. Але тыя мэтады, якімі спрабуюць „улюбіць“ у хакей усіх астатніх — канечне, ня вельмі правільныя».

Пра няшчырасьць заўзеньня сьведчыць і тое, у якой сьпешцы гледачы разьвітваюцца з атрыбутамі турніру. На ўваходзе у арэну масоўку ўзбройваюць сьцяжкамі з выявай дзяржаўнага сьцягу і пералікам спонсараў. Аднак па заканчэньні матчаў афіцыйная сымболіка кіпамі ляжыць на падлозе, у сьметніцах і нават у прыбіральні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG