Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Той, хто прыдумаў указ 222 — шкоднік», — парожнія пляцоўкі на рэчавых рынках Беларусі


Уваход на цэнтральны рэчавы рынак Горак. Пакупнікоў няшмат
Уваход на цэнтральны рэчавы рынак Горак. Пакупнікоў няшмат

Прэзыдэнцкі ўказ 222, які ўступіў у сілу ад 1 студзеня, паралізаваў працу гандлёвых цэнтраў і рэчавых рынкаў. Рэпартаж Свабоды.

Індывідуальныя прадпрымальнікі ў Горках Магілёўскай вобласьці, якія возяць тавары расейскага легпраму, ня выйшлі на працоўныя месцы.

Пакупнікі, якія прыйшлі набыць адзеньне ці абутак, былі зьдзіўленыя, убачыўшы зачыненыя гандлёвыя аб’екты. У Горках упершыню за многія гады апусьцеў мясцовы рэчавы рынак.

У нядзелю на адведзенай пляцоўцы зьбіраліся, каб прадаць тавар, ня толькі горацкія гандляры, але і прыежджыя, з суседніх райцэнтраў.

Наведнікі рынку не хавалі, што зьбянтэжаныя ўбачаным. На пытаньне, ці не зьдзівіў іх рынак без гандляроў, жыхары райцэнтру адказвалі: зьдзівіў.

«Нашы індывідуальныя прадпрымальнікі цяпер ня могуць вольна гандляваць, бо, відаць, ёсьць нейкія праблемы», — выказала здагадку адна з наведніц рынку.

Пляцоўка, на якую зьяжджалі гандляры, бязьлюдная
Пляцоўка, на якую зьяжджалі гандляры, бязьлюдная

«Для нас, пакупнікоў, гэта ня дужа добра, — працягнула жанчына. — Тут жа можна было прыдбаць рэчы таньнейшыя, чым у крамах, ды й выбар быў большым. Замяніць прывазны тавар беларускім будзе вельмі цяжка. Эканамічная сытуацыя неспрыяльная».

Наступную суразмоўніцу пусты рынак таксама зьдзівіў. Як зазначыла жанчына, у яе было прадчуваньне нечага падобнага, але такога, прызналася яна, убачыць не чакала:

«Вельмі сумна. Хацелі нешта прыдбаць сёньня, але спазьніліся», — каротка пракамэнтавала карціну на рынку жыхарка Горак.

Маладая пара прыйшла на рынак таксама пашукаць патрэбныя ім рэчы, аднак на гандлёвай пляцоўцы маладзёны не затрымаліся.

«Нас зьдзівіў пусты рынак», — выказалася дзяўчына.

«Людзям забаранілі гандляваць. У іх павінна быць ліцэнзія на гандаль небеларускімі рэчамі, — зазначыла іншая жыхарка Горак. — Людзей шкада, бо бяз працы застануцца многія. Ды й пакупнікоў, якія прывыклі набываць рэчы на рынку. Дзе цяпер ім купляць, я і ня ведаю».

Пакінуты каркас гандлёвай палаткі, адзінае, што запаўняе пустэчу пляцоўкі
Пакінуты каркас гандлёвай палаткі, адзінае, што запаўняе пустэчу пляцоўкі

Суразмоўніца запэўніла, што беларускага тавару цяпер даволі, каб ім замяніць прывазное з Расеі.

Дырэктар рынку ў прыватнай гутарцы запэўніў, што пусты рынак — часовая зьява. Паводле яго ў наступныя выхадныя гандляроў на ім будзе на парадак болей.

Прадпрымальнікі, якія наведаліся ў свае павільёны на іншым рынку райцэнтру, каб сабраць тавар для вывазу, ня ўтойвалі, што выйсьця з той сытуацыі, якую стварыў прэзыдэнцкі ўказ № 222, яны ня бачаць. Многія, зазначылі суразмоўцы, свой бізнэс страцяць:

«Вы ж бачыце, мы не працуем. Ніхто нібыта і не забараняў, але зь іншага боку забаранілі гэтак, што, калі нам гандляваць па ўсіх правілах, то выгады ніякай. Калі нічога ня зьменіцца, пойдзем — самі ня ведаем куды, бо працы ж іншай зусім няма. Нават біржа не ўладкуе. Гэтыя законы прымаюць людзі далёкія ад нашага жыцьця і нашай працы», — камэнтуе сытуацыю адзін з горацкіх прадпрымальнікаў. Ён гандлюе таварамі расейскага легпраму больш за пятнаццаць год.

Жонка суразмоўцы дадае, што ў іх была думка папрацаваць крыху, аднак не наважыліся:

«Боязна працаваць. Канфіскуюць тавар, вялікі штраф. Нам гэта не падняць. Цяпер гандлю няма. У людзей безграшоўе. Арэнда завялікая».

Гандлёвы цэнтар «Малая Эўропа» таксама без гандляроў і пакупнікоў
Гандлёвы цэнтар «Малая Эўропа» таксама без гандляроў і пакупнікоў

Прэзыдэнцкі ўказ нумар 222 ня выгадны ні народу, ні прадпрымальнікам, далучаюцца да гутаркі яшчэ некалькі бізнэсоўцаў:

«Падаткі ня сплачваюцца. Хоць тавар па сэзоне прывезены, але яго ніхто не прадае. Ды й народ ходзіць у пошуках свайго», — выказваецца адзін зь іх. Ягоны калега дадае:

«Расейцам выгадна. Людзі туды паедуць па тавар. Тут жа недалёка да Смаленску. 75 тысяч рублёў маршруткай. Таньней, чым да Менску. Людзі паедуць у Смаленск па штаны, там жа і харчы будуць купляць. Эканамічна гэты ўказ — шкодніцтва. Беларусь жа не Расея. Гэта адтуль праблема выехаць, а ў нас жа краіна маленькая. Па пэрымэтры сто кілямэтраў у розныя бакі — і замежжа. Таму ўсе паразьедуцца».

Пакуль трывала гутарка, да прадпрымальнікаў падышоў не адзін пакупнік, зьдзіўлена пытаючыся, ці працуюць яны. Маладая дзяўчына, якая прыйшла прыдбаць сабе джынсы, сказала, што пра ўказ 222 чула:

«Так, чула, але спадзявалася, што гэта неяк нас абміне. Нібыта гэты ўказ некалькі год як існуе. Аднак бачым, што ўсё ж ім пазачынялі ўсё. Нядзеля, сьвяточныя дні, і ўсё зачынена».

Зачыненымі павільёнамі сустрэў пакупнікоў у новым годзе і найвялікшы гандлёвы цэнтар Горак «Малая Эўропа». Паводле прадпрымальнікаў, у ім сотня павільёнаў. З іх адчыненымі былі адзінкі і не было ніводнага, які гандляваў бы прывазным з Расеі таварам.

Зь некаторых павільёнаў тавар прадпрымальнікі вывезьлі. Засталіся манэкены
Зь некаторых павільёнаў тавар прадпрымальнікі вывезьлі. Засталіся манэкены

У наведнікаў гандлёвага цэнтру пытаюся: «Ці зручна будзе простым людзям без таго, што прывозяць прадпрымальнікі».

«Нявыгадна», — у адзін голас адказваюць на пытаньне маці і сын.

«Наша беларускае вельмі дарагое, — працягвае жанчына. — Якасьць мо і добрая, але выгляд іншым разам ня дужа прывабны. І выбару няма. Я гэта ведаю дакладна».

«Выбару такога пэўна ўжо ня будзе», — рэагуюць на пытаньне маладыя муж і жонка, якія чакаюць папаўненьня ў сям’і. Яны завіталі ў «Малую Эўропу», каб прыглядзець рэчы для дзіцяці.

«Беларускае значна даражэйшае. Нас жа прывучаюць, што беларускае якаснае. Аднак у нас прадукцыйнасьць працы зусім іншая, таму і тавары і харчы даражэйшыя», — тлумачыць будучы тата.

Дзіцячае адзеньне таксама пад забаронай без сэртыфікатаў якасьці
Дзіцячае адзеньне таксама пад забаронай без сэртыфікатаў якасьці

Калі ня будзе прывазнога, дадае ён, то давядзецца прывыкаць да беларускага.

У гандлёвым цэнтры «Малая Эўропы» прадпрымальнікі прыпынілі працу, як паведамілі іхныя калегі ў адчыненых павільёнах, на месяц. Многія зь іх спадзяюцца, што за гэты час сытуацыя канкрэтызуецца.

Адзін з гандляроў адчыненага павільёну выказаў меркаваньне, што ўказ прэзыдэнта несправядлівы і супраць яго трэба кансалідавана паўстаць. Суразмоўцу незразумела, чаму жыцьцё ў нібыта адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй ня мае агульных патрабаваньняў да яе суб’ектаў:

«Калі мы жывём у адзінай прасторы, значыць, у іх таксама павінны быць такія ж законы і гэтак жа павінны зачыніцца рынкі. Павінны быць агульныя патрабаваньні і па сэртыфікацыі тавараў, а там такога патрабаваньня няма», — заключыў гандляр з гандлёвага цэнтру «Малая Эўропа».

Аптымістычная абвестка на павільёне
Аптымістычная абвестка на павільёне

Згодна з указам № 222, ад 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі могуць прадаваць прадукцыю прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці краінаў Мытнага саюзу толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі.

У 2014 годзе была скасаваная палёгка, што дазваляла індывідуальным прадпрымальнікам завозіць з Мытнага саюзу тавары легпраму без дакумэнтаў, што пацьвярджалі б іх легальнае паходжаньне і бясьпеку для спажыўца. Такія тавары без дакумэнтаў трэба было распрадаць да 1 сакавіка 2015 году, пазьней тэрмін быў працягнуты да канца 2015 году. Непрададзеныя тавары могуць выкарыстоўвацца толькі «ў мэтах асабістага, хатняга, сямейнага спажываньня, не зьвязанага з прадпрымальніцкай дзейнасьцю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG