Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новым годзе магілёўскія рынкі апусьцеюць. Прадпрымальнікі страцяць свой бізнэс


Магілёўскія дробныя прадпрымальнікі, якія гандлююць прывазным адзеньнем і абуткам, заяўляюць, што сёньня апошні дзень выйшлі на працу. У многіх бізнэсоўцаў адсутнічаюць неабходныя для далейшага гандлю сэртыфікаты якасьці на тавар.

31 сьнежня на магілёўскіх рынках прадавалася адзеньне і абутак па зьніжаных коштах. Гандляры кажуць, што гэтак яны пазбаўляліся ад тавару. Па сканчэньні працоўнага дня бізнэсоўцы яго вывозілі з рынкаў.

«У новым годзе рынкі зачыняцца. Да 90 працэнтаў прадпрымальнікаў ня выйдуць на працу. Такая сытуацыя кепская ня толькі для, нас, прадпрымальнікаў, але і для простых людзей. Гэтым разам, відаць, нам ня ўдасца адбіцца ад патрабаваньня ўладаў наконт сэртыфікатаў. Калі дакумэнтаў у нас няма, дык навошта нам рызыкаваць, бо канфіскоўваць тавар будуць», — патлумачылі сваю пазыцыю журналісту Свабоды прадпрымальнікі Грабянёўскага рынку.

Што чакае Грабянёўскі рынак у новым годзе?
Што чакае Грабянёўскі рынак у новым годзе?

На найвялікшым у Магілёве Віленскім рынку сытуацыя падобная. Мясцовыя прадпрымальнікі заяўляюць, што ў новым годзе стануць беспрацоўнымі. «Усё цяпер залежыць ад разуменьня ўладаю сытуацыі, у якой мы апынуліся. Чыноўнікам трэба задумацца ня толькі пра прадпрымальнікаў, але і пра людзей. На рынкі ходзяць далёка не заможныя людзі. Калі не скасуюць указ, то зьнікне танны тавар. Мы настроеныя, што больш на рынак ня вернемся», —зазначыла прадпрымальніца зь Віленскага рынку.

Ці вернуцца на Віленскі прадпрымальнікі?
Ці вернуцца на Віленскі прадпрымальнікі?

Паводле бізнэсоўцаў, ім не ўдалося давесьці ўладзе, што прывезены імі тавар немагчыма замяніць беларускім. «Нам даюць на продаж беларускі тавар дваццацігадовай даўніны. Ён заляжалы і нікому не патрэбны. Мы езьдзілі на склады і бачылі той тавар. Ён нікому не патрэбны, дык бярыце прадпрымальнікі», — даводзілі журналісту гандляры.

Нямала павільёнаў на Грабянёўскім рынку былі ў апошні дзень новага году зачыненыя
Нямала павільёнаў на Грабянёўскім рынку былі ў апошні дзень новага году зачыненыя

Бізнэсоўцы лічаць, што ўлада ня выканала свайго абяцаньня стварыць гуртавыя базы для закупу тавару. «Дзе гэтыя базы? Няма іх. Дзе тыя абяцаныя склады? Няма іх. Мы гатовыя гандляваць беларускім, але дзе яно? Айчынны тавар дарагі, і выбраць няма з чаго. У Расеі ад прадпрымальнікаў не патрабуюць сэртыфікатаў. Яны іх ня робяць ні для сябе, ні для тых хто гуртам купляе іх тавар», — наракаюць прадпрымальнікі.

Ахвотным прапаноўваюць павільёны
Ахвотным прапаноўваюць павільёны

Пакуль у прадпрымальнікаў адсутнічаюць кансалідаваныя захады, каб супрацьстаяць, як напачатку 2015 году, уладзе зь яе патрабаваньнем мець сэртыфікаты якасьці на тавар.

«Трэба масава адмовіцца плаціць падаткі. Няхай улада адчуе, што такое безграшоўе», — выказаў сваё бачаньне прадпрымальніцкага пратэсту адзін з гандляроў Грабянёўскага рынку.

«Мы ня раз выходзілі пратэставаць на плошчу, але толку ад гэтага не было, — зазначае ён. — Нас дужа мала зьбіралася. Чыноўнікі кпілі з нас, калі мы сабраліся неяк на плошчы Леніна. Заяўлялі: „Паглядзіце колькі вас, і вы нечага яшчэ хочаце“. Трэба проста не плаціць падаткі. Няхай праз капейкі яны адчуюць нашы праблемы».

На Віленскім рынку ў апошні дзень усё прадавалі са зьніжкамі. Тут панаваў распродаж
На Віленскім рынку ў апошні дзень усё прадавалі са зьніжкамі. Тут панаваў распродаж

Пакупнікі тым часам у апошні дзень 2015 году скарысталіся з магчымасьці прыдбаць прывезены прадпрымальнікамі тавар са зьніжкамі. «Наведнікаў на рынку заўважна паболела. Усе гандлявалі сёньня па распрадажы», — зазначыла, зьбіраючы адзеньне, адна з гандлярак.

Уваход на Віленскі рынак. Усё будзённа ў апошні дзень
Уваход на Віленскі рынак. Усё будзённа ў апошні дзень

Зь 1 студзеня, паводле ўказу № 222, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам, прадпрымальнікам дазволена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG