Крыху больш за траціну беларусаў (33,9%) адмоўна ставяцца да ідэі разьмясьціць у Беларусі авіябазу РФ. 27% станоўча ставяцца да такіх плянаў, а 31,2% апытаных гэта абыякава. Такія вынікі сьнежаньскага апытаньня Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), зарэгістраванага ў Вільні.
Ваенную апэрацыю, якую ў канцы верасьня Расея пачала ў Сірыі, 48,7% ацэньваюць як «барацьбу з тэрарызмам, які пагражае ўсяму сьвету», 29,9% — як «супрацьстаяньне Расеі сусьветнаму дамінаваньню Захаду», а на думку 20,2% , «Расія ў чарговы раз улезла ў чужыя справы, прадэманстравала імпэрскія замашкі».
На думку 11,7%, інтарэсы Беларусі і Расіі цалкам супадаюць, 52,4% мяркуюць, што інтарэсы дзьвюх краінаў у асноўным супадаюць, 22,7% — што ў асноўным не супадаюць, 4,7% — што яны процілеглыя.
Паводле НІСЭПД у сьнежні сёлета праэўрапейскія памкненьні былі ў беларускім грамадзтве рэкордна нізкімі: на гіпатэтычным рэфэрэндуме аб уступленьні Беларусі ў Эўразьвяз саюз «за» сёньня прагаласавалі б 19,8%, «супраць» — 56,1% (у верасьні 27,5%. 51,9% ).
Але адначасова зьнізілася і доля тых, хто выступае за аб’яднаньне з РФ. На рэфэрэндуме аб аб’яднаньні Беларусі і Расеі «за» прагаласавалі б 29,7%, «супраць» 51,5% (у верасьні 32,6%: 49,1%).
Калі пытаньне аб геапалітычным выбары задавалася ў форме «альбо-альбо», за аб’яднаньне з РФ выказаліся 53.5%, за далучэньне да ЭЗ 25.1% ( у верасьні 52,7%. 26,4%).
Адказваючы на пытаньне аб тым, ці варта Беларусі падтрымаць міжнародную барацьбу з тэрарызмам у сувязі з нядаўнімі тэрактамі ў Парыжы, ахвярамі якіх сталі дзясяткі людзей, толькі 34,2% апытаных пагадзіліся з тым, што «Беларусь павінна падтрымаць міжнародную барацьбу з тэрарыстамі, таму што іх дзеяньні — пагроза ўсяму цывілізаванаму сьвету, у тым ліку і беларусам », а 57,4% лічаць, што «Беларусь не павінна ўдзельнічаць у міжнароднай барацьбе з тэрарыстамі, інакш тэрор пачнецца і ў нас».
Ацэньваючы востры крызіс, зьвязаны з патокам мігрантаў з афрыканскіх і азіяцкіх краінаў, які апошнія месяцы перажываюць краіны ЭЗ, толькі 32,6% лічаць, што «трэба прымаць гэтых людзей — яны бягуць ад войнаў і галечы, ім трэба дапамагчы», а 52, 2% — што «трэба высылаць уцекачоў назад, не пускаць да сябе — гэтыя людзі чужыя Эўропе».
Рашэньне Эўразьвязу аб часовым прыпыненьні візавых санкцый супраць некалькіх сотняў беларускіх дзяржслужбоўцаў, у тым ліку і прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, 37,5% ўспрынялі як слушнае рашэньне, паколькі «у Беларусі вызвалілі палітвязьняў — ЭЗ зрабіў крок у адказ», 28,5% — як недастатковае рашэньне, паколькі «санкцыі павінны быць адмененыя цалкам і без умоваў», 19,1% — як няслушнае рашэньне, паколькі «беларускі рэжым не зьмяніўся, аслабляць санкцыі не варта было».