Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінэканомікі зьнізіла прагноз па сярэдняй зарплаце на 2016 год


Замест 7 212 000 стала 6 924 000 рублёў у студзені, а пад канец году прагназуюць ужо не 8 937 000, а 8 841 000 рублёў.

Прагноз па намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаце ў 2016 годзе, што складаецца для вызначэньня коштаў жытла па дзяржзамове для льготнікаў і для вызначэньня максымальнага памеру льготнага крэдыту, быў скарэктаваны ў бок меншых зарплатаў пастановай Мінэканомікі № 69 ад 11 сьнежня 2015 году.

Прагназаваная сярэдняя зарплата ў студзені зьнізілася на 4%: раней прагназавалі 7 212 000 рублёў, цяпер — 6 924 000 (менш на 288 тысяч). Гэта значыць, паводле сёньняшняга курсу валют у студзені прагназуецца сярэдняя зарплата ў 377 даляраў.

Хоць прагноз і зьменшыўся, Мінэканомікі ўсё роўна прагназуе рост сярэдняй зарплаты ў рублях, хоць яна ў Беларусі падае ўжо чацьверты месяц запар нават у рублях. У сьнежні яна склала 6 748 800 рублёў альбо 379 даляраў. Год таму ў сьнежні сярэдняя зарплата ў рублях была практычна такой жа, 6 806 000 рублёў, але тады гэта было роўным 621 даляру.

Пад канец 2016 году сярэдняя зарплата ў рублях мае вырасьці на 22,6%, да 8 841 000 рублёў. Гэта на 1% меней, чым прагназаваныя раней 8 937 000 рублёў. У бюджэт закладзены курс даляра 18 700 рублёў — калі ён і праўда будзе такім на канец году, прагназаваная зарплата складзе крыху меней за 473 даляры.

Дарэчы, пасьля дэнамінацыі беларусы перастануць насіць у кішэнях мільёны, а пра прагназаваную зарплату на сьнежань 2016 году ўжо давядзецца казаць: «Абяцалі 884 рублі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG