1 ліпеня 2016 г. будзе праведзеня дэнамінацыя беларускага рубля ў суадносінах 1:10.000, паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.
1 беларускі рубель ўзору 2009 будзе раўняцца 100 беларускім капейкам узору 2009 года. Банкноты ўзору 2000 году будуць замененыя на банкноты 2009 году: за 10 тысяч беларускіх рублёў старога ўзору можна будзе атрымаць адзін рубель новага ўзору.
Зь 1 ліпеня па 31 сьнежня 2016 грашовыя знакі узораў 2000 і 2009 гадоў будуць знаходзіцца ў паралельным звароце, абавязковым да прыёму.
Былы старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што ўлады ведаюць, што варта зрабіць, каб празь дзясятак год не давялося праводзіць новую дэнамінацыю. Але сумняецца, што патрэбныя рэформы будуць зьдзейсьненыя:
«Я ацэньваю гэта як крок у правільным напрамку. Адзіны сумнеў, які ў мяне ёсьць: дэнамінацыю трэба падрыхтаваць так, каб зьніжаўся рост цэнаў, інфляцыя. Дэнамінацыю варта праводзіць, калі інфляцыя на год складае 3–5%, а ў нас яна — двухзначная велічыня.
Але калі ўжо рашэньне прынятае, то яно будзе станоўчым, толькі калі адначасова будуць зробленыя дадатковыя захады па стабілізацыі цэнаў на спажывецкім і валютным рынках. Калі будзе здушаны манапалізм, спыніцца ўмяшаньне ўладаў у цэнаўтварэньне, абмежаваная роля Міністэрства гандлю, будзе дазволеная і пашыраная канкурэнцыя за кошт палёгкаў малому бізнэсу, абмежаваная грашовая маса, скарочаныя дзяржаўныя выдаткі, банкаўская сыстэма перастане выдзяляць рэсурсы стратнаму сэктару і вытворчасьцям, якія выпускаюць прадукцыю, што ляжыць на складах... Толькі тады ёсьць сэнс. Я думаю, улады гэта ўсё разумеюць, але ці будуць яны гэта рабіць? Ёсьць сумневы, бо ёсьць досьвед: Беларусь з улікам мадэлі, якая цяпер функцыянуе, знаходзіцца на першым месцы ў Эўропе па інфляцыі.
Сама дэнамінацыя — гэта не рэформа, гэта чыста тэхнічнае мерапрыемства. Зарплаты ў 10 тысяч разоў зьменшацца, цэны ў 10 тысяч разоў зьменшацца. Але калі не правесьці мерапрыемствы па спыненьні росту цэнаў, калі ўсё захаваецца, трэба плянаваць новую дэнамінацыю праз 7–8 гадоў. Да таго ж дэнамінацыя сама па сабе — гэта затрата N-най сумы грошаў на новыя грашовыя знакі, на выманьне старых грошай і замену іх новымі. Трэба, каб гэтыя выдаткі апраўдаліся стабілізацыяй на макраўзроўні».
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія», эканаміст Леанід Заіка лічыць, што ўлады нарэшце прыслухаліся да таго, што ён раіў шмат год таму:
«Пра гэта я казаў ужо 15 гадоў. Але самы лепшы час для дэнамінацыі быў год дзесяць таму. Ну, я заўважыў, што тое, што я рэкамэндую, праз 15 год робяць. Пазнавата, вядома... Але, праўда, лепей закрэсьліць чатыры нулі, а ня тры, я так і рэкамэндаваў. І манэты трэба ўводзіць, я рад, што гэта робіцца. Дый мы ўсё больш пераходзім на электронны абарот. Папяровыя грошы і манэты — гэта ў пэўным сэнсе ўчорашні дзень.
Цяпер усё залежыць ад таго, ці будзе жорсткая палітыка, ці будзе Нацыянальны банк утрымліваць новую грашовую адзінку. Калі новая грашовая адзінка будзе зьвязаная з жорсткай палітыкай, моцнымі рашэньнямі, усё атрымаецца. Той старой інфляцыйнай палітыкі, якая вяла да павелічэньня грашовай базы, быць не павінна. Новая грашовая палітыка мае стварацца на новай грашовай адзінцы, якая мае быць стабільнай».
Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, эканаміст Юрась Беленькі кажа, што дэнамінацыя ня будзе эфэктыўнай без рэформаў, і што ад уладаў у сувязі з дэнамінацыяй можна чакаць падвоху.
«З аднога боку, з пункту гледжаньня нулёў гэта чыста тэхнічная апэрацыя. Зь іншага боку, актуальнае пытаньне: як хутка давядзецца плянаваць новую дэнамінацыю? Такія рэчы лепей праводзіць тады, калі валюта на ўздыме, калі ёсьць пэрспэктыва стабільнасьці. А калі няма ніякіх чыньнікаў, якія маглі б забясьпечыць стабільнасьць валюты, калі не выкарыстоўваюцца рэальныя мэханізмы, каб спыніць інфляцыю, то такая мера — проста прыбраць нулі — нічога ня дасьць.
Але заўжды пад такія акцыі людзі чакаюць нейкага „падвоху“. Ведаеце, цалкам можа быць! Не гатовы сказаць, што яны там задумалі, але я не выключаю, што нешта можа быць, ведаючы гэты рэжым».
Статкевіч: «Можа здарыцца і так, што да той дэнамінацыі капейкі не спатрэбяцца»
За цяперашняй дэнамінацыяй беларускім уладам можа спатрэбіцца яшчэ адна, а то і не адна, калі ўлады па-ранейшаму ня будуць падтрымліваць стабільнасьць нацыянальнай валюты, мяркуе кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч.
«Ведаеце, звычайна дэнамінацыю праводзяць, калі нацыянальная валюта стабільная. А стабільнай назваць яе нельга: за часы існаваньня беларускай валюты намінал паменшыўся ў дзесяць мільёнаў разоў! Гэта, безумоўна, не Зымбабвэ (там інфляцыя дасягала 98% на дзень, а з 1980 да 2009 года зімбабвійскі даляр абясцэніўся ў 1025 раз. — РС), з вазкамі за грашыма мы яшчэ ня езьдзім, але другое месца ў сьвеце і першае ў Эўропе па інфляцыі ў нас ёсьць. Калі валюта будзе стабільная, тым чыноўнікам зь беларускага ўраду, якіх лічаць рэфармістамі, можна будзе выказаць рэспэкт. Але я сумняюся.
Таму, думаю, гэта зараз будзе насіць чыста тэрапэўтычны эфэкт. Маўляў, зараз дэнамінуем, у нас усё стабільна, не плянуем, што валюта будзе расьці. Гэта мо зьнізіць дэвальвацыйныя чаканьні насельніцтва, магчыма, так плянуецца. Але можа здарыцца і так, што да той дэнамінацыі капейкі не спатрэбяцца, пакуль яна будзе праведзеная, бо будзе запозна.
На жаль, апошняе, на што зважала гэтая ўлада, гэта стабільнасьць нацыянальнай валюты. Рабуючы зьберажэньні грамадзян, яны выпраўлялі свае эканамічныя хібы і становішча ў эканоміцы. Ну дык хай будзе гэтая дэнамінацыя, за ёй яшчэ і яшчэ... Але я спадзяюся, што наступнай дэнамінацыі гэтая ўлада не пасьпее правесьці, бо яе ўжо ня будзе».
50-рублёвая купюра напісана з памылкай
Сярод новых купюраў, якія зьявяцца пасьля дэнамінацыі, — купюра ў 50 рублёў з выявай Мірскага замку. Аднак мікратэкст на купюры зноў напісаны з памылкай — «пяцьдзесят» замест «пяцьдзясят».
Раней Нацбанк выпусьціў купюру ў 50 тысяч рублёў, дзе таксама мікратэкст меў тую ж памылку — «пяцьдзесят». Пасьля таго як правілы артаграфіі і пунктуацыі ў 2008 годзе памяняліся, трэба пісаць «пяцьдзясят».
Тады Нацбанк выправіў памылку праз два месяцы, а грошы з памылкай пачалі выводзіць з абарачэньня. Потым высьветлілася, што купюры з памылкай набылі вялікую папулярнасьць у калекцыянэраў-нумізматаў.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў сказаў карэспандэнту Свабоды:
«Калі верыць іхняму Закону аб мовах, то, канечне, тут памылка. Таму я ім бы раіў тэрмінова гэтую купюру выняць і перадрукаваць. А што ня вынята, тое могуць загнаць нумізматам за вялікія грошы. Як было ня раз з нашымі пяцьдзясяткамі. І цяпер, дарэчы, калі купюра напісаная празь „е“, нумізматы плацяць намнога больш, чым на ёй напісана. Можа, яны адмыслова зрабілі, каб потым некаму прадаць?! Бо памылка на грашах таксама каштуе. Асабліва зь цягам часу».
— А як жа правільна трэба пісаць на купюрах?
— Па іхных новых правілах — празь «я». Як напісана і на апошняй купюры — «пяцьдзясят тысяч рублёў». Гэта тая ж самая купюра, толькі будзе без нулёў. А памылку я ведаю і здагадваюся: яны ўзялі тую старую купюру празь «е», якая выйшла яшчэ да закону, і, ня ведаючы мовы, яе і запусьцілі. Але да ліпеня ў іх яшчэ ёсьць час замяніць. Трэба мяняць, пакуль яна яшчэ не ўступіла ў дзеяньне. Можа, яны яшчэ і не пасьпелі надрукаваць. Але гэта іх праблемы. Гэта памылка, калі верыць іх новаму закону аб правапісе.
— А як жа ўсё ж будзе правільна? Бо вы ўвесь час кажаце «іхны закон».
— Ёсьць розныя варыянты. А яны ж гэты правапіс прынялі як закон. Я лічу, што пісаць можна і так, і гэтак, я ня бачу тут вялікай розьніцы. Ну, напісалі «я» — значыць, «я». Гэта не істотна, бо адны людзі так вымаўляюць, іншыя гэтак. Часта ў мове ёсьць два-тры варыянты, і хто як хоча, так і выкарыстоўвае. Гэта не такая яўная памылка. Але па іхняму закону трэба «я» — няхай пішуць «я».