Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клюеў: Сытуацыя трагічная — просяць разьлічыцца за карпаратыў у растэрміноўку безнаяўнымі


Пётар Клюеў
Пётар Клюеў

Сёлетнія фінансавыя рэаліі мала спрыяюць таму, каб з былым размахам разьвітацца з адыходзячым годам і хлебасольна сустрэць новы. Дзяржаўныя і камэрцыйныя прадпрыемствы мінімізуюць выдаткі на карпаратыўныя вечарыны — адпаведна, бяз плянаванага заробку застаюцца шматлікія музычныя калектывы ды ўстановы харчаваньня.

Пра адметнасьці сёлетняга сьвяткаваньня «з зацягнутымі паясамі» — лідэр гурту «Амплітуда сьмеласьці» Пётар Клюеў. Апроч прафэсійнай дзейнасьці, музыка мае досьвед удзелу ў кавэр-гуртах, якім гэтым разам мала дапамагае нават дэмпінг.

— Пётар, на мінулым тыдні арганізатар карпаратыўных імпрэзаў, заснавальнік калектыву барабаншчыкаў Drum Ecstasy Філіп Чмыр у размове са Свабодай канстатаваў: такога «кашмару» яшчэ не было. Падзяляеце пэсымізм калегі?

Вядома, кампаніі не шыкуюць: сёлета ўпершыню просяць разьлічыцца ў растэрміноўку або ўвогуле пазьней і безнаяўнымі.

— Так, сытуацыя трагічная, але трэба гаварыць пра два сэгмэнты творчасьці. Першае — гэта дзейнасьць кавэр-бэндаў, таму што большасьць нават аўтарскіх выканаўцаў, якія маюць уласны рэпэртуар, трымаюць у «заначцы» на карпаратывы і сьвяты джаз-кавэры, блюз-кавэры, усясьветныя хіты. Вось у гэтым сэгмэнце спад на 80%. Прыкладам, у майго джазавага кавэр-бэнду працы меней на 70-80%. Я салідарны, што сытуацыя ахавая. А калі нават і ёсьць прапановы, то са страшным дэмпінгам. Вядома, кампаніі не шыкуюць: сёлета ўпершыню просяць разьлічыцца ў растэрміноўку або ўвогуле пазьней і безнаяўнымі. Кавэр-бэнды фактычна паміраюць, а іх удзельнікі ідуць працаваць па сваіх спэцыяльнасьцях.

Тым ня меней, незапатрабаванасьць кавэр-бэндаў мае пазытыўны момант для аўтарскіх праектаў. Гэта якраз другі сэгмэнт. Скажам, у «Амплітуды сьмеласьці» выступаў больш праз тое, што людзі вырашаюць запрасіць прафэсіяналаў. Крызіс кавэрыстаў прывёў да адноснага павелічэньня прапановаў — зразумела, за меншыя грошы, гэта бясспрэчна. Нават звычайныя фірмы — раней замаўлялі кавэр-бэнд, каб патанчыць на Новы год, а цяпер можна запрасіць аўтарскі праект — не за такія вялікія грошы, як за нармальны, якасны кавэр-бэнд, каб той адыграў ім 2 гадзіны. Але мы паўгадзіны выступім з аўтарскай праграмай. У гэтым — пазытыўны момант, і такіх выступаў якраз нямала. За невялікія грошы, але ёсьць.

— Канкрэтны прыклад: наколькі задзейнічаны гурт Пятра Клюева «Амплітуда сьмеласьці» ў навагодніх імпрэзах?

Калі ў такой сытуацыі гэта будзе каштаваць шмат, нават зацікаўленыя людзі ці кампаніі такое папросту ня змогуць сабе дазволіць.

— У мяне штодзённа мінімум адзін, а так нават па два, а то і тры выступы. І зь іх толькі чатыры — гэта кавэр-вэрсіі. То бок, з амаль паўтара дзясятка пераднавагодніх выступаў толькі чатыры прыпадаюць на кавэр-бэнд, а рэшта — калі я прыходжу, сьпяваю свае песьні кшталту «Асьцярожна, лістапад», «Ты любіла», «Каханьне», «Амплітуда сьмеласьці» ды іншыя рэчы зь першага альбома, зараз дадаліся апошнія сынглы. Гэта запрашэньні, пачынаючы ад рэстарацыяў і заканчваючы прыватнымі фірмамі. Шчыра кажучы, я сам зьдзіўлены, бо ў маім выпадку цяперашні крызіс нібыта дэманструе станоўчы яго ўплыў на аўтарскія праекты. Праўда, яшчэ раз вымушаны ўдакладніць, што актыўнасьць — за невялікія грошы. Бо калі ў такой сытуацыі гэта будзе каштаваць шмат, нават зацікаўленыя людзі ці кампаніі такое папросту ня змогуць сабе дазволіць.

Узровень адукаванасьці ўласьнікаў рэстарацыяў, кавярняў і клюбаў ня вельмі высокі. Лёгіка простая: калі кавэр-бэнду можна заплаціць утрая таньней, навошта пераплачваць?

— Працягнем тэму: дык як моцна дэмпінгуюць кавэр-каманды? І за кошт чаго ёсьць магчымасьць паніжаць матэрыяльную плянку?

— Праз тое, што прыйшоў фінансавы крызіс, зьявілася велізарная колькасьць новых кавэр-бэндаў — у адным толькі Менску паўстала блізу 200 такіх гуртоў! Уяўляеце, што гэта для невялікай тэрыторыі? Ад пачатку 2015-га пачалі дэмпінгаваць на карпаратывах, на сьвятах, за год зьбілі цэны да мінімуму. З-за гэтага шмат фірмовых бэндаў, сапраўдных прафэсіяналаў страцілі працу. На жаль, узровень адукаванасьці ўласьнікаў рэстарацыяў, кавярняў і клюбаў ня вельмі высокі. Лёгіка простая: калі кавэр-бэнду можна заплаціць утрая таньней, навошта пераплачваць? Хлопцы граюць, людзі танчаць, ну і добра. У выніку прафэсійныя музыкі зьяжджаюць па кантрактах — у Эміраты, у Марока, іншыя. Там граюць у гатэлях і атрымліваюць нармалёвыя грошы. Раней зараблялі тут, але пасьля таго, як пайшоў дэмпінг у цэнах, людзі сталі неканкурэнтаздольнымі.

— Дык у якіх прапорцыях абваліліся прыбыткі?

— Скажам, раней рэстарацыя плаціла 300 даляраў на фірмовы калектыў — людзі гралі, была адпаведная рэпутацыя. А потым прыйшлі цяжкія часы, напачатку году рубель ляснуўся — і гаспадары ўжо ня могуць трымаць такі бэнд. Прыйшла новая каманда — на басе фізык, за ўдарнымі маркетоляг. Нешта граюць, уласьнік ня тое што музычнай адукацыі ня мае, проста музычнага густу, але разумее: хлопцы гатовыя браць на ўвесь бэнд 100 даляраў. Вядома, трэба пагаджацца. Вось такога вельмі шмат зьявілася, і па нас, на жаль, адчувальна ўдарыла. Мала ў каго з прафэсійных музыкаў засталася «стабілка», але ёсьць гонар, мы трымаемся.

На месцы дырэктара рэстарацыі ўвогуле адмовіўся б ад жывой музыкі, бо гэта элемэнтарная непавага да людзей, якія, маючы дзяцей, вымушаныя ўсю ноч граць за капейкі.

Ужо ходзіць жарт: а давайце за 20 даляраў тры гадзіны граць калектывам, каб давесьці да абсурду такія прапановы. Асабіста мне як уласьніку рэстарану было б сорамна казаць пра ганарар у 20 даляраў на чалавека, і каб гралі ад паўночы да трэцяй. Але такія фінансавыя прапановы. Яшчэ ў мінулым сьнежні ганарар на кожнага музыку быў 50 даляраў, і гэта быў псыхалягічны мінімум. Зараз — 20 даляраў. На месцы дырэктара рэстарацыі ўвогуле адмовіўся б ад жывой музыкі, бо гэта элемэнтарная непавага да людзей, якія, маючы дзяцей, вымушаныя ўсю ноч граць за капейкі. Цяжка.

— Пётар, а якія назіраньні па запаўняльнасьці рэстарацыяў? Прадстаўнікі Мінгандлю запэўніваюць: «90% агульнадаступных аб’ектаў грамадзкага харчаваньня маюць замовы на правядзеньне навагодніх мерапрыемстваў». Адпавядае рэальнасьці?

— На працягу году я працую ў рэстарацыях штотыдзень, а часам і штодзённа. Дык вось яшчэ летам, увосень сытуацыя была вельмі дрэнная, проста катастрафічная. Бальшыня ледзьве трымаліся, літаральна з апошніх сілаў. Грамадзкаму харчаваньню і зараз нялёгка, але справа ў чым? Ня так даўно ўстановы харчаваньня абавязалі мець танную гарэлку. Ёсьць адмысловая пастанова, згодна зь якой у самых дарагіх рэстарацыях мусіць быць беларуская гарэлка — «Крышталь», «Бульбаш», іншыя. Каштуе 9500-10000 рублёў за 50 грам, навар — літаральна капейкі.

Народу ў рэстарацыях стала больш таму, што там ёсьць танная гарэлка.

У рэстаранах, дзе я працую, падаюць дарагія стравы па 300-400 тысяч. Ёсьць, зразумела, «Абсалют», але тут жа і «Бульбаш». У выніку зьявіўся кантынгент, які заходзіць і замаўляе салаткі і танную гарэлку, якая ў мэню цяпер абавязаная быць. То бок, народу ў рэстарацыях стала больш таму, што там ёсьць танная гарэлка. Бо калі ў краме яна каштуе 80 тысяч рублёў, то ў рэстарацыі — 100 тысяч, 20 тысяч зьверху на бутэльку. І людзі могуць сабе дазволіць: п’юць шмат гэтай гарэлкі і даюць статыстыку. З фінансавага гледзішча гэта мала цікава для рэстарацыяў, але для звычайных людзей як бы і нядрэнна. Але абарот рэстарацый ад гэтага шмат не павялічваецца. Наогул у гэтым годзе многія ўстановы прапаноўвалі адзначыць Новы год за 100 даляраў на чалавека. Дзеля параўнаньня, у мінулыя гады гэта каштавала 200-250 даляраў. А некаторыя цэньнікі выстаўляюць яшчэ меншыя.

— Якія пэрcпэктывы карпаратыўнага крызісу? Наколькі ён зацяжны, ці можна прадказваць нешта на наступны год?

— Сытуацыя якая? Нават у мінулым годзе, ня кажучы пра паза- ці паза-пазамінулыя, мяне ўжо ў жніўні-верасьні «рэзэрвавалі» на пэрыяд ад 20 да 30 сьнежня. Сёлета пачалі разгойдвацца ў сярэдзіне сьнежня, запрашаючы на канец году. Таму ў такой сытуацыі нічога прадказваць немагчыма, пра нешта казаць можна хіба што ў верасьні наступнага году. Бо звычайна, калі кампаніі адчуваюць, што маюць грошы, што могуць сабе нешта загадзя дазволіць, то, як я ўжо казаў, ад пачатку восені ідзе рэзэрвацыя артыстаў на навагоднія сьвяты. У гэтым годзе нічога падобнага не было. Пра нешта казаць можна будзе толькі ў другім паўгодзьдзі 2016-га.

Пётар Клюеў — музыка, аўтар і выканаўца ўласных твораў. У 2005 годзе пачаў дзейнасьць як клясычны піяніст, але падчас навучаньня ў Аўстрыі зьвяртаецца да эстраднай музыкі. Затым пераехаў у Італію, дзе распачаў сольную кар’еру. У 2008-м выходзіць яго альбом «For all Friends», англа- і беларускамоўныя кампазыцыі трапляюць у ратацыю на радыёстанцыі ў Італіі, Аўстрыі і Беларусі. У 2010-м здымае кліпы на песьні «Каханьне» і «Ты любіла», тады ж ладзіць супольны праект з Аляксандрам Патлісам (экс-«Новы Іерусалім») пад назвай «Усё пра Любоў». Пад канец 2011-га ў Палацы Рэспублікі праходзіць прэзэнтацыя яго новай кружэлкі, а праз год ён — фiналiст нацыянальнага конкурсу «Новая Хваля» ў Юрмале. У 2013 годзе — гастролi па краiнах Балтыi. Летась Пётр Клюеў прэзэнтаваў музычную праграму на вершы Генадзя Бураўкіна, а сёлета да адборачнага туру на «Эўрабачаньне» запачаткаваў праект «Амплітуда сьмеласьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG