«Мы зьбіраем грошы, каб пакласьці іх на рахунак Міхаіла Жамчужнага ў калёніі ў Навасадах. У яго зусім няма сродкаў, бо пэнсію не выплачваюць, а сваякоў, якія б яму дапамаглі, у яго няма. Трэба тэрмінова дапамагчы», — паведаміла карэспандэнту Свабоды грамадзкая актывістка, рэжысэрка дакумэнтальнага кіно Вольга Мікалайчык.
Паводле Вольгі Мікалайчык, якая лістуецца зь Міхаілам Жамчужным, яму не даходзяць дасланыя кнігі.
«Адправіла бандэрольлю кнігу Курта Вонэгута „Сырэны Тытана“ — гэта навуковая фантастыка, вельмі вядомы ў сьвеце аўтар, але бандэроль вярнулася з прыпіскай „недазволенае ўкладаньне“. Міхаіл Жамчужны —навуковец, ён прасіў у лістах даслаць яму як мага больш кніг, але, відаць, яго адмыслова трымаюць на такім галодным пайку, каб менш чытаў», — кажа Вольга Мікалайчык.
Зь Міхаілам Жамчужным таксама лістуецца грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька. Днямі Ганна Шапуцька атрымала ад Міхаіла Жамчужнага ліст, у якім той распавёў, чаму не падпаў пад амністыю 2015 году.
«У калёнію прыйшло некалькі выканаўчых лістоў паводле спагнаньня зь мяне грошай па суду, пра якія я ня ведаў. У выніку не ўжылі адносна мяне амністыю, бо не сплаціў, хаця як я мог сплаціць, калі выканаўчых лістоў мне не паказвалі. У астатнім — усё нармальна. Вязьні калёніі мяне паважаюць і па меры магчымасьці дапамагаюць. Відаць, мая праваабарончая дзейнасьць за 1,5 года зьняволеньня дала станоўчы вынік. Тут шмат віцебскіх вязьняў, якія паведамілі пра мае 40 сутак карцэру падчас сьледзтва, пра змаганьне з адміністрацыяй ізалятару, СК і КДБ. Цяпер прыкладаю намаганьні, каб дапамагчы майму сябру Андрэю Бандарэнку», — напісаў Міхаіл Жамчужны.
Сёлета былы праваабаронца Міхаіл Жамчужны быў асуджаны да 6,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачваньня ў падбухторваньні да наўмыснага распаўсюджваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу, набыцьці і збыце тэхнічных сродкаў для незаконнага атрыманьня інфармацыі і за дачу хабару.
Па большасьці абвінавачаньняў Міхаіл Жамчужны сваёй віны не прызнаў. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», матэрыялы, у атрыманьні якіх быў абвінавачаны Міхаіл Жамчужны, мелі грамадзкі інтарэс, бо тычыліся злоўжываньняў асобных міліцыянтаў і іх удзелу ў зводках аб здарэньнях. Таксама праваабаронцы «Вясны» сьцьвярджаюць, што супрацьпраўныя дзеяньні, у якіх быў абвінавачаны Міхаіл Жамчужны, адбываліся ў межах апэратыўнага экспэрымэнту — то бок, супрацоўнікі праваахоўных органаў штучна стваралі для іх патрэбныя ўмовы, замест таго, каб спыніць.
Суд над Міхаілам Жамчужным быў закрытым, і гэта таксама стала падставай для таго, каб у пачатку сьнежня 2015 году шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і запатрабавалі ад уладаў адкрытага перагляду ягонай справы. Пры гэтым намеры Міхаіла Жамчужнага адносна атрыманьня інфармацыяй празь незаконныя захады былі асуджаныя.
«Матывамі дзейнасьці Міхаіла Жамчужнага не зьяўляліся карысьлівасьць або атрыманьне якіх-небудзь іншых выгод. Яго дзеяньні матываваліся няправільна зразумелымі інтарэсамі праваабароны. Кантакты з апэратыўнымі супрацоўнікамі для незаконных мэтаў і незаконныя мэтады заўсёды асуджаліся праваабарончым супольнасьцю» — гаворыцца ў заяве ад 7 сьнежня 2015 году, якую падпісалі кіраўнікі шасьці праваабарончых арганізацый Беларусі.