12 лістапада праваабарончы цэнтар «Вясна» накіраваў запыт старшыні Вярхоўнага судe Валянціну Сукалу адносна крымінальнай справы заснавальніка «Платформы-інавэйшн» Міхаіла Жамчужнага.
У зьвязку з тым, што суд быў закрытым, праваабаронцы просяць Сукалу «выказацца пра сутнасьць крымінальнай справы супраць Міхаіла Жамчужнага, характар зьвестак, якія з парушэньнем устаноўленага законам парадку ён здабываў, устаноўленых прысудам матываў дзеяньняў асуджанага ў межах, якія не пацягнуць разгалошваньня ахоўваных законам зьвестак».
Паводле аўтараў звароту, гэтая інфармацыя паўплывае на ацэнку «Вясной» абгрунтаванасьці й матываў крымінальнага перасьледу Міхаіла Жамчужнага. А таксама дазволіць вызначыць, ці зьвязаны гэты крымінальны перасьлед з праваабарончай дзейнасьцю Жамчужнага.
23 кастрычніка Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзеў касацыйную скаргу асуджанага й павялічыў на паўгоду тэрмін зьняволеньня.
Міхаіл Жамчужны 10 ліпеня быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў калёніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі па некалькіх артыкулах крымінальнага кодэксу: наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія маюць службовую тайну, незаконнае набыцьцё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу, а таксама дача хабару.