Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгерд Бахарэвіч прэзэнтуе фэмінісцкі раман «Белая муха, забойца мужчын»


Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч

Імпрэза з нагоды выхаду новай кнігі пачнецца ў «Галіяфах» 28 сьнежня а 19:00.

Беларускі пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч прэзэнтуе 28 сьнежня а 19:00 у менскай кнігарні «Галіяфы» новы раман «Белая муха, забойца мужчын», які ў размове з карэспандэнтам Свабоды называе «у нечым фэмінісцкім»:

«Гэта раман пра жаночую банду, якая захапіла адзін з замкаў у сучаснай Рэспубліцы Беларусь. Беларусь у ім рэальная, а сам замак гэта хутчэй зьбіральны вобраз некалькіх беларускіх замкаў. Гэта раман на жаночую тэму, ён распавядае пра сучасных беларускіх жанчын, іх праблемы. Раман правакацыйны, у нечым фэмінісцкі, у нечым палітычны — прынамсі, хочацца спадзявацца на гэта.

Прэзэнтацыі за межамі Беларусі абавязкова будзем ладзіць. Але пакуль галоўнае — правесьці сёньняшнюю прэзэнтацыю. Кніжку вязуць з друкарні, таму сёньня ўсе мае думкі пра вечаровую імпрэзу. Натуральна, як і кожны аўтар, я спадзяюся, што яна будзе чытанай. Чакаю водгукаў, чакаю посьпеху. Ня верце тым аўтарам, якія кажуць, што яны ў тым не зацікаўленыя, што пішуць выключна для сябе. Натуральна, будзем прасоўваць, будзем рэклямаваць. Паеду ў Парыж, паеду ў Латвію, буду там чытаць нейкія фрагмэнты, размаўляць зь перакладчыкамі.

Звычайна ўсе мае кнігі зьяўляюцца ў дзяржаўных кнігарнях. Іншая рэч, што потым цяжка арганізоўваць нейкую падтрымку іх продажу, бо дзяржаўныя кнігарні на гэта фактычна не ідуць, адмаўляюцца пускаць да сябе аўтараў. Ды, згодна з дамоўленасьцю з выдаўцом, першы месяц, можа быць, будзе рэалізоўвацца толькі ў кнігарні „Галіяфы“ на Старавіленскай, 6, таму што кнігарня толькі адчынілася і трэба нешта рабіць, каб прыцягнуць да яе ўвагу.

Прыходзьце на прэзэнтацыю, калі маеце час і ахвоту. Будзе шмат гасьцей, якія будуць казаць ня толькі пра раман, але і пра жаночыя праблемы ў Беларусі. Я там буду паказваць пэрформанс, які называецца „Не мужчынская гэта справа“. Там будзе гучаць музыка, прагучыць жывое літаратурна-музычнае прывітаньне ад Сяргея Шупы і Весны Касэрэс. Будзе даволі багатая праграма, а галоўнае, сёньня кніга будзе прадавацца без нацэнкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG