Камэрцыйныя і дзяржаўныя кампаніі адмаўляюцца ад забаўляльных мерапрыемстваў для сваіх супрацоўнікаў, а рэстараны і кавярні ў пік сэзону ня маюць сьвяточных замоваў.
Заснавальнік і лідэр папулярнага калектыву барабаншчыкаў Drum Ecstasy Філіп Чмыр мае магчымасьць ацаніць маштабы карпаратыўнага крызісу ў двух іпастасях: з аднаго боку — у якасьці музыкі, зь іншага — супрацоўніка рэклямнага агенцтва, адказнага за арганізацыю відовішчных мерапрыемстваў.
— Буду ацэньваць як арганізатар, таму што ў Drum Ecstasy з-за асаблівасьці рэпэртуару карпаратываў заўсёды мала. То бок, у нас як было няшмат, так і ёсьць — тры імпрэзы, і тое звязаныя не з карпаратывамі. А вось як арганізатар мерапрыемстваў магу канстатаваць: гэта сапраўдная катастрофа. Найперш, бюджэт — гэта не перадаць словамі. За такія імпрэзы ня варта нават брацца, бо бюджэт такі: паесьці, вядучы, кавэрбэнд — усё. Кавэрбэнды ў сярэднім упалі ў кошце ад 1500 даляраў утрая, нават за 400 даляраў можна знайсьці. Увогуле гэта жахлівая беларуска-расейская традыцыя мець кавэрбэнды, над чым сьмяюцца ў Эўропе, тым ня меней, гэты кавалак рынку таксама прасеў.
— Яшчэ пару гадоў таму асаблівым шыкам было запрасіць на карпаратыў расейскую зорку. Што цяпер?
— Што тычыцца расейцаў. Літаральна толькі прайшло мерапрыемства. Калі замаўлялі з Расеі артыстаў на 22 сьнежня (то бок, на ўчора), былі вольныя ўсе, каго мы хацелі. Іншымі словамі, усе, каго разглядалі, дружна гаварылі: так, мы гатовыя прыехаць. І гэта гаворка пра «рынкавы тыдзень»! У мінулыя гады яны проста адмаўляліся выяжджаць з Масквы, бо рабілі па тры мерапрыемствы за дзень. Я аднойчы замаўляў гурт «Брава», хлопцы выставілі двайны ганарар. Аргумэнтавалі так: прыляцеўшы ў Менск, мы граем адзін раз, а ў Маскве стопрацэнтна сыграем двойчы. Цэньнік быў, што ўсе ахнулі. У гэтым годзе ўжо ўсе гатовыя ехаць, мала за тое, нават цягніком. Гэта значыць, што перад выступам 22 сьнежня быў вольны і вечар 21-га. У Расеі сытуацыя аналягічная. Мэнэджэр, які катае нас па падобных імпрэзах, сказаў: у яго адно мерапрыемства ў лістападзе, адно ў сьнежні і адно ў студзені. І ўсё. Для тых, хто заточаны толькі пад івэнты, гэты год, безумоўна, самы крызісны. У лепшай сытуацыі рэклямныя агенцтвы, якія трымаюць івэнты як спадарожныя: рэкляма ідзе ў любым выпадку, бо тавар трэба прадаваць. То бок, бюджэты на рэкляму застаюцца, а на забавах ужо эканомяць. Яно і зразумела: навошта спрабаваць яднаць каманду перад звальненьнем?
— А што з цэньнікамі на расейскіх артыстаў, па чым «папса для народа»?
Самае цікавае, што пры ўсім гэтым цэньнік на расейцаў ня ўпаў, увогуле
— Самае цікавае, што пры ўсім гэтым цэньнік на расейцаў ня ўпаў, увогуле. То бок, яны як каштавалі год ці два таму шалёныя грошы, так каштуюць і цяпер. Зусім ня скінулі цэны, і такая пазыцыя расейцаў правільная: ня можаш пацягнуць — да пабачэньня, пачакаем лепшых часоў.
— То бок, беларусы плаціць па маскоўскіх тарыфах ня здольныя?
— Я ўжо казаў, што мы прывозілі артыстаў з Расеі, але справа ў тым, што замаўляла ня наша кампанія, а буйны міжнародны кліент, які гатовы быў раскашэліцца. То бок, не беларускі. Адзінае ведаю, што калі пад Новы год у кантораў (нашых канкурэнтаў і партнэраў) некалі было па 15-20 мерапрыемстваў, то сёлета 3-5 «карпаратываў» з абсалютна нізкімі бюджэтамі. А ёсьць тыя, у каго наогул зьзяе «нуль». Ня ўпэўнены, што нават фірмы з замежным капіталам могуць сабе дазволіць расейскую зорку, часьцей усё заканчваецца на стадыі запыту: проста трацяць прытомнасьць, пачуўшы суму. Калі спрабуюць дастукацца — крызіс жа! — расейцы толькі адмахваюцца: а нам усё роўна.
— Філіп, дык ці можна казаць, што сёлетняе адзначэньне калядна-навагоднія сьвятаў адназначна праваленае? Ці ўсё ж быў крызіс, зь якім карэктна параўнаць цяперашні параліч?
— Так, правалены без варыянтаў. У адной мацёрай кампаніі, якая даўно працуе на рынку, сказалі: нават у 1998 годзе, калі здарыўся расейскі дэфолт, калі ўсе прагарэлі, такога кашмару не было. Зараз у Беларусі ўсё каштуе проста капейкі. Артысты пайшлі на дэмпінг, што я лічу катэгарычна няправільным крокам. Людзі працуюць за 300 даляраў, ня думаючы, што потым ім ніхто больш ня дасьць. Скажам, у мяне па Drum Ecstasy сёлета тэлефанаваньняў было шмат. Але я паводзіў сябе, як маскоўскі сьпявак: мэнэджэры параілі ня скідваць цану, год-два можам і не пайграць. У іншым выпадку з гэтымі дэмпінгавымі цэнамі давядзецца жыць, калі пойдзе пад’ём рынку. Людзі прызвычайваюцца плаціць капейкі, і за гэты мізэр трэба будзе працаваць. У выніку мы адмовіліся ад усіх прапановаў, бо зьніжкі не даем. Крыху пачакаем.
— Выглядае, бяз працы застаюцца і шоўмэны, для якіх карпаратывы таксама былі залатой жылай?
— Так, ведаю, што па вядоўцах тая ж самая праблема. Ня буду называць прозьвішча, але гэта адзін з самых запатрабаваных вядоўцаў у Беларусі. Дык вось, калі днямі яго сустрэў, ён сказаў: усё о’кей, закрыў выходныя. Гэта азначае, што ён заняў сьвяточныя ўік-энды. Дзеля параўнаньня: раней у яго маратон пачынаўся 10 сьнежня і перавальваў у наступны год. Прычым былі па 2-3 запыты на дзень і ён сам выбіраў, з кім працаваць. Цяпер усё інакш.
— Усё ідзе да таго, што напаўпустымі застануцца рэстараны, кавярні: няма бюджэту — няма сьвята?
— Абсалютна. Калі мы шукалі ў Менску рэстаран пад імпрэзу, усе пляцоўкі былі вольныя. Проста калі хочаш, тады і прыходзь. То бок, калі ласка — любы рэстаран, усё свабодна. Было напярэдадні мерапрыемства, дык за тыдзень выбіралі — тут будзем, альбо там.
— Апроч таго, што ўстановы харчаваньня застануцца без звышпрыбытку, а музыкі недаатрымаюць заплянаваныя ганарары, ёсьць у такой сытуацыі станоўчыя моманты?
— Вядома! Гэта ж проста цудоўна, што натуральным шляхам зьнікаюць канкурэнты. Самае што ні на ёсьць ачышчэньне рынку. Для той жа Расеі гэта ўвогуле аздараўленьне — людзі разьяжджаюцца па дамах у сваю Уфу, Чэлябінск ды іншыя гарады. Яны аб’ектыўна ня могуць канкураваць у шоў-бізе, таму што прыехалі толькі дзеля хуткіх грошай. Дык вось такія зьедуць. Менск — больш стабільны ў гэтых адносінах горад, кантынгент у масе сваёй застанецца, але, ня выключана, шэрагі крыху парадзеюць і хтосьці пойдзе на нармальную працу — грузіць тавары ці працаваць на будоўлі. Добрая, стабільная праца — будоўля ідзе, усе занятыя. А рэстараны не працуюць, няма кліентаў. Таму цалкам магчыма, што нейкія канкурэнты і задыхнуцца. А гэта добра для іншых.
Калектыў Drum Ecstasy ўтвораны ў Менску ў 1993 годзе. Тры бубначы і бас-гітарыст «замешваюць» кактэйль з розных стыляў электроннай і рок-музыкі: Industrial, Noise-Rock, Drum’n’Bass, Tech-House, Techno. Гукавыя і шумавыя эфэкты, апроч уласна музычных інструмэнтаў, дасягаюцца з дапамогай электрапілы, дрэлі, нават вібратару, і ёсьць арганічнай часткай эстэтыкі сучаснага індустрыяльнага шоў. Удзельнікі гурту адмаўляюцца ад любых стылістычных метак, адзначаючы, што выконваюць «цяжкую танцавальную музыку». Больш чым за 20 гадоў музычнай кар’еры Drum Ecstasy ўдзельнічалі ў дзясятках шоў розных фарматаў у многіх краінах Эўропы.