Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закладніцы мовы, альбо Васіль Быкаў як беларуска


Анка Упала
Анка Упала

Без нажа, безь пісталета яна бярэ нас у палон, маніпулюе нашымі думкамі, прымушае рабіць неасэнсаванае, падштурхоўвае да гатовых высноў і рашэньняў. Зь ёй трэба пільнавацца. Гэта я пра мову, зноў пра яе.

Летась на выставе авангарднага мастацтва ў Менску я пабачыла творы маладога беларускага мастака Андрэя Ярашэвіча, сэрыю літаграфіяў з антрапаморфнымі выявамі жывёл. Я сфатаграфавала лісу, зайца, ваўка і лася, але на сайце мастака можна яшчэ пабачыць мядзьведзя, котку і казу. У намаляваных стварэньняў зроблены акцэнт на геніталіях: у лісы, коткі і казы яны жаночыя, а ў зайца, ваўка, лася і мядзьведзя — мужчынскія. Мяне ў гэтай сэрыі зацікавіла ў прыватнасьці тое, якім несвабодным ад дыктату мовы выявіўся нібыта вольны ў творчасьці мастак. Граматычныя катэгорыі роду базавай у мове формы слова наўпрост прадыктавалі біялягічны пол выяўленага стварэньня. У дадзеным выпадку дыктатаркай выступіла руская мова (на сайце мастака ў подпісах акурат яна і выкарыстаная), беларуская загадала б маляваць котку катом. Такім чынам мова, не спытаўшыся ў аўтара, зрабіла за яго выбар, і ён ані разу яе не аслухаўся.

Амэрыканская лінгвістка і дасьледчыца ў кагнітыўнай псыхалёгіі Лера Барадзіцкі ў сваёй лекцыі «Як мова, на якой мы гаворым, уплывае на нашае мысьленьне» кажа, што ў мастацтве ў 85% выявы нават такіх абстрактных зьяваў як час і сьмерць будуць адлюстроўваць граматычную катэгорыю роду іх найменьняў у мове, на якой гавораць мастак ці мастачка. Так у скульптурах Мікелянджэлё Сьвітанак і Ноч — жанчыны, а Дзень і Вечар — мужчыны. Мікелянджэлё, якога мы прызнаем за генія, тым ня менш таксама ўсухую прайграе мове ў сьвядомасьці пэўнага выбару — 4:0. У італьянскай мове сьвітанак і ноч — жаночага роду, а дзень і вечар — мужчынскага.

Мова — часта непераадольная зьява, здольная торгаць нас за нітачкі, як лялек.

Я пішу цяпер пра мову ня толькі таму, што яна мяне цікавіць як такая, але таксама для таго, каб паказаць, наколькі гэта часта непераадольная зьява, здольная торгаць нас за нітачкі, як лялек.

Днямі выйшла рэцэнзія на першую кнігу паэткі Тані Сьветашовай, у якой аўтарка водгуку Лідзія Міхеева піша:

«Но как и в случае с Цветаевой, автора „Разных вещей“ язык не поднимется назвать „поэтессой“ (с всеми умилительными и „уменьшительными“ коннотациями, которые исторически сгустились в этом титуле). О ней хочется говорить — „поэт“.

Поэт — всегда больше чем мужчина или женщина».

Практычна немагчыма трапіць ва ўнівэсальныя творцы праз граматычную перамену роду.

Тут я не магу пагадзіцца зь Лідзіяй. Прыклады вышэй паказваюць, што так ня ёсьць, як бы нам не хацелася. Практычна немагчыма трапіць ва ўнівэсальныя творцы праз граматычную перамену роду.

У слове «поэтесса» Лідзія сутыкнулася з той жа праблемай, якую я згадвала ў папярэднім блогу — статусна паніжальным значэньнем фэмінітываў, і ў яе таксама ўзьнік пратэст супраць няроўнасьці ў перадачы «жаночага» і «мужчынскага» ў мове. Гэты пратэст узьнікаў, узьнікае і будзе ўзьнікаць зноў і зноў ва ўсіх нас, калі мы гаворым пра сябе і жанчын, якіх паважаем. Збольшага гэты пратэст заканчваецца адмовай ад жаночага маркера на карысьць мужчынскага, і я не лічу гэта добрым выйсьцем.

Не на ўсе фэмінітывы можна адважыцца, але «паэтэса», відаць, не найгоршае зь іх. Я пагаджуся з паэткай і перакладчыцай Юляй Цімафеевай, якая напісала:

«Нават самы адпеты графаман будзе (сама-)называцца паэтам і ніколі паэтэсай. Мужчынскія назвы заняткаў быццам бы нясуць у сабе статуснасьць. Для жанчыны называцца словам мужчынскага роду — значыць адваяваць сабе месца ў „вышэйшым“ мужчынскім коле, быццам бы быць прынятай „сапраўднымі“ майстрамі. І ў гэтым нежаданьні называць ці называцца фэмінітывамі прасочваецца такая зьява як мізагінія і ўнутраная мізагінія. Называцца па-жаночы — значыць зьнізіць уласны статус, значыць прызнаць сваё месца ў ліку „несапраўдных“, маргінальных творцаў. хаця любы творца, незалежна ад ягонага ці ейнага гендэру, ня ёсьць унівэрсальным/най».

Пасьля мінулага блогу калегі, журналісткі і журналісты, пачалі задаваць мне, напрыклад, такія пытаньні: а як лепш сказаць пра жанчыну, кухар ці кухарка?

Эх, уявім сабе кухарку Зою. Яна, мусіць, разьлівае чарпаком суп у дзіцячым садку. Кухар жа Пятро займаецца высокай кулінарыяй у рэстарацыі. У выпадку з «поварам» і «паварыхай» яшчэ горш, сацыяльны ліфт, здаецца, вязе жанчыну яшчэ на паверх ніжэй.

Мова будуе мадэль, якая схільная спраўджвацца для жанчыны ў рэальнасьці.

Мова будуе мадэль, якая схільная спраўджвацца для жанчыны ў рэальнасьці. У спадчыну ад папярэдніх пакаленьняў мы бачым жаночае месца ў грамадзтве ніжэйшым за мужчынскае — і такое жанчына ўрэшце займае.

Я б сказала, што пры блізкай да нэўтральнай афарбоўкі значэньня заўжды варта ўжываць фэмінітывы, калі яны ёсьць: спартоўка, дырэктарка, пісьменьніца, паэтка, будаўніца, інжынэрка, пані настаўніца, шаноўная выкладчыца, спадарыня кіраўніца — сьцьвярджаючы, адлюстроўваючы прысутнасьць жанчын у грамадзтве.

Калі гаворка пра зьмяшаную групу, то лепей ужыць словы, якія маркіруюць і жанчын, і мужчын: студэнты і студэнткі, чытачы і чытачкі.

Прывяду прыклад, згаданы фатографкай Ксеніяй Бязрукай у сацыяльных сетках: «На мінулым тыдні слухала паседжаньне чэскага Сэнату. Вітаньні гучаць: „Дзень добры, пан старшыня, дзень добры, пані сэнатаркі й паны сэнатары“. І такі кайф гэта чуць!»

Адчуваньне, калі тваю прысутнасьць заўважаюць — непараўнальна прыямнейшае за ігнараваньне.

Адчуваньне, калі тваю прысутнасьць заўважаюць — непараўнальна прыямнейшае за ігнараваньне.

Калі слова, як часта здараецца з «маркерамі жаночага» істотна нагружанае адмоўна, — справа суб’ектыўнага выбару. Бадай, на месцы аўтарак, якія паслугоўваюцца рускай мовай, я б адважылася «насіць» слова «поэтесса», а найлепш «поэтка», прымаючы выклік. Магу зразумець і выбар мужчынскага кантэксту. Але варта ўсьведамляць, чаму мы ў такім выпадку прысаромлена выключаем «жаночае» — мова кажа — і мы ёй несьвядома верым, — што жанчын альбо няма (вы ведаеце, што жанчын перапыняюць у гутарцы істотна часьцей за мужчын?) альбо яны кепскія і нічога ня вартыя.

Катэгарычна нізкастатусныя словы, такія як паварыха, абсалютна непрымальныя. У выпадку з кухаркай, крыху складаней. У чыста беларускім кантэксьце кухарка гучыць даволі няблага, згадайце «Літоўскую кухарку» Вінцэнціны Завадзскай. Але кантэкст рускай мовы, зачапляючы і беларускае слова, зьмяшчае «кухарку» нізка, туды ж, куды і паварыху. Адсутнасьць адных фэмінітываў, як на мяне, варта кампэнсаваць іншымі, нэўтральнейшымі фэмінітывамі ў тэксьце.

Калі я напісала свой першы блог для Свабоды, Юры Дракахруст заўважыў, што адлюстраваньне жанчын ў мове менш вартая ўвагі праблема, чым, скажам, няроўнасьць аплаты працы, супрацьдзеяньне ў кар’еры — што жанчыны адчуваюць і перажываюць больш яўна.

Агульная атмасфэра непавагі да жанчыны ў грамадзтве ў вялікай ступені паўстае з таго, як мы гаворым пра жанчыну.

Я ж хачу сказаць, што і няроўнасьць у аплаце і бар’ер ў кар’еры і нават гвалт у дачыненьні да жанчын не паўстаюць на пустым месцы. Агульная атмасфэра непавагі да жанчыны ў грамадзтве ў вялікай ступені паўстае з таго, як мы гаворым пра жанчыну. Калі мы нечага не ўсьведамляем, гэта ня значыць, што мы не падпадаем пад уплыў чагосьці. Мікелянджэлё жыў і памёр, не адчуўшы, што ў пэўных выпадках пазбавіўся самастойнасьці творцы.

Мова ані добрая, ані кепская, яна проста напітваецца тым, што абслугоўвае ― і рэтрансьлюе нам жыцьцё нашых прабабак і прадзядоў. Калі хтосьці была абмежаваная ў праве — мова запомніла, калі толькі за пэўнай сацыяльнай групай былі замацаваныя аўтарытэт і прывілеі — мова запомніла таксама. Ёй усё роўна. Па інэрцыі з пакаленьня ў пакаленьне яна перадае нам у спадчыну даўнія завядзёнкі, не разьбіраючы, справядліва гэтае жыцьцё было ўпарадкавана ці не. Але чым проста прымаць на веру яе маніпуляцыі, лепш спыніцца і падумаць над тым, да чаго яна штурхае.

Мова ані добрая, ані кепская, яна проста напітваецца тым, што абслугоўвае.

Ах, яшчэ, ледзь не забылася адказаць тут на адзін камэнтар да папярэдняга тэксту. У зьвязку з тым, што мне падалося дзіўным, калі не камічным, называньне Сьвятланы Алексіевіч чалавекам, які ёсьць беларусам і ўкраінцам, мне напісалі, што крытыкаваць гэта — глупства несусьветнае. Маўляў, калі Васіля Быкава назваць «выбітнай асобай», то, гэта не крыўдная «фэмінная» форма.

Слова «асоба» — ніякі не фэмінітыў, гэта нэўтральнае слова жаночага роду, а вось беларуска і ўкраінка — так, гэта фэмінітывы. І менавіта зь імі было б справядліва праводзіць экспэрымэнт. Баюся, калі Васіля Быкава назваць выбітнай асобай, якая ёсьць беларускай, гэта выкліча немалы, як кажуць у нас на Магілёўшчыне, «батхёрт». Але, калі ўжо паступіла прапанова, давайце мы гэта зробім і паглядзім, ці возьме такую фармулёўку на ўзбраеньне Таварыства беларускай мовы.

Такім чынам, Васіль Быкаў — гэта выбітная асоба, беларуска. Хто — за?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG