Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесю Міхалевічу зноў адмовілі ў спыненьні крымінальнай справы. Ён застаецца ў статусе абвінавачанага


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Экс-кандыдату ў прэыдэнты Беларусі Алесю Міхалевічу зноў адмоўлена ў спыненьні ў дачыненьні да яго крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году.

Міхалевіч, як і большасьць іншых кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня. 19 лютага 2011 году яго выпусьцілі са сьледчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе, а 28-га ён арганізаваў прэс-канфэрэнцыю, на якой расказаў пра катаваньні ў СІЗА.

У сакавіку таго ж году Міхалевіч таемна выехаў зь Беларусі, растлумачыўшы гэта пагрозай «рэальнай фізычнай расправы», і празь некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Ужо за мяжой Міхалевіча некалькі разоў затрымлівалі як асобу, абвешчаную ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу. У ліпені 2012 году апазыцыйны палітык быў афіцыйна паінфармаваны, што ён выключаны з цэнтральнай базы дадзеных Інтэрполу.

8 верасьня сёлета Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы беларускімі памежнікамі на літоўска-беларускай мяжы падчас пашпартнага кантролю як асоба, што знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіча перадалі міліцыі, але празь некалькі гадзін адпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе.

Пасьля вяртаньня Міхалевіч адразу ж падаў ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску хадайніцтва аб спыненьні ў дачыненьні да яго крымінальнай справы, якая ў адносінах да іншых фігурантаў ужо закрытая, аднак атрымаў адмову ад сьледчага Дзьмітрыя Купкі. Паспрабаваў абскардзіць яе, аднак пасьля праверкі СК пацьвердзіў законнасьць дзеяньняў сьледчага.

Міхалевіч зьвярнуўся зь яшчэ адным хадайніцтвам і зноў атрымаў адмову. Як паведаміў Алесь Міхалевіч БелаПАН, ён мае намер падаць чарговае хадайніцтва, гэтым разам — у пракуратуру Менску. Пакуль жа экс-кандыдат у прэзыдэнты застаецца ў статусе абвінавачванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках пяцігадовай даўніны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG