Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт адмовіўся спыніць справу супраць Алеся Міхалевіча


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Пасьля вяртаньня ў Беларусь Алесь Міхалевіч напісаў хадайніцтва аб спыненьні супраць яго крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 года.

Сьледчы па асабліва важных справах упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Дзьмітры Купка паведаміў, што ў задавальненьні хадайніцтва Міхалевічу адмоўлена на падставе артыкулаў 36 і 137 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.

Першы дае сьледчаму права ўзбуджаць крымінальную справу і адмаўляць у яе ўзбуджэньні, а таксама спыняць і прыпыняць папярэдняе сьледзтва.

Другі артыкул тычыцца тэрмінаў разгляду і вырашэньня хадайніцтваў.

Купка адзначае, што Міхалевіч мае права абскардзіць яго дзеяньні ў вышэйшай інстанцыі, перадае БелаПАН.

Па справе аб масавых беспарадках Алесь Міхалевіч праходзіць у якасьці абвінавачанага.

Экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта ў 2010 годзе Алесь Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь 8 верасьня праз чатыры з паловай гады эміграцыі ў Чэхіі, дзе атрымаў палітычны прытулак. Ён быў затрыманы беларускімі памежнікамі пры ўезьдзе зь Літвы падчас пашпартнага кантролю як асоба, якая знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіча перадалі міліцыі, але празь некалькі гадзін адпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе.

11 верасьня Міхалевіч пабываў на допыце ў Сьледчым камітэце. Паводле Міхалевіча, сьледчы цікавіўся прычынамі, з-за якіх ён у 2011 годзе зьехаў у Чэхію, а таксама ўдакладняў, ці згаджаецца палітык са сваімі папярэднімі паказаньнямі.

Міхалевіч хадайнічаў аб азнаямленьні са сваімі ранейшымі сьведчаньнямі, паколькі прайшло каля пяці гадоў. У СК Міхалевічу абяцалі неўзабаве патэлефанаваць і паведаміць, калі можна будзе зь імі азнаёміцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG