Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запісаўся ў тэрарысты? З кім не бывае


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

У нашых «органаў» тэрарысты страху не выклікаюць. Да іх ставяцца «непрадузята».

Ураджэнец Беларусі праўдамі і няпраўдамі атрымаў від на жыхарства ў капіталістычнай краіне, дзе дабрабыт на найлепшым узроўні. Яму далі рабочую прафэсію з добрым заробкам. Ён прыяжджаў дахаты, і былыя аднаклясьнікі яму зайздросьцілі. Нічым жа не вылучаўся, быў як усе! Чаму тады пашанцавала менавіта яму? Тут, бывае, візу ня так проста атрымаць. Ня кажучы: хто табе і як, калі «проста з моста», дазволіць жыць там пастаянна і карыстацца ўсімі капіталістычнымі выгодамі?

Карацей, абранец лёсу. Але яму стала нецікава. Запісаўся ў «добраахвотнікі» «ісламскай дзяржавы». І знайшоў сваю сьмерць. Усё. Больш няма яго… А калі паспрабаваць уявіць іншы варыянт? Хлопец у падзяку за атрыманыя правы запісваецца ў капіталістычную армію і, дапусьцім, трапляе ў групу, накіраваную змагацца з гэтай самай «ісламскай дзяржавай». Яго паранілі, узнагародзілі мэдалём. Пасьля шпіталю ён прыяжджае ў Рэспубліку Беларусь на адпачынак. А яго на мяжы затрымліваюць. Тлумачэньне: нам усё роўна, на чыім баку быў, ты для нас аднолькава вінаваты.

Калі я чытаю сёньня міліцэйскія тлумачэньні, мне робіцца ніякавата. Яны гавораць: ваяваў ва Ўкраіне? Тваю справу накіроўваем у сьледчы камітэт. Нам усё роўна – «ты за белых ці за чырвоных», у нас, хлопцы, «абсалютна непрадузятае стаўленьне», да ўсіх аднолькавае. Ці яны задумваюцца над сваімі словамі? А варта. «Непрадузятае стаўленьне» азначае, што яны ставяць украінскую армію на адну дошку з бандытамі, якія захапілі частку Данбасу.

«Непрадузятае стаўленьне» можна было б апраўдаць толькі адным: што міліцыянты ня ў курсе дзела — што адбываецца ў суседняй Украіне. Канечне ж, ім невядома, што ў гэтай краіне ідзе антытэрарыстычная апэрацыя. Што ўкраінская дзяржава, зь якой у нас дыпляматычныя адносіны (чаго ня скажаш пра «ДНР» і «ЛНР»), змагаецца збройным чынам з сэпаратыстамі. І страціла забітымі сотні вайскоўцаў і добраахвотнікаў.

Нічога не зразумелі?

Паспрабую на іншым прыкладзе. Дапусьцім: не пашанцавала не Ўкраіне, а Беларусі. І нейкая там «днр» існуе на беларускай тэрыторыі. І Менск вымушаны праводзіць антытэрарыстычную апэрацыю. Армія напружыла ўсе свае сілы. А ўлада ў Кіеве заяўляе: нам усё роўна, на чыім баку ўдзельнічаюць украінцы ў баявых дзеяньнях – дапамагаюць Беларусі змагацца з бандытамі ці самі да іх далучыліся.

Няўжо ў нашых «органах» не разумеюць розьніцы?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG