Карабель тыпу «Замволт» даўжынёй 183 мэтры і водазьмяшчэньнем амаль у 15 тысяч тон выйшаў у мора зь верфі ў штаце Мэн для правядзеньня хадавых выпрабаваньняў.
Карабель мае вельмі дзіўную форму з ламаным сылюэтам, якая, па меркаваньнях крытыкаў, можа прывесьці да няўстойлівасьці. Незвычайнага тып корпус, нагадвае караблі стогадовай даўнасьці.
Амэрыканскі часопіс Wired дык увогуле напісаў, што «такая форма нагадвае хутчэй Беларускі дзяржаўны політэхнічны інстытут у Менску (БНТУ — РС), чым баявы карабель». У іранічным артыкуле аўтар таксама піша, што нягледзячы на дзіўную зьнешнасьць, гэты карабель, «трапэцыяпадобная глыба з шэрай сталі», быў пабудаваны ў Bath Iron Works у ЗША, хоць ён «больш нагадвае брутальную Савецкую архітэктуру, чым мінаносец Ваенна-марскіх сіл ЗША».
Новы баявы карабель прызначаны для барацьбы з наземнымі сіламі праціўніка, агнявой падтрымкі з мора і барацьбы з авіяцыяй.
Дзякуючы шырокай аўтаматызацыі, экіпаж складзе 140 чалавек — нашмат менш, чым у ранейшых караблёў падобнага клясу.
Кошт першага карабля новай сэрыі склаў 4,4 мільярды даляраў. Праз высокія выдаткі праграма будаўніцтва была скарочаная з 32 да ўсяго толькі трох мінаносцаў.