Як паведамляе ВВС, новыя санкцыі тычацца стратэгічных ракетных сілаў арміі КНДР, а таксама двух банкаў і трох суднаходных кампаніяў, што, як мяркуюць у ЗША, датычныя да гандлю зброяй.
Стратэгічныя ракетныя сілы КНДР абвінавачваюць у зьдзяйсьненьні некалькіх тэставых ракетных запускаў мінулага году, а суднаходныя кампаніі — у транспарціроўцы незаконнай зброі.
Амэрыканскае казначэйства таксама ўнесла ў санкцыйныя сьпісы кіраўнікоў шэрагу паўночнакарэйскіх банкаў, якія ўжо трапілі пад санкцыі раней.
У прыватнасьці, у «чорныя сьпісы» патрапіў прадстаўнік Банка зьнешняга гандлю КНДР у расейскім Хабараўску, а таксама пяцёра служачых банка Tanchon Commercial Bank.
Санкцыі, у прыватнасьці, замарожваюць любыя амэрыканскія актывы названых фізычных і юрыдычных асобаў. У той жа час невядома, ці маюць яны такія актывы.
Санкцыі таксама забараняюць амэрыканскім грамадзянам і кампаніям удзельнічаць у любых транзакцыях або апэрацыях з названымі паўночнакарэйскімі арганізацыямі.
«Паўночная Карэя пагражае міжнароднаму міру і бясьпецы, пашыраючы сваю ядзерную праграму і працягваючы нарошчваньне зброі масавага зьнішчэньня і канвэнцыйнага ўзбраеньня», — заявіў намесьнік сакратара Дзяржказначэйства ЗША па пытаньнях тэрарызму і фінансавай выведкі Адам Жубін.
Паўночная Карэя ўжо зазнала жорсткія санкцыі з боку шэрагу іншых краінаў і ААН.