Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вэнэсуэле перамагла апазыцыя. Што будзе з праектамі Беларусі?


Нікалас Мадура
Нікалас Мадура

Партыя нябожчыка Ўга Чавэса і дзейнага прэзыдэнта Нікаласа Мадуры прайграла на парлямэнцкіх выбарах у Вэнэcуэле.

16-гадовае кіраўніцтва краінай Сацыялістычнай партыі Вэнэсуэлы падыходзіць да канца. Менск пасьля сьмерці Ўга Чавэса і так аслабіў свае сувязі з Каракасам, цяпер жа яны могуць зусім спыніцца.

Брытанская The Guardian паведамляе пра перамогу правацэнтрысцкай кааліцыі над партыяй дзейнага прэзыдэнта Нікаласа Мадуры. Апазыцыя здабыла 99 месцаў са 167, сацыялісты атрымалі толькі 46, яшчэ 22 месцы дасталіся іншым партыям.

Гэта сур’ёзны палітычны паварот ад 1999-га году, калі Ўга Чавэс абвясьціў пра пабудову «сацыялізму 21-га стагодзьдзя». Аб’яднаная сацыялістычная партыя знаходзілася пры ўладзе 16 год.

«Краіна хацела пераменаў і сёньня яны пачаліся», — заявіў лідэр Круглага стала дэмакратычнага адзінства Хесус Торэальба (Jesus Torrealba).

Пераемнік Чавэса на пасадзе прэзыдэнта, Нікалас Мадура, заявіў аб гатоўнасьці прызнаць вынікі выбараў, але падкрэсьліў, што гэта не азначае канца «Баліварыянскай рэвалюцыі». Таксама Мадура, які быў абраны прэзыдэнтам пасьля сьмерці Чавэса ў 2013-м, сказаў пра тое, што «бітва за сацыялізм толькі пачынаецца».

Беларускія праекты ў Вэнэсуэле: фініта ля камэдыя

Параза на парлямэнцкіх выбарах прыхільнікаў прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадуры, якія пазыцыянуюць сябе спадкаемцамі палітыкі памерлага Ўга Чавэса, можа канчаткова закрыць старонку беларускай прысутнасьці ў гэтай краіне.

Палітычныя і эканамічныя адносіны паміж дзьвюма краінамі трымаліся на асабістым сяброўстве паміж Уга Чавэсам і Аляксандрам Лукашэнкам, якія называлі адзін аднаго няйначай як «братамі». Нягледзячы на геаграфічную аддаленасьць краін, кіраўнікі знаходзілі магчымасьць сустракацца ледзь не штогод. Іх асабістыя кантакты спрыялі актывізацыі гандлёвага абароту: калі на пачатку 2000-х гэтая лічба не перавышала 2 мільёнаў даляраў, то да 2010-га дасягнула амаль 1,5 мільярда. Вэнэсуэла перамясьцілася ў дзясятку найважнейшых зьнешнеэканамічных партнэраў Беларусі.

Вынікам візытаў Аляксандра Лукашэнкі ў Каракас стала падпісаньне кантрактаў на будаўніцтва трох заводаў: па зборцы МТЗ магутнасьцю 10 тысяч трактароў на год, зборачнага заводу МАЗ на 5 тысяч адзінак, зборачнага заводу ў вытворчасьці дарожна-будаўнічай тэхнікі «Амкадор».

Акрамя таго былі вырашаныя пытаньні архітэктурна-будаўнічых праектаў, паводле якіх пры ўдзеле беларускіх спэцыялістаў пачалося будаўніцтва аграгарадкоў, жылых кварталаў і вытворчых аб’ектаў на 10 пляцоўках у розных рэгіёнах Вэнэсуэлы.

На тле чарговага канфлікту з Масквой адбылася рэалізацыя адной з самых авантурных задумаў — дастаўка вэнэсуэльскай нафты і дэклярацыі пра супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сфэры. Калі Расея паспрабавала шантажаваць Беларусь, увёўшы мыта на нафту, Уга Чавэс з Аляксандрам Лукашэнкам дамовіліся, што нафта паедзе ў Беларусь танкерам з Лацінскай Амэрыкі. Праўда, дарагая лягістыка неўзабаве прывяла да адмовы ад такой альтэрнатывы.

У сваю чаргу, Беларусь была абраная вэнэсуэльскім кіраўніцтвам у якасьці каардынатара стварэньня адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны краіны. Меркавалася, што Беларусь атрымае прыбытак у памеры 1 мільярда даляраў і будзе абслугоўваць СПА дзясяткі гадоў. Блізу 500 мільёнаў даляраў у якасьці перадаплаты былі нават атрыманыя і частка зэнітна-ракетных комплексаў «Пячора 2М» у траўні 2012 году былі дастаўленыя праз акіян.

Аднак сьмерць Уга Чавэса ў сакавіку 2013 году адкарэктавала градус міждзяржаўнай актыўнасьці, адбіўшыся і на гандлёвым балянсе, і на кантактах лідэраў. Беларуская прысутнасьць у Вэнэсуэле зьвялася да мінімуму: Нікалас Мадура не валодае такім маральным аўтарытаэм, каб выбіваць грошы зь «дзіравага бюджэту» на адрасныя беларускія праекты.

Цяпер будучыня беларускіх праектаў стала ўвогуле прывіднай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG