Сёлета на Гомельшчыне дзьве з паловай сотні выпускнікоў установаў прафэсійна-тэхнічнай адукацыі, а гэта звыш 5% ад агульнай колькасьці, аказаліся незапатрабаванымі на прамысловых прадпрыемствах, будоўлях і ў транспартных арганізацыях. Такую лічбу падае рэгіянальны Камітэт дзяржкантролю, які вывучаў выкарыстаньне бюджэтных сродкаў на падрыхтоўку кваліфікаваных працоўных кадраў.
Сумнае першынство ў сьпісе незапатрабаваных спэцыялістаў належыць, бадай, Сьветлагорскаму дзяржаўнаму прафэсійнаму ліцэю хімікаў. Тут адразу 33 выпускнікі (адпаведна 33%) адпушчаны ў «вольнае плаваньне» — шукай працу, дзе хочаш.
Паўсотні маладых будаўнікоў (28%) не запатрабаваныя зь мясцовага ліцэю ў Мазыры.
Не нашмат лепшая сытуацыя з працаўладкаваньнем выпускнікоў Гомельскага дзяржаўнага прафэсійнага палітэхнічнага ліцэю, які рыхтуе станочнікаў шырокага профілю, апэратараў станкоў з праграмным кіраваньнем, электрагазазваршчыкаў, сьлесараў. 53 юнакі, альбо 24,3% ад усіх выпускнікоў, не атрымалі гарантаванага першага працоўнага месца. У гэтай сувязі Камітэт дзяржкантролю лічыць, што рэгіянальная ўправа адукацыі неапраўдана выдаткавала 11,7 мільярда рублёў на падрыхтоўку спэцыялістаў масавых прафэсіяў, якім не знайшлося месца ні на прадпрыемствах, ні на будоўлях.
Зрэшты, маладыя спэцыялісты не заўсёды ў захапленьні і ад разьмеркаваньня, якое прапануюць навучальныя ўстановы. Гутарым на гэтую тэму з чацьвёртакурсьнікамі дарожна-будаўнічага каледжу. Літаральна праз два месяцы ім абвесьцяць, куды яны мусяць ехаць працаваць пасьля вучобы.
Яўген, будучы кіроўца і сьлесар-мэханік: «Сказалі, што дрэннае разьмеркаваньне сёлета. Яно ёсьць, але такія месцы — хутчэй за ўсё калгасы нейкія, я так зразумеў. Па вёсках раскідаюць».
Дзьмітры пасьля абароны дыплёму стане дарожным тэхнікам, ву́чыцца на бюджэтнай аснове. Ён ужо зараз заклапочаны пошукам першага працоўнага месца, каб на афіцыйным разьмеркаваньні мець заяўку ад арганізацыі, якая возьме яго на працу:
«Ужо думаю, каб выбіць месца больш-менш нармальнае. Хутчэй за ўсё, падамся дадому, у Лельчыцы. Альбо ў Мазыр паспрабую. На крайняк — пайду на разьмеркаваньне. Кажуць, што сёлета самае кепскае разьмеркаваньне будзе.
Працы асаблівай няма. Раяць кожнаму за сваё месца зубамі трымацца».
Навучэнец Арцём апавядае, што зь ім у інтэрнаце да мінулага лета жыў у адным пакоі хлопец, які вучыўся за ўласныя грошы. Летам скончыў каледж, але працу так і не знайшоў — ніхто ня хоча браць, бо яму хутка ў войска:
«Знаёмы, разам жылі. Ён таксама на нашай спэцыяльнасьць вучыўся, на мэханіка. Яго проста ня хочуць браць, бо ў ягоным ваенным білеце адтэрміноўка ад войска ўсяго на паўгоду. Ня хочуць браць на такі кароткі тэрмін.
Многія шукаюць, шукаюць працу і чакаюць, калі ўжо іх забяруць у войска».
Разьлік у хлапцоў просты — паўтары гады ў войску залічваецца як адпрацоўка па разьмеркаваньні. Яшчэ паўгоду — і ня трэба будзе вяртаць грошы за навучаньне, калі нават і не паехаў на працу туды, куды прызначылі.
Разьмеркаваньне, якое існуе пасьля заканчэньня прафэсійна-тэхнічных вучэльняў, не гарантуе працоўнай занятасьці. Гамяльчук Руслан пасьля тэхнічнай вучэльні працаваў на Гомельскім заводзе ліцьця і нармаляў:
«Зваршчыкам быў на ЗЛіНе. Працы няма. Не было працы — вось і звольніўся».
Ад мінулага красавіка Руслан — беспрацоўны. Цяпер ходзіць у гарадзкі цэнтар занятасьці, але пакуль што безвынікова.