Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што цягне літоўскі бізнэс у Беларусь?


5 сьнежня літоўскі інтэрнэт-партал DELFI надрукаваў артыкул Эдгараса Савіцкаса «Што цягне літоўскі бізнэс у Беларусь?». Думаецца, і нашым чытачам будзе цікава пазнаёміцца зь меркаваньнямі нашых бліжэйшых суседзяў.

У Беларусі некаторыя літоўскія прадпрымальнікі працуюць ужо дзясяткі гадоў. Але ёсьць і пачаткоўцы. Нягледзячы на тое, што мясцовыя ўлады рады, што яны ствараюць працоўныя месцы, адзін факт звычайна замоўчваюць — за тую ж працу ў Беларусі плацяць удвая менш.

Паводле дадзеных Міністэрства сацыяльных спраў і працы Літвы, сярэдні заробак „на паперы“ ў Літве ў 2015 годзе складае каля 714 эўра. Між тым Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі паведамляе, што сярэдні заробак у краіне складае 346 эўра.

Вытворца спартыўнага адзеньня і адзеньня для вольнага часу Audimas працуе ў Беларусі ўжо 10 гадоў. Прадстаўніца кампаніі Інгрыда Рукуйжэне апавяла DELFI, што аддзел кампаніі ў Лідзе невялікі — усяго 100 работнікаў, 60 зь іх — швачкі. Рабочая сіла каштуе столькі ж. Беларусы — нятанная працоўная сіла, — сказала яна. — Заробкі ўсталёўвае рынак краіны, у якой працуем».

Аднак Рукуйжэне не пагадзілася назваць памер заробкаў, сказаўшы, што гэта камэрцыйная таямніца.

Суразмоўца сказала, што галоўная розьніца паміж беларусамі і літоўцамі, якія працуюць у Audimаs, гэта тое, што ў Беларусі працуе больш моладзі.

«У параўнаньні зь Літвой там шмат моладзі, якая хоча працаваць па спэцыяльнасьці. Ёсьць прафэсійныя вучэльні, у якіх рыхтуюць спэцыялістаў. Гэта істотная розьніца, усё астатняе залежыць ад арганізацыі працы», — сказала яна.

Работнікаў дастаткова

Рукуйжэне таксама сказала, што на недахоп работнікаў беларускі аддзел ня скардзіцца. Швачка там — адна з прывабных спэцыяльнасьцяў.

«Аднак трэба прыкладаць нямала намаганьняў для навучаньня работнікаў. Бо шмат людзей прыходзіць са школьнай лавы», — апавяла яна.

Асноўнай прычынай цякучкі кадраў Рукуйжэне назвала тое, што швачкамі працуюць у асноўным маладыя жанчыны.

«Калі яны выходзяць замуж ці нараджаюць дзяцей, даводзіцца шукаць замену. Гэта нармальны працэс, які складае асноўную частку зьмены кадраў», — сказала яна.

У Беларусі, у адрозьненьне ад Літвы, шараговыя жыхары не могуць купіць вырабы Audimаs. Там няма фірмовай крамы.

Будуць вырошчваць індыкоў

Працоўныя месцы ў Беларусі неўзабаве створыць кампанія Arvi. Яна недалёка ад мяжы зь Літвой будуе памяшканьні кампаніі Arvibelagro, дзе працаўладкуе каля 200 чалавек.

«Палова — работнікі адміністрацыі і работнікі фабрыкі, а астатнія — цэхі кармоў і фэрмаў, — апавёў дырэктар новай кампаніі Арунас Бернадзішус. — Асноўная частка працоўнай сілы — мясцовыя жыхары, іх хопіць. Людзі пастаянна прыходзяць у пошуках працы».

Асноўная частка працоўнай сілы — мясцовыя жыхары, іх хопіць. Людзі пастаянна прыходзяць у пошуках працы

Ён таксама расказаў, што ў Беларусі плянуюць стварыць комплексную лінію прадукцыі з індычыны — ад вырошчваньня птушак да ўпакоўкі.

«Будзем гандляваць як мясам, так і прадукцыяй зь яго (каўбасой і г. д., як у Літве)», — сказаў Бернадзішус.

Гаворачы аб адносінах зь беларускімі ўладамі, Бернадзішус сказаў, што яны нармальныя, хоць ёсьць і праблемы.

«Для беларусаў індычына пакуль — экзотыка, як у Літве стравусяціна. У параўнаньні з 2004 годам у Літве, калі была пачата сур’ёзная вытворчасьць індычыны, цяпер у Беларусі падобная сытуацыя — каля 100 г на аднаго жыхара ў год, у Літве цяпер — 2 кг на жыхара. Спадзяёмся і тут на падобны вынік», — сказаў ён.

Літоўцы інвэстуюць больш

Паводле дадзеных пасольства Беларусі ў Вільні, у Беларусі працуе больш за 500 кампаній зь літоўскім капіталам. А ў эканоміку Літвы інвэстуюць каля 250 беларускіх кампаній.

У 2014 літоўцы інвэставалі ў беларускую эканоміку 233 500 000 даляраў ЗША. Гэта на 30,8% больш, чым у 2013 годзе. Непасрэдныя інвэстыцыі літоўскіх прадпрымальнікаў павялічыліся і склалі 190 100 000 даляраў. У Беларусь інвэставалі такія літоўскія кампаніі, як Vakarų medienos grupė, Senukai ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG