Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шаман» пры ўладзе


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Аднойчы да мяне зьвярнуліся зь нечаканым пытаньнем: якія я маю ў арсэнале прыкметы і прымхі?

Я пачаў узгадваць, што мне, так бы мовіць, засталося ў спадчыну ад бабуль. У працэсе размовы патлумачыў, што прыкметы і прымхі для мяне згадка дзяцінства, кшталту «не вынось сьмецьце перад дальняй дарогай, перад паездкай не прыбірай у хаце», яшчэ штосьці... І ня больш за тое.

Узгадаў, што перад тым сам неяк рабіў падобную апытанку на вуліцах Менску. Зьвярнуў увагу, што маладым людзям даводзілася напружвацца, каб штосьці прыгадаць. Перад выхадам у горад паспрабаваў уявіць, якое месца на мапе забабонаў Эўропы займала б Беларусь? Штосьці мне падказвае, што хоць і ня першае, але і не апошняе.

Чым бліжэй ад гораду да вёскі, тым больш вам раскажуць, што, дзе, як, калі рабіць можна, а што – не. У прынцыпе, вы без вялікіх праблемаў знойдзеце людзей, у якіх усё жыцьцё расьпісанае па хвілінах згодна прыкметаў і прымхаў. Прычым, дазнацца, якія зь іх маюць тысячу гадоў гісторыі, а якія ўзьніклі ў працэсе жыцьця носьбіта, будзе досыць складана.

«Думаеце, чаму ДАІшнікі звычайна адпускаюць бацюшку, які парушыў правілы дарожнага руху, – тлумачыць мне знаёмы праваслаўны сьвятар, – не таму, што царкву паважаюць, а таму, што баяцца, што бацюшка іх пракляне!» Так, менавіта –пракляне. Сьвятар. Такое ўяўленьне.

Думаю, дык можа і прывілеі РПЦ Маскоўскага Патрыярхату ў Беларусі зьвязаныя з забабонамі з боку начальства дзяржавы? Як яшчэ можна патлумачыць, што ў сьвецкай краіне, дзе ўсе роўныя перад законам, РПЦ мае столькі бонусаў: і грошы зьбірае па крамах і пераходах, крамы свае паўсюль мае, дый цэрквы ставіць дзе захоча, не кажучы ўжо пра мэдыйную падтрымку дзяржавы.

Да агульнай мапы забабоннасьці Эўропы цікава было б паглядзець інфаграфіку па прэзыдэнтах: хто зьвяртаецца да астролягаў і экстрасэнсаў у справе вырашэньня дзяржаўных пытаньняў? Але такую карцінку мы не пабачым, справа для палітыкаў інтымная. Амаль як сэкс, якім усе займаюцца, але публічна на тэму не распаўсюджваюцца.

Беларускі грамадзка-палітычны аналітык ва Ўкраіне Ігар Тышкевіч неяк заўважыў асаблівасьць украінцаў: пры агульнай непавазе да ўлады, украінцы масава вераць у чарадзеяў. Яны ня вераць, што дзяржаўная ўлада можа ім дапамагчы, затое зьвяртаюцца да неверагоднай колькасьці «шаманаў». Ва Ўкраіне нават асобны «шаманскі» тэлеканал ёсьць.

Калісьці прачытаў: «Той, хто не падтрымлівае традыцыйнае думкі, ня можа дасягнуць статусу лідэра. Чалавек, які добра знаёмы з стэрэатыпамі калектыўнае сьвядомасьці, можа стаць лідэрам гэтае групы».

Мне падаецца, што ў Беларусі ў 1994 годзе перамог «лідэр групы», які, у адрозьненьне ад Украіны, аб'яднаў два ў адным: «шаманізм» і дзяржаўную ўладу. Думаю, многія памятаюць кадры з бабулькамі і цётухнамі, якія ўкленчвалі са сьлязьмі радасьці на вачох, цягнулі рукі і лямантавалі ў экстазе, калі да іх прыяжджаў новаабраны прэзыдэнт.

Агітацыйна-тлумачальныя плякаты і налепкі, улёткі з тэзісамі праграмаў, дэбаты палітыкаў у незалежных СМІ і самі гэтыя СМІ? Не! Чалавек ідзе да экстрасэнса не для таго, каб дыскутаваць, аналізаваць і рабіць уласны выбар. Ён сьлепа верыць кожнаму слову, бо ад пачатку хоча аддаць свой лёс у «надзейныя рукі».

«Гэта глыбокая традыцыя, што ты лезеш са сваімі кпінамі!» – абурана адгукнуўся прыяцель, калі я чарговы раз паіранізаваў з «хрысьціянскасьці» беларусаў, якія на Радаўніцу ладзяць трызны на магілах продкаў. Калі каталіцкія сьвятары даволі даўно, яшчэ «за польскім часам» пачалі жорстка супрацьстаяць паганскім традыцыям, то праваслаўныя ўзяліся за паству адносна нядаўна.

Спалучэньне хрысьціянства і паганства – не праваслаўнае ноў-хаў. Ёсьць мноства варыянтаў, напрыклад у Лацінскай Амэрыцы ці Афрыцы. Вобраз Хрыста арганічна спалучаецца з мясцовымі бажкамі і духамі. Эвангельскае вучэньне камфортна суіснуе ў адной галаве з дамавікамі, лесавікамі, кадукамі, лазавікамі ды іншымі пэрсанажамі этнаграфічнай флёры і фаўны. А прыродны каляндар агародніка? З пакрокавым раскладам жыцьця і працы згодна з «кодэксам прыкметаў».

Хрыстос плюс штосьці. Гэта рэальнасьць для вялікай колькасьці людзей. Магчыма, таму многім іншым цяжка зразумець, як сьвятар можа акрапіць сьвятой вадой ракеты «Града» ці пайсьці добраахвотнікам на дапамогу данбаскім сэпаратыстам. У гэтага сьвятара, як і ў ягонага прыхаджаніна, Хрыстос спалучаецца яшчэ з прадуктам уласнай самаробнай філязофіі. Ці не самаробнай, а прапанаванай кімсьці, але такой простай і зразумелай.

Лідэры-шаманы пануюць шмат дзе, у тым ліку і ў Беларусі. Адна група людзей уважліва слухае, што скажа кіраўнік краіны, спрабуе інтэрпрэтаваць ягоныя словы. Іншыя даўно ня слухаюць, а глядзяць на канкрэтныя ўчынкі. З апошняга: «Рэформаў у нас ня будзе». Але адразу пачынаюцца рухі ў бок якога-ніякога рэфармаваньня.

Шамана-лідэра можа перамагчы толькі іншы шаман-лідэр? Але коштам перазамбаваньня электаральнай групы. А які сэнс, калі прынцыпова ўсё застанецца як было, толькі пад іншымі колерамі?

Два падыходы да рэчаіснасьці суіснуюць у Беларусі і непрыкметна змагаюцца міжсобку. На мой погляд, стэрэатыпы калектыўнай сьвядомасьці зьмяняюцца аніяк не на карысьць ірацыянальнай веры ў дзівосы чараніўнікоў-шаманаў. Наступнаму лідэру трэба думаць, як зводзіць у адно свае словы і ўчынкі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG