Улады Крыму зь 1 сьнежня спыняюць прыём адпачывальнікаў у санаторыі Міністэрства аховы здароўя з-за немагчымасьці арганізаваць ацяпленьне гэтых аб’ектаў. Як паведамляе прэс-служба ўпраўленьня МНС па Рэспубліцы Крым, рашэньне прыпыніць прыём адпачывальнікаў ва ўстановы санаторна-курортнага комплексу было прынятае на паседжаньні апэратыўнага штаба па пытаньнях энэргазабесьпячэньня рэспублікі.
Падставай для забароны таксама стала чаканае ў рэгіёне пахаладаньне.
Намесьнік кіраўніка МНС Расеі Аляксандар Чупрыян заклікаў мясцовыя органы ўлады з разуменьнем паставіцца да сытуацыі і ўносіць у заяўкі на ўсталяваньне дадатковых генэратараў толькі тыя аб’екты і ўстановы, якія сапраўды маюць патрэбу ў электраэнэргіі.
Энэргазабесьпячэньне Крыму з тэрыторыі Ўкраіны было спыненае 22 лістапада пасьля падрыву ў Херсонскай вобласьці чатырох апор ліній электраперадач (ЛЭП), якія вялі на паўвыспу. Пры спробах правядзеньня рамонтных прац паміж праваахоўнікамі і ўкраінскімі актывістамі адбыліся сутыкненьні. У руху «Грамадзянская блякада Крыму» заявілі, што рамонтнікаў не дапусьцяць да ЛЭП да таго часу, пакуль ня будуць вызваленыя затрыманыя актывісты руху.
У адказ на спыненьне паставак электраэнэргіі Расея спыніла пастаўкі вугалю ва Ўкраіну. 27 лістапада міністар энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны Ўладзімер Дзямчышын заявіў, што пры аднаўленьні адной з ліній электраперадач (ЛЭП) у Крым, пастаўкі вугалю з Данбасу і Расеі адновяцца.