Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны прытулак для бяздомных зноў пад пагрозай ліквідацыі


Аляксей Шчадроў
Аляксей Шчадроў

Шчучынскія ўлады пад пагрозай разгону маюць намер зьліквідаваць прытулак для бяздомных у вёсцы Аляксандраўка, які на працягу амаль чатырох гадоў прыватна ўтрымлівае Аляксей Шчадроў.

Паводле Аляксея Шчадрова, адразу пасьля выбараў да іх у прытулак наведаўся ўчастковы і перапісаў усіх пастаяльцаў. І папярэдзіў, што калі прытулак не ліквідуецца самастойна, то гэта будзе зроблена прымусова.

— У нас жа ў краіне павінна ўсё быць толькі выдатна, без усякіх там прытулкаў. Вось выбары прайшлі, прэзыдэнта абралі, і цяпер можна нас штурмаваць. Начальнік міліцыі сказаў участковаму ўсіх перапісаць і пакласьці яму рапарт на стол. Ён казаў, што апавёў начальніку, што тут і КДБ было, і міліцыя. Але той сказаў: каб вас тут нікога не было.

Прычына такога стаўленьня да прытулку, паводле Шчадрова, — тое, што ён не зарэгістраваны і што людзі, якія тут знаходзяцца, ня маюць дакумэнтаў. Шчадроў тлумачыць, што рэгістрацыя ў яго была, але тыя ж улады прымусілі яго правесьці ліквідацыю, а рэгістраваць нанава ня хочуць. Шчадроў кажа, што мясцовае начальства дагэтуль яму коле ў вочы, што ён псуе паказчыкі для раёна і, маўляў, павінен зьехаць у любое іншае месца.

— Яны толькі перашкаджаюць, а самі для гэтых людзей нічога ня хочуць рабіць. Улады ў сельсавеце і ў Шчучыне вельмі незадаволеныя, бо закрыць тую рэгістрацыю, бо яны замучылі нас рознымі праверкамі. Столькі было валакіты, я болей часу аддаваў на паперы, чым займаўся гэтымі нямоглымі людзьмі. І менавіта таму я і закрыў нашу рэгістрацыю і пачаў займацца людзьмі. Няма рэгістрацыі — і праверкі перасталі езьдзіць.

Хата, у якой жывуць бяздомныя
Хата, у якой жывуць бяздомныя

Мы заходзім у вясковы дом. У вялікім пакоі стаяць ложкі, двое пастаяльцаў ляжаць, яшчэ двое глядзяць тэлевізар. Сапраўды, у пакоі чыста і цёпла. Людзі тут пераважна пэнсійнага ўзросту. Спрабую зь імі паразмаўляць, але пра сваё жыцьцё і мінулае ім узгадваць ня вельмі хочацца.

Спадарыня Крысьціна кажа, што жыла ў закінутым хляве ў адной зь вёсак паблізу Сапоцкіна, яе падабралі манашкі, і ўрэшце апынулася тут. У яе няма ні радні, ні дакумэнтаў, пэнсіі не атрымлівае, жыць больш няма дзе.

На побыт у Шчадрова не наракае, кажа, што лепей нідзе і не было. Тут дапамагае прыбіраць у хаце, гатаваць. Іншай працы цяпер няма, бо гароды ўжо пакапалі. Цікаўлюся ў спадарыні Крысьціны — куды яна пойдзе, калі ўлады ўсё ж прымусяць пакінуць прытулак?

Спадарыня Крысьціна дапамагае даглядаць ляжачых хворых
Спадарыня Крысьціна дапамагае даглядаць ляжачых хворых

— Ня ведаю, куды ісьці. Як выганяць, то няхай вязуць дзе хочуць, у мяне нават пашпарта няма. Я раней працавала ў Горадні на ткацкім прадпрыемстве, затым была ў Расеі з мужам, там у сталовых розных працавала. А тут нармальна, крыўды няма: ёсьць дзе спаць, ёсьць дзе паесьці. Мне тут нядрэнна.

А вось спадар Іван кажа, што тут ужо ня першы раз. Яму 72 гады, бадзяецца па сьвеце ня першы год. Але лёс склаўся так, што застаўся зусім адзін, хоць і мае дзяцей. У яго цепліцца надзея, што прытулак усё ж не разгоняць, бо падзецца папросту няма куды.

Івану 72 гады, ён ня мае куды ісьці
Івану 72 гады, ён ня мае куды ісьці

— Чорт іх ведае, а можа не прагоняць, бо куды тут ісьці? Мяне нават у дом састарэлых ня возьмуць, бо ёсьць дзеці жывыя. А яны ня возьмуць, бо была вельмі доўгая гісторыя. Ня ведаю, куды ісьці...

Аляксей Шчадроў заводзіць у пакой, дзе звычайна моляцца ўсе ягоныя пастаяльцы. Кажа, што да іх прыходзіць ксёндз.

— А пакой гэты дапамаглі адрамантаваць вернікі грэка-каталіцкага веравызнаньня. Мітрапаліт Гаек прыслаў людзей, поўны аўтобус яды і адзеньня, за што мы яму вельмі ўдзячныя, — распавядае спадар Шчадроў.

У пакоі, дзе могуць маліцца бяздомныя
У пакоі, дзе могуць маліцца бяздомныя

І ўсё ж цікаўлюся — што зьбіраецца рабіць Аляксей, калі людзей пачнуць прымусова вывозіць?

— Я найперш пагляджу, што мне скажа гэты начальнік міліцыі. Канечне, як звычайна, будуць казаць, што ў вас няма ўмоваў, няма рэгістрацыі, у іх у многіх няма дакумэнтаў. Проста я яму скажу: няхай забярэ гэтых людзей да сябе дахаты і зробіць ім дакумэнты, няхай дапаможа аднавіць грамадзянства, няхай хоць нешта зробіць дзеля гэтых людзей. Бо як нехта робіць, то яны пачынаюць перашкаджаць. Ім лягчэй прыйсьці і гэта ўсё разбурыць, чым нешта стварыць дзеля людзей.

Ляжачы хворы ў прытулку
Ляжачы хворы ў прытулку

Спадар Шчадроў дадае, што такія выпадкі ўжо былі, калі яго пастаяльцаў забіралі і вывозілі. Але яны зноў вярталіся да яго ў прытулак. Мабыць, лічыць Шчадроў, гэта паўторыцца і цяпер.

Паводле Шчадрова, 1 сьнежня споўніцца 4 гады, як існуе прытулак для бяздомных у Аляксандраўцы.

— Праз прытулак прайшло прыблізна 197 чалавек, і 12 у нас памерлі. Але лепей, калі чалавек усё ж памірае ў цяпле, апецы і любові, чым на закінутым гарышчы, у падвале або на звалцы ў сьмецьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG