Праўда, і зь ёю могуць пачацца перабоі: Расея адмаўляецца ад украінскай. Эмбарга ўводзіцца і на харчы з Украіны. Аб гэтым абвешчана наперад, загадзя. Аднак навіны на харчовым фронце літаральна выбухаюць зьнянацку. Стала вядома, што Крэмль адмаўляецца цяпер ад турэцкай кураціны і сьвежай гародніны.
У 1990-я Расею ратавалі курыныя «ножкі Буша». Але колькі злосьці на іх было выліта ў газэтах і «яшчыку»! Ненавідзелі (на словах прынамсі), але жавалі. Бо сваіх ня мелі. Цяпер ім «ножкі Эрдагана» раптам сталі перашкаджаць жыць. А колькі ён прысылаў садавіны, цытрусавых, памідораў-агуркоў! Усё, баста! Ніякай больш турэччыны!
Канечне, забарона прадуктаў з «турэцкага берагу» – спадарожны ўдар, магчыма, не такі моцны, якім можа быць эмбарга на пастаўкі ежы ўкраінскай. Перш, безумоўна, для самой Украіны, на што Расея і спадзяецца.
На гэтым фоне рашэньне ўкраінскага ўраду часова забараніць грузавыя перавозкі цераз адміністрацыйную мяжу паміж Украінай і Крымам выглядае крокам крыху неадназначным. Нібыта варта было б прадаваць свае харчы, пакуль не пачало дзейнічаць расейскае эмбарга. Але, з другога боку, яшчэ ў першай палове верасьня крымскае начальства бадзёра заяўляла, што есьці ўкраінскае яму няма патрэбы, Расея забясьпечвае цераз керчынскую паромную пераправу ўсім неабходным.
Каб не мянціць языком, у Крыме дзейнічалі. Паступалі паведамленьні, што ўкраінцам вярнулі 724 тоны гародніны і садавіны, затым – больш за 850 тонаў. Наступнае паведамленьне: адмовіліся ад 152 тонаў мяса. Гэта датычыла і ўкраінскай малочнай прадукцыі, якой у Крыме, між іншым, не хапала ва ўсе часы.
Ну што гэта за гандаль: калі вяртаюць назад? Куды падзець малако, тварог, памідоры, каўбасу? Ежа псуецца. Значыць, ад такога гандлю толькі страты.
Але каму харчовая вайна, а каму толькі прыбыткі. Абрадаваўся беларус. Паявіліся загалоўкі: «Беларусь падставіць плячо Расеі пасьля ўвядзеньня эмбарга супраць Украіны». І не дапусьцім, каб украінскае сала трапіла на рускі стол праз нашу тэрыторыю, зарапартавалі беларускія начальнікі.
Але ж не! Друг не ацаніў такой «дружбы»: Расея адразу пачала выстаўляць прэтэнзіі беларускім мясакамбінатам. І чым толькі Пуцін зьбіраецца карміць насельніцтва? Можа ў яго ў тайзе мядзьведзяў гадуюць на мяса? Аб кіпцюрах якіх ён нядаўна гэтак турбаваўся.
Але рускаму Івану мала адмовіцца ад украінскага сала. Ён зробіць так, каб сам украінец змог сваё сала падсмажыць хіба што толькі на вогнішчы: абвешчана, што пастаўкі газу Ўкраіне будуць спыненыя.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.