У расейскім Екацерынбургу ў сераду адкрываецца Прэзыдэнцкі цэнтар Барыса Ельцына. У экспазыцыі больш за 30 тысяч экспанатаў і 130 тысяч фатаграфій. Урачыстае адкрыцьцё «Ельцын-цэнтра» мае адбыцца з удзелам прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна і кіраўніка ўраду Дзьмітрыя Мядзьведзева.
Яшчэ ўчора плянаваўся ўдзел у падзеі і Аляксандра Лукашэнкі, але ўвечары ягоная прэсавая служба паведаміла пра скасаваньне візыту Лукашэнкі.
Традыцыя захаваньня гістарычнай спадчыны прэзыдэнтаў зарадзілася ў ЗША ў 1939 годзе пасьля рашэньня прэзыдэнта Франкліна Рузвэльта перадаць у дар фэдэральнага ўраду усе свае асабістыя рэчы і афіцыйныя паперы для арганізацыі гістарычнага архіва.
Напярэдадні адкрыцьця «Ельцын-цэнтру» ў Екацярынбургу Свабода пагаварыла пра Барыса Ельцына са Станіславам Шушкевічам, першым кіраўніком незалежнай Беларусі, і Лявонам Дзейкам, дэпутатам Вярхоўнага Савету XII скліканьня.
Шушкевіч: «Гэта вялікі чалавек і вялікі прэзыдэнт Расеі»
«Ведаеце, я наогул ідэалізую Ельцына, — расказаў Шушкевіч Свабодзе. — З майго гледзішча, ён зрабіў для Беларусі вельмі многа. Ён фактычна як прэзыдэнт Расеі прызнаў незалежнасьць Беларусі, падпісаўшы Белавескія пагадненьні й пасьля ратыфікаваўшы іх у расейскай Думе».
Па словах Шушкевіча, Ельцын мае прамое дачыненьне да таго, што Беларусь стала незалежнай дзяржавай.
«Я асабіста вельмі ўдзячны Ельцыну за тое, што ён зрабіў для Беларусі. Ён казаў так: „Бярыце столькі незалежнасьці, колькі можаце па-людзку асвоіць“. І быў шчыры ў гэтым».
На думку Шушкевіча, нельга наўпрост казаць, што бязь Ельцына не было б беларускай незалежнасьці. Але яго асабістае стаўленьне да Беларусі як да сувэрэннай краіны стварыла спрыяльныя ўмовы й для станаўленьня беларускай дзяржавы.
«Гэта вялікі чалавек і вялікі прэзыдэнт. Дарэчы, ён адзіны па-сапраўднаму абраны прэзыдэнт Расеі. Гэта быў творца, палітык зь вялікай літары, які валодаў мастацтвам немагчымага».
Станіслаў Шушкевіч запрошаны на сьвяточную ўрачыстасьць у Екацерынбург праз Наіну Ёсіфаўну Ельцыну — жонку першага прэзыдэнта Расеі.
Дзейка: «У штабе Ельцына разумелі, што Беларусь павінна быць самастойнай»
Лявон Дзейка ўзгадвае, як аднойчы Ельцын выступаў у Вярхоўным Савеце. Але запомніўся першы прэзыдэнт Расеі не сваімі прамовамі, а дзеяньнямі.
«У многім дзякуючы ягонай палітыцы на пачатку 1990-х гадоў Беларусь атрымала незалежнасьць, — сказаў Дзейка. — У штабе дарадцаў былі аўтарытэтныя людзі, якія былі дэмакратамі ў многіх сэнсах. Яны разумелі, што Беларусь павінна быць самастойнай дзяржавай».
І хоць расейскія імпэрскія погляды ў адносінах да суседніх краінаў ніколі не зьмяняліся, на пачатку 1990-х гадоў, па словах Дзейкі, абстаноўка была абсалютна іншая. Тады на зьмену бязвольнаму й занадта гаваркому Мііхаілу Сяргеевічу Гарбачову прыйшоў Барыс Ельцын — рэальны палітык, які паважаў самавызначэньне былых савецкіх рэспублік.
«Гэта быў чалавек свайго часу, — сказаў Дзейка. — І калі восеньню 1993 году Ельцын мусіў сілавымі мэтадамі падаўляць бунт Вярхоўнага Савету Расейскай Фэдэрацыі, я памятаю, што ўсе мы сачылі за тымі падзеямі зь вялікай трывогай. Мы разумелі: калі Ельцын пацерпіць паразу, стаўленьне да Беларусі будзе значна горшае».
Сёньня, 25 лістапада, у Екацерынбургу адкрываецца Прэзыдэнцкі цэнтар Б.Н. Ельцына («Ельцын Цэнтар»), у рамках якога будуць дзейнічаць музэй, адукацыйны комплекс і бібліятэка.