Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па факце зьбіцьця аднаго з «графіцістаў» узбудзілі крымінальную справу


Яраслаў Ульяненкаў, Максім Пякарскі, Вячаслаў Касінераў. Фота «Нашай нівы»
Яраслаў Ульяненкаў, Максім Пякарскі, Вячаслаў Касінераў. Фота «Нашай нівы»

Фігурант «справы графіцістаў» Вячаслаў Касінераў атрымаў паведамленьне аб узбуджэньні крымінальнай справы па факце нанясеньня менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня падчас яго затрыманьня.

11 жніўня гэтага году Максіма Пякарскага, Вячаслава Касінерава, Вадзіма Жаромскага і Яраслава Ўльяненкава жорстка затрымалі супрацоўнікі спэцыяльнага атрада хуткага рэагаваньня ўнутраных войскаў МУС Беларусі. У выніку Вячаслаў Касінераў трапіў у лякарню са зламанай сківіцай.

Паводле Вячаслава Касінерава, праз два-тры тыдні пасьля таго, як яго выпусьцілі зь лякарні, на зламаную сківіцу ўсё яшчэ была накладзена шына. Вячаслава выклікала сьледчая Грамадзкая, якая вельмі доўга і падрабязна распытвала, як адбывалася затрыманьне.

«Рознымі намёкамі спрабавалі вывесьці мяне на тое, што, мажліва, мяне выпадкова зачапілі, калі адчынялі дзьверы, ці, можа, я недзе там пасьлізнуўся і зламаў сківіцу аб лесьвіцу, ці, можа, я ўжо сядзеў у хаце са зламанай сківіцай і чакаў налёту. Вядома, што ўсё было інакш, і я гэта падрабязна адзначыў. Як потым аказалася, на момант размовы сьледчыя ўжо агледзелі аўтобус, у якім мяне перавозілі, і там нібыта знайшлі маю кроў, а мне нават абяцалі зрабіць вочную стаўку з тым супрацоўнікам, які мяне зьбіваў. Але потым усё заціхла на месяцы. І вось літаральна на днях прыйшло паведамленьне пра тое, што ўсё ж такі крымінальная справа ўзбуджана», — распавёў spring96.org Вячаслаў Касінераў.

Цяпер Вячаслаў Касінераў хоча падаць хадайніцтва аб тым, каб справу перакваліфікавалі, бо ён ня згодны, што нанесеныя былі «менш цяжкія» цялесныя пашкоджаньні.

«Больш за месяц я ня мог нармальна есьці, і лічу, што гэта трэба кваліфікаваць як цяжкія цялесныя. У мяне дагэтуль застаецца пагроза інваліднасьці, вось нядаўна было запаленьне», — распавёў Вячаслаў.

Павел Сапелка
Павел Сапелка

Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка адзначае, што ступень цяжкасьці цялесных пашкоджаньняў вызначае экспэрт на падставе ўсебаковага дасьледаваньня ўсіх акалічнасьцяў, зьвязаных з траўмай:

«Таму да заключэньня экспэрта даваць якую-небудзь ацэнку рана. Аднак, на мой погляд ёсьць нашмат больш важная акалічнасьць, якую варта ўлічваць: цялесныя пашкоджаньні прычыненыя супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананьні ім сваіх абавязкаў пры абставінах, якія сьведчаць аб наяўнасьці прыкметаў службовага злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК — перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў. І, адпаведна, наўмыснае зьдзяйсьненьне службовай асобай дзеяньняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучаных з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю».

Графіці, за якое пацярпелі маладыя людзі
Графіці, за якое пацярпелі маладыя людзі

11 жніўня пяцёра хлопцаў былі затрыманыя ў Менску за беларускамоўныя графіці. Іх падазраюць па трох крымінальных справах: дзьве — за тое, што нібыта нанесьлі беларускамоўныя графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», трэцяя — за тое, што нібыта запэцкалі фарбай сацыяльны бігборд з выявамі супрацоўнікаў міліцыі. Сьледчы камітэт прад’явіў Максіму Пякарскаму, Вячаславу Касінераву і Вадзіму Жаромскаму абвінавачаньні паводле ч. 2 арт. 339 — «Хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў». Тэрмін папярэдняга сьледзтва працягнуты да 30 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG