У Жлобіне мясцовая міліцыя амаль паўсутак трымала ў пастарунку двух маладых гараджанаў, якія мінулай ноччу на Палявой вуліцы напісалі фарбай на асфальце «Жыве Беларусь!». Аптымістычны лёзунг яны паўтарылі зь дзясятак разоў — цягам чатырохсот мэтраў.
Грамадзкі актывіст Анатоль Папоў паведаміў, што падвечар і Аляксандра, і Тараса — так завуць маладых хлапцоў — адпусьцілі.
Супраць Аляксандра Е. складзены адміністрацыйны пратакол — яму пагражае штраф. Тарас прадстаўлены ў гэтай гісторыі сьведкам. Камунальнікі за гэты час пасьпелі зафарбаваць чорнай масьцікай дарожнае графіці.
Жыцьцесьцьвярджальным надпісам на асфальце маладыя гараджане адгукнуліся на папярэднюю інфармацыю пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.
Па сьведчаньні назіральнікаў, 11 кастрычніка пасьля галасаваньня і «прычашчэньня» ў буфэтах таннай гарэлкай, некаторыя гараджане высьвятлялі, які кандыдат у прэзыдэнты лепшы. Да прыкладу, каля ўчастку № 29, які месьціцца ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе БМЗ, мужчына нападпідку пагражаў прыхільніку Тацяны Караткевіч «перагрызьці горла». З дапамогай міліцыі і грамадзкасьці яго ўдалося супакоіць. Міліцыя аднак нікога не затрымлівала.