Дэпутат мясцовай рады ва ўкраінскім Цярнопалі ад «Самапомачы» Юры Штапко, які бярэ ўдзел у Сусьветным форуме за дэмакратыю ў Страсбуры, расказаў Свабодзе, як бачыць сытуацыю ў Беларусі і чаму лічыць, што беларусы задаволеныя Лукашэнкам.
— Cпадар Юры, вы сталі дэпутатам зусім нядаўна. Чым вы яшчэ займаецеся?
— Я сам мэдыйнік, выдаю мясцовую газэту, таксама ёсьць сайт. Сёньня пагаварыў зь беларусамі на тэму свабоды слова. На жаль, магу адзначыць, што ў параўнаньні зь Беларусьсю ў нас нашмат больш свабоды і дэмакратыі ў гэтай сфэры. Свабода слова выяўляецца ва Ўкраіне, і ніякіх перашкодаў для «белай» ці незалежнай прэсы няма. Праўда, бывае ціск, але мы на яго проста не зьвяртаем увагі.
Чаму атрымалася такая сытуацыя ва Ўкраіне? Таму што вельмі шмат нацыянальнасьцяў, поглядаў. Захад глядзеў на Эўропу, усход — на Расею, крымскія татары ў Крыме таксама хочуць мець сваю тэрыторыю і сваю дзяржаўнасьць. Таму ў нас і выйшла тая праблема, якая працягваецца і сёньня.
Ідуць баявыя дзеяньні — гэта зьвязана з тым, што мы вельмі залежныя ад Расеі. Зацішша, якое назіралася перад выбарамі, калі амаль спыніліся перастрэлкі, пачаўся сапраўдны адвод тэхнікі, назіралася замірэньне, — гэтага зацішша больш няма. Як толькі выбары скончыліся, зноў пачалі страляць і зноў аднавіліся баявыя дзеяньні.
— Якім чынам можа скончыцца канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай?
— Ён будзе яшчэ вельмі доўга цягнуцца, пакуль ня вырашыцца геапалітычнае пытаньне. Украіна стала разьменнай манэтай паміж Расеяй і Эўразонай. Я ня веру, што нас возьмуць у Эўразьвяз — ня можа быць мяжа Эўразьвязу з Расеяй. Таксама я лічу, што ніколі ня стала б таго, што адбылося з Луганскам і Данецкам, калі б яшчэ ў Крыме пачалася вайсковая абарона тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.
— Шмат беларусаў падтрымліваюць Украіну, ёсьць добраахвотнікі, якія змагаюцца ў зоне АТА. Ці важная гэтая падтрымка?
— Гэта вельмі важна. Мы таксама падтрымліваем Беларусь. І адчуваем падтрымку ад вас, з суседняй Беларусі. Таксама добра, што былі рэзкія заявы ў падтрымку Ўкраіны з боку прэзыдэнта Лукашэнкі — для яго гэта вялікая рызыка. Мы разумеем, што вы залежныя ад Расеі, таму што мы таксама залежныя ад яе. Але таксама мы глядзім на ты дзеяньні, якія робіць Лукашэнка. У вас выдатныя дарогі, танныя і вельмі якасныя прадукты харчаваньня. Я лічу, што калі б нешта беларусаў не задавальняла ў дзеяньнях улады, яны б ужо даўно зрабілі не адзін майдан.
— Якім вы бачыце шлях Беларусі да свабоды і дэмакратыі?
— Усё будзе залежаць ад новых маладых эліт, якія глядзяць на Эўропу, на дэмакратычныя краіны, досьвед якіх вы можаце пераймаць. Можна нешта праектаваць, але насамрэч усё залежыць толькі ад людзей.
Калі большасьць людзей будуць аднадумцамі і будуць глядзець на Эўропу, тады пачнуцца зьмены. Калі нешта не задавальняе па працы прэзыдэнта ці ўраду, то гэта павінен сказаць народ, але гэты народ павінен глядзець у адзін бок — альбо ў Эўропу, альбо ў Расею.