Якія новыя пагрозы для Беларусі ўзьнікаюць у сувязі з падзеямі ў Парыжы? На пытаньне карэспандэнта Свабоды адказаў кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсені Сівіцкі.
— Сёньня нельга казаць, што перад Беларусьсю існуе відавочная тэрарыстычная пагроза з боку тэрарыстычных арганізацыяў, гэткіх, як «Ісламская дзяржава» ці «Аль-Каіда». Але гэта ня значыць, што няма рызыкаў. Праз тэрыторыю Беларусі праходзяць як каналы нелегальнай міграцыі з Цэнтральнай Азіі, гэтак і канал наркатрафіку, які пачынаецца ў Аўганістане і таксама праходзіць праз Цэнтральную Азію. Таму можна прагназаваць, што як толькі ваенна-палітычная сытуацыя там будзе пагаршацца, патокі нелегальных мігрантаў з Цэнтральнай Азіі, як і патокі, зьвязаныя з крыміналам, перш за ўсё наркапатокі, будуць павялічвацца. У тым ліку і праз тэрыторыю Беларусі. І вось гэта падвышае рызыкі пранікненьня на тэрыторыю Беларусі як прадстаўнікоў тэрарыстычных арганізацыяў, гэтак і крымінальных груповак.
Але на сёньняшні дзень такой актыўнай пагрозы для Беларусі з боку тэрарыстычнага інтэрнацыяналу не існуе.
Беларусь не прымае ўдзелу ў антытэрарыстычнай кааліцыі супроць «Ісламскай дзяржавы» на Блізкім Усходзе, хоць ускоснае дачыненьне як бы мае, бо яна галоўны ваенна-палітычны хаўрусьнік Расеі, якая цяпер вядзе ў Сырыі сваю ваенна-паветраную апэрацыю. Мы фармальна гэтыя дзеяньні Расеі падтрымліваем на міжнароднай арэне. Але ня думаю, што гэтая падтрымка можа прывесьці да таго, каб Беларусь трапіла ў сьпіс цэляў тэрарыстаў.
— Расея можа стаць аб’ектам тэрарыстычнай атакі ў адказ з-за свайго ўдзелу ў вайне ў Сырыі. У Беларусь з-за адсутнасьці сапраўднай мяжы з Расеяй патэнцыйным тэрарыстам лёгка пранікнуць. Ці можна выключыць, што яны праявяць сябе ў Беларусі?
— Усё ж ня думаю, што тэрарысты, якія зьвязаныя з «Аль-Каідай», з «ІДзІЛ» ці іншымі структурамі, будуць прадпрымаць тэрарыстычныя атакі супроць Беларусі. Гэта ня толькі небясьпечна, але найперш ня ў іх інтарэсах, бо Беларусь мяжуе з краінамі Эўразьвязу, і яе, хутчэй за ўсё, будуць выкарыстоўваць як пляцдарм для пранікненьня на гэтую тэрыторыю. А з улікам таго, што Беларусь мае даволі разьвітую лягістычную сетку, у тым ліку авіязносіны з краінамі Блізкага Ўсходу, з Турэччынай, гэта таксама спрыяе таму, каб Беларусь больш выкарыстоўвалі ў транзытных мэтах.
Усе гэтыя рызыкі актуалізуюцца ў тым выпадку, калі сур’ёзна абвастрыцца ваенна-палітычная сытуацыя ў Цэнтральнай Азіі. Што такі працэс ідзе, можна сьцьвярджаць у сувязі з дэградацыяй становішча ў Аўганістане. Там і «Талібан» і «ІДзІЛ» паводзяць сябе ўсё больш актыўна, нават можна назіраць сур’ёзныя баі на таджыцка-аўганскай мяжы. А Таджыкістан — сябра АДКБ, то бок гэта сыгнал таго, што канфлікт пачынае тычыцца і постсавецкай прасторы. Таму сапраўды, як толькі там сытуацыя сур’ёзна пагоршыцца і гэта выкліча патокі нелегалаў і наркатрафіку, то варта чакаць спробаў пранікаць і на тэрыторыю Беларусі праз празрыстую мяжу з Расеяй.
— Ці ёсьць, на вашу думку, у самой Беларусі нейкія радыкальныя сілы, якія могуць актывізавацца ў сувязі з падзеямі ў Парыжы?
— Падставаў для таго, каб тут фармаваліся ячэйкі ісламісцкага толку, на маю думку, няма, у тым ліку няма такіх традыцыяў. Па-другое, тут не такая вялікая колькасьць мусульманскіх вернікаў, да таго ж яны ўсё ж такі ўключаныя ў сацыяльна-эканамічную тканку беларускага грамадзтва. Таму проста няма падстаў для ўзьнікненьня такіх радыкальных і буйных ячэек, як сталася ў краінах Эўразьвязу, перш за ўсё ў Францыі і Нямеччыне.
Але гэта ня значыць, што зусім не існуе выклікаў з боку розных тэрарыстычных груповак, якія грунтуюцца не на рэлігійнай ідэалёгіі.
Перш за ўсё гэта праварадыкальныя і леварадыкальныя ідэалёгіі. На жаль, Беларусь мае жахлівы досьвед у тым ліку тэрарыстычных атакаў з боку прадстаўнікоў гэтых ідэалёгіяў. Такая пагроза існуе і цяпер, прычым у сёньняшнім сьвеце ад гэтай тэмы ніхто не застрахаваны. Тут усё залежыць ад таго, якім чынам нашы спэцслужбы будуць рабіць сваю працу, наколькі яны падрыхтаваныя.
На жаль, досьвед 2011 году і ранейшых гадоў сьведчыць пра тое, што спэцслужбы зусім не падрыхтаваныя да такіх рызыкаў.
Маю на ўвазе і тэракт у мэтро, і ранейшыя падзеі на сьвяце незалежнасьці. Гэтыя сыгналы сьведчаць пра тое, што цалкам трэба рэфармаваць сыстэму забесьпячэньня бясьпекі ў краіне, у тым ліку ад такіх пагрозаў.