Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: Сёньня ня час Вацлава Гаўла, а час Пуціна, Лукашэнкі, час сілы


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Нобэлеўскі ляўрэат Сьвятлана Алексіевіч пракамэнтавала ў інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода сытуацыю вакол тэрактаў у Парыжы.

РС: Тэракты ў Парыжы ўскаланулі ўвесь сьвет. Як вы ацэньваеце гэтыя падзеі? Чаму мішэньню стала менавіта Францыя?

Сьвятлана Алексіевіч: Я думаю, што тое, што адбылося ў Парыжы — гэта толькі пачатак. Насамрэч «ІДзІЛ» аб’явіла ўсім вайну. І гэта ўжо было ў Расеі. Бо катастрофа над Сынаем — гэта тэракт. Эўропа, Расея, якая таксама ўступіла ў гэтую вайну, павінна быць гатова да выкліку, які зрабіў ісламскі сьвет. Нас чакаюць новыя страты, новыя катастрофы. Гэта зусім відавочна, паколькі эўрапейская кааліцыя аб’дналася, Расея ўступіла. А яны там ужо бездапаможныя, таму яны будуць дзейнічаць партызанскімі, тэрарыстычнымі мэтадамі. А тут мы зусім бездапаможныя перад вар’яцтвам адзіночак. Сучаснае грамадзтва ўразьлівае перад адзіночкамі. І гэта будзе ланцуг адзіночак і сьмяротнікаў. Наогул, гэта новая форма вайны. І насамрэч сутыкнуліся дзьве цывілізацыі, два сьветы.

РС: Як гэтыя тэракты могуць паўплываць на сытуацыю ў сьвеце? Ці можа Эўропа адмовіцца ад дэмакратычных каштоўнасьцяў дзеля бясьпекі?

Алексіевіч: Так, гэта вялікі выклік эўрапейскаму сьвету, эўрапейскім каштоўнасьцям. Пра гэта заўсёды кажа Мэркель. Зь іншага боку, Эўропа, асабліва Германія, прымае такую вялікую колькасьць уцекачоў. Я сама бачыла як гэта адбываецца, як людзі гатовыя дапамагчы. У той жа час аказваецца, што сярод тых, каго прынялі, выяўляюцца тэрарысты. Для звычайнай сьвядомасьці вельмі цяжка прыняць усё гэта. Эўропа будзе супраціўляцца, там вельмі моцны сьвет эўрапейскіх каштоўнасьцяў Але гэта выпрабаваньне, вядома.

РС: А як гэта будзе ўплываць на Расею, ці будзе мяняцца палітыка Пуціна?

Алексіевіч: Палітыка Пуціна сёньня пабудавана на пазыцыі сілы. Сьвет не заўважыў, як Расея пераўзброілася, мае добрае войска, новую зброю. Мая апошняя кніга называецца «Час сэканд-хэнд». Мы зноў вярнуліся да сьвету са зброяй. Зноў зброя ўсё вырашае. Я лічу, што трэба змагацца з ідэямі, а не забіваць людзей. Але сэканд-хэнд поўны — сьвет вярнуўся да мінуўшчыны. Я асьцерагаюся, што гэта будзе вайна ня ў звыклай форме, а ў форме адзінкавых партызанскіх вылазак. Але партызанства будзе распаўзацца па ўсім сьвеце. Нядаўна я ляцела з Парыжа, і нейкі халадок, ужо ўсяму не давяраеш. Побач сеў юнак арабскай зьнешнасьці, ува мне, даволі талерантнай беларусцы, зьявіўся недавер. Ён усьміхаецца, а ў мяне недавер. І я разумею, што мы ўсе нясем вось гэтыя страты. Хаця ў мяне вельмі многа сяброў сярод мусульманаў, вельмі адукаваных, цікавых людзей. Але калі пераможа барбарскі мусульманскі сьвет, то яны падуць першымі ахвярамі, яны гэта цудоўна разумеюць. То бок мы стаім перад новымі выклікамі.

РС: А тое, што рабіла Расея ва Ўкраіне, анэксія Крыму, акупацыя Данбасу, ці можа гэта быць стымулам для такіх дзеяньняў, якія здарыліся ў Парыжы?

Алексіевіч: Там больш складана, бо Данбас — гэта бліцкрыг, які не атрымаўся. Як аказалася, гэта значна складаней. Ну разьвязалі грамадзянскую вайну, але сьвет выступіў супраць, і Ўкраіна гэта не прыняла. То бок тое, на што спадзяваліся, не адбылося. Таму і Сырыя ў тым ліку, гэта вырашаюцца нейкія вялікія геапалітычныя праблемы. Але я не палітык і я магу толькі здагадвацца і казаць, што мы сталі жыць у іншым сьвеце. і ўжо перасталі давяраць адно аднаму. Калі вас правяраюць ад і да, то я не разумею як на стадыён можна пранесьці аўтамат Калашнікава? Прычым стадыён недалёка ад таго месца, дзе знаходзіцца рэзыдэнцыя прэзыдэнта Францыі. А ў той жа час, у мяне забіраюць крэм, тонік... То бок сьвет не гатовы супраціўляцца гэтай новай форме вайны. І калі яны там перабіралі мой чамадан, гэта дзіўна выглядала на фоне таго, што адбылося.

Ісламская дзяржава
Ісламская дзяржава

РС: Як падзеі ў Парыжы будуць уплываць на Беларусь, на яе дачыненьні з Эўропай. Здаецца як заўсёды Лукашэнка выйграе ад такой сытуацыі.

Алексіевіч: Ён і цяпер выйграе. І тое, што Лукашэнка кажа, што рэформаў ня будзе, гэта тое, што кажа мой сусед у вёсцы Пётар Сільвэстравіч. Ён кажа тое, што кажа народ, у Лукашэнкі вялікае чуцьцё. У выніку мы спазьняемся, хаця мы і так нацыя, якая спазьняецца. Усё больш страху — і Майдан, і Данбас, і Сырыя, і цяпер Парыж. Я думаю, гэтыя фактары згуртуюць людзей вакол прэзыдэнта. Тым больш ён дэманструе тып кіраўніка культу сілы, упэўненасьці такой і, я думаю, ён далей гэта будзе дэманстраваць. І народ будзе аб’ядноўвацца менавіта вакол такіх лідэраў. Бо сёньня ня час Вацлава Гаўла, а час Пуціна, Лукашэнкі, час сілы. І гэта, як мастак, я ўспрымаю як паразу, але спадзяюся, што гэта часовае.

РС: Ці можа Эўропа ісьці на нейкія саступкі такім, як Лукашэнка?

Алексіевіч: Я думаю, што ў Эўропе гэтыя саступкі мала рэальныя. Там ня так лёгка ўраду зрабіць нейкі жорсткі крок. Тут Лукашэнка вырашыў, раніцай падпісаў указ і ўсё. Там гэта ўсё грамадзтва абмяркоўвае вельмі доўга, розныя партыі, рухі, розныя лідэры. Я тры гады жыла ў Парыжы, я гэта ведаю. Ня так проста з пазыцыі сілы зрабіць нейкія рэчы. Вось Пуцін гэта можа зрабіць. У Эўропе гэта ня так лёгка. І потым людзі выхаваныя ў іншым духу. Я бязь сьлёз не магла глядзець, калі яны ідуць, твары ў крыві і сьпяваюць «Марсэльезу». Яны ж не крычаць нейкія словы нянавісьці. Яны кажуць не. Мы не здадзімся, мы не аддамо тое, што ў нас ёсьць. Менавіта нашы каштоўнасьці найперш.

РС: А вам не хацелася б апісаць гэта ў новай кнізе?

Алексіевіч: Усё, што я хацела, я зрабіла за гэтыя амаль 40 гадоў. Гісторыя чырвонай утопіі — гэта была мая ідэя. А так я не журналіст. Тое, што вы мне прапануеце, — журналісцкі падыход да асьвятленьня падзей. Тое, што я зразумела пра дабро і зло менавіта на глебе рускага бальшавізму, я гэта зрабіла.

[Пры перадруку актыўная спасылка на сайт Радыё Свабода абавязковая]

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG