Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея часткова прызнала абвінавачваньні ва ўжываньні допінгу лёгкаатлетамі


Тэхнік рыхтуе ўзор для выпрабаваньняў на Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, 23 верасьня 2009 году
Тэхнік рыхтуе ўзор для выпрабаваньняў на Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, 23 верасьня 2009 году

Расея дала Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацыяў (ІААF) афіцыйны адказ на абвінавачваньні ў шырокім ўжываньні допінгу.

«Мы пагадзіліся зь некаторымі пазыцыямі. У той жа час мы патлумачылі, што ўсе гэтыя парушэньні адбыліся пры старым кіраўніцтве Ўсерасейскай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі некаторы час таму», — сказаў дзейны кіраўнік расейскай лёгкай атлетыкі Вадзім Зелічонак.

На экстраным пасяджэньні 13 лістапада ІААF разгледзіць пытаньне аб прыпыненьні ўдзелу расейскіх лёгкаатлетаў у міжнародных спаборніцтвах з-за допінгавага скандалу. Калі такое адбудзецца, гэтыя спартсмэны могуць прапусьціць Алімпіяду 2016 году ў Рыа-дэ-Жанэйра.

У дакладзе, падрыхтаваным WADA, сьледчыя назвалі выкарыстаньне забароненых прэпаратаў у расейскім спорце «культурай, якую падтрымлівае дзяржава».

«Няма прычынаў лічыць, што лёгкая атлетыка зьяўляецца адзіным відам спорту ў Расеі, у якім адбывалася ўжываньне допінгу», — гаворыцца ў дакладзе.

Абвінавачваньні ва ўжываньні допінгу ў лёгкай атлетыцы, а таксама пэрспэктыва таго, што расейскія спартсмэны могуць быць адхіленыя ад Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра ў наступным годзе, гэта самы вялікі спартыўны скандал, які адбыўся ў Расеі за апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў.

Большая частка абвінавачваньняў у дакладзе тычыцца лябараторыі ў Маскве, якая тэставала спартсмэнаў на прадмет наяўнасьці забароненых прэпаратаў. У дакладзе сьцьвярджаецца, што лябараторыя зьнішчыла ўзоры, нягледзячы на тое, што WADA патрабавала захаваць іх, і супрацоўнікі бралі хабар ад спартсмэнаў або трэнэраў у абмен на ўтойваньне тэстаў на допінг, якія паказвалі станоўчы вынік. Расейскія ўлады заявілі, што сама WADA папрасіла іх зьнішчыць ўзоры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG